Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя праводзіць сустрэчы ў “дэпрэсіўных” раёнах


Алесь Дашчынскі, Менск Завяршаецца вылучэньне дэлегатаў на Нацыянальны кангрэс дэмсілаў, які павінен абраць адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі на выбарах 2006 году. Паводле аргкамітэту, засталося правесьці яшчэ амаль 40 раённых сходаў, зь іх прыкладна 20 у так званых "дэпрэсіўных" раёнах, дзе апазыцыйныя структуры менш моцныя. Ці ўдаецца апазыцыі актывізаваць гэтыя раёны?

Аргкамітэт кангрэсу прыняў рашэньне памяняць умовы правядзеньня сходаў у так званых "складаных" раёнах. Раней для вылучэньня двух дэлегатаў на сход мусіла сабрацца ня менш за 25 чалавек. Цяпер, пры кворуме 13 чалавек, сход ужо мае права абраць ад раёну аднаго дэлегата. Да прыкладу, паводле такога сцэнару адбыўся сход у Капылі на Меншчыне. У Касьцюковічах на Магілеўшчыне на сход прыйшло меней за 25 чалавек. Аднак мясцовыя актывісты вырашылі яго перанесьці, каб усё ж сабраць неабходны кворум для абраньня двух дэлегатаў ад раёну.

Паводле старшыні аргкамітэту кангрэсу дэмсілаў Аляксандра Бухвостава, працаваць цяпер стала цяжэй.

(Бухвостаў: ) "Мы прайшлі вяршыню, мы прайшлі раёны, дзе актыўная апазыцыя, і наблізіліся да тых, дзе сілы больш разьяднаныя. Гэта раёны, якія знаходзяцца ў паўсонным стане ці наагул адыйшлі ад справаў. Гэта зьвязана з тым, што палітычныя партыі там не працавалі, а мясцовы актыў крыху застыў. Добра, што мы пачалі сходы праводзіць, хоць паезьдзім па раёнах і паспрабуем разбудзіць людзей. Гэта праца вельмі карысная, хаця ў нас няма рэсурсаў, каб некалькі разоў езьдзіць у гэтыя раёны. Акрамя таго, перашкаджаюць улады. Напрыклад, ва Ўшачах Віцебскай вобласьці на мясцовых актывістаў наехалі органы, і яны, наагул, лютуюць у Гомельскай вобласьці: выклікаюць арганізатараў і пачынаюць іх прапрацоўваць ".

У той дзень, калі паводле графіку ў Лоеве меўся адбыцца сход для вылучэньня дэлегатаў на кангрэс, міліцыя затрымала актывістаў АГП Уладзімера Кацору і ПКБ Уладзімера Сякерку - нібыта за парушэньне "памежнага рэжыму". 25 жніўня спадары Кацора і Сякерка павінны зьявіцца ў гомельскі памежны атрад для далейшага разбору. Спадар Сякерка лічыць дзеяньні міліцыі неправамернымі, тым больш што на руках меліся неабходныя дакумэнты.

(Сякерка: ) “Усе езьдзяць, нікога не спыняюць, спынілі толькі нас, таму што за намі сачылі. Апазыцыя робіць усё, што яна можа зрабіць у гэтых умовах. Усё ж залежыць ад умоваў. Калі б нам быў доступ туды, прыехалі, сустрэліся з людзьмі, сваё меркаваньне выказалі. Усюды ж ставяцца перашкоды. Людзі ў большасьці запужаныя тымі падзеямі, якія ў Чачэрску ў нас былі”.

Нагадаю, у Чачэрску двух сябраў АГП аштрафавалі нібыта за арганізацыю несанкцыянаванага сходу ў прыватным доме ў вёсцы Залесьсе. На гэтым сходзе абіраліся дэлегаты на кангрэс.

Аднак актывісты апазыцыі працягваюць агітацыю ў "складаных" раёнах і, паводле старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, намерваюцца нават стварыць там структуры дэмакратычных арганізацый.

(Лябедзька: ) "Мы іх называем умоўна "дэпрэсіўныя" рэгіёны. Гэта розныя, у першую чаргу чарнобыльскія. Там, наагул, ня так шмат людзей, і актыўная частка імкнецца пакінуць гэтыя рэгіёны. Ёсьць шэраг раёнаў, дзе былі актыўныя людзі, але яны стаміліся, зьехалі адтуль або цяпер не прымаюць актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцьці. Гэтым людзям патрэбны сэанс палітычнай псыхатэрапіі - трэба пераканаць людзей, што ёсьць шанец і трэба быць аптымістамі. Патрэбны пазытыўны імпульс для людзей, якія расчараваліся ў палітычным жыцьці ".

Сябра АГП Валянціна Палевікова пабывала ў шэрагу раёнаў Магілеўскай і Гомельскай вобласьцяў, і да пачатку кангрэсу яна вырашыла працаваць з людзьмі.

(Палевікова: ) "Гэта адзінае выйсьце - ісьці да людзей. Важна, што мы дайшлі да іх. Вось, калі вы пыталіся, што гэта праблемныя раёны - так. Пустыя дамы, усё зарасло. Я не магла прыйсьці ў сябе доўгі час, калі мы прыехалі ў гэтыя зоны, дзе засталіся людзі сам-насам з сабой, ім дапамогі няма. Мы туды даехаць павінны. Знаходзяцца людзі, з кім працаваць, знаходзяцца новыя людзі. Наша мэта ў тым, каб больш іх далучыць да сябе. Я бачыла на сходах людзей, якія запрошаныя як выбарцы на сход. Калі пачынаецца тайнае галасаваньне, многія людзі кажуць, што вось хоць раз паўдзельнічаю ў дэмакратычных выбарах, калі кідаюць у скрыню бюлетэнь".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG