Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандра Скрабец: "Для мяне самы цяжкі час -- гэта субота і нядзеля"


Ўладзімер Глод, Менск Сёньня роўна тры месяцы і тыдзень з таго дня, як быў затрыманы былы кіраўнік дэпутацкай групы "Рэспубліка" у Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня Сяргей Скрабец. З жонкай экс-парлямэнтара -- Аляксандрай Скрабец размаўляе карэспандэнт "Свабоды"

(Карэспандэнт:) "Спадарыня Аляксандра, як Вы цяпер пачуваецеся бяз мужа?"

(Аляксандра Скрабец:) "Вельмі дрэнна. Ва ўсіх сэнсах, у якіх можа адчуваць сябе дрэнна жанчына, якая засталася бяз мужа. Матэрыяльна, маральна... Перадусім, мабыць, маральна...".

(Карэспандэнт:) "Аляксандра, я некалькі разоў з калегамі-журналістамі быў у вашым доме яшчэ тады калі Сяргей знаходзіўся на волі. І тады мы заўважылі, што дзьверы вашыя былі адчыненыя: у кватэры зьбіраліся сябры Сяргея, знаёмыя, было шумна, весела. А як цяпер? Ці адчуваеце Вы розніцу: быў Сяргей -- былі сябры, Сяргея пасадзілі за краты -- сябры зьніклі?"

(Аляксандра Скрабец:) "Атрымліваецца так. Бліжэй да таго, што няма мужа -- няма і сяброў. Час ад часу, рэдка, хтосьці патэлефануе, гаворыць: калі што патрэбна, зьвяртайся. Спытаюцца: як Сяргей? якія навіны? І ўсё".

(Карэспандэнт:) "А штосьці больш канкрэтнае? Мабыць жа разумеюць, што адвакатам трэба плаціць, перадачы насіць, у Берасьце давялося паезьдзіць... Можа хто грошы прапаноўваў?"

(Аляксандра Скрабец:) "Не такіх прапановаў не было наагул. Мяне падтрымліваюць мае родныя зь вёскі: і матэрыяльна, і маральна. І харчамі, і грашыма. Дапамагае, перадусім, мая радня".

(Карэсапндэнт:) "А як рэагуюць на ўсё вашы калегі-дактары?"

(Аляксандра Скрабец:) "Дарэчы, з паразуменьнем ставяцца. Калі патрэбна мяне дзесьці падмяніць-замяніць, дык нават самі прапануюць: ты не хвалюйся, мы зробім...".

(Карэспандэнт:) "У вас двое дзяцей, як кажуць, юнацкага ўзросту. Як сын Мікалай і дачка Натальля ставяцца да бацькі? Не асуджаюць яго?"

(Аляксандра Скрабец:) "Тое, што яны Сяргея ня асуджаюць, ня лаюць -- гэта адназначна. Але яны неяк надзвычай хутка сталі дарослымі...".

(Карэспандэнт:) "Аляксандра, а як Вы цяпер праводзіце свой вольны час? Чым займаецеся?"

(Аляксандра Скрабец:) "Я пераважна з бацькамі, альбо езжу на лецішча да цёці. Сяброўкі часта клічуць: паехалі да мяне на лецішча... Таму што для мяне самы цяжкі час -- гэта субота і нядзеля, калі ведаеш, што ніякіх навінаў ня будзе. І яшчэ я хачу сказаць, што часам падтрымка прыходзіць ад тых людзей, ад якіх яе не чакаеш. І гэта вельмі хвалюе, гэта вельмі кранае".

Нагадаем, што экс-парлямэнтар быў затрыманы 15 траўня каля свайго дому ў Менску, у той жа дзень яго адвезьлі ў Берасьцейскі сьледчы ізалятар. Там на знак пратэсту ён абвясьціў галадоўку, якая цягнулася амаль 40 дзён. Пасьля таго, як рэспубліканская пракуратура аб''яднала дзьве справы былога дэпутата – выманьваньне крэдытаў у дзяржавы і падбухторваньне да дачы хабару – у адну справу, сьледчы ў асабліва важных справах Вячаслаў Цераховіч вырашыў перавезьці арыштанта ў Менск.

Летам 2004 году Сяргей Скрабец удзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў, якія патрабавалі дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Летась у кастрычніку ён зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі з просьбай аб палітычным прытулку, аднак атрымаў адмоўны адказ. Сёлета ў красавіку Беларускае тэлебачаньне сьцьвярджала, што спэцслужбы затрымалі кур’ера, які вёз зь Вільні 200 тысяч даляраў – нібыта для фінансаваньня палітычнай дзейнасьці Сяргея Скрабца.
XS
SM
MD
LG