Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Gazeta Wyborcza”: “Лукашэнка хоча зьнішчыць аазісы свабоднага слова”


Вячаслаў Ракіцкі, Прага “Лукашэнка хоча яшчэ болей ізаляваць Беларусь. Цяпер беларускі рэжым будзе кантраляваць любую замежную дапамогу. Пад лупу патрапілі моладзевыя абмены, канфэрэнцыі і сэмінары.” Да такой высновы прыходзіць польская “Gazeta Wyborcza”, аналізуючы апошні дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі “Пра міжнародную тэхнічную дапамогу з-за мяжы”.

Газэта падкрэсьлівае, што Лукашэнка вядзе барацьбу з замежнай дапамогай палітычнай апазыцыі і грамадзкім аб’яднаньням ужо даўно. Гэты дэкрэт проста робіць яшчэ больш жорсткімі абмежаваньні, уведзеныя напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў чатыры гады таму. Што тычыцца ўласна замежных фондаў, нагадвае “Gazeta Wyborcza” дык зь імі ён пачаў змагацца яшчэ раней, выкінуўшы з Менску яшчэ ў 1997 годзе Фонд Сораса, які падтрымлівае дэмакратычныя перамены ў посткамуністычных краінах. Іншыя фонды ў сваёй бальшыні самі ліквідавалі свае прадстаўніцтвы ў Беларусі, бо іх дзейнасьць была спаралізаваная ўладамі.

Апошнімі гадамі беларускія ўлады найчасьцей не даюць згоды прымаць дапамогу з-за мяжы або накладаюць на яе такія падаткі, што такая дапамога ніяк не аплаціцца. “Таму ніхто і не перадае грошы ў Беларусь легальным шляхам”, -- кажа Якуб Баратынскі, дырэктар праграмы міжнароднага супрацоўніцтва польскага Фонду імя Стэфана Баторы. І дадае: “Той, хто афіцыйна просіць згоды ў беларускіх уладаў, зусім добраахвотна выстаўляе сябе ў якасьці мішэні для адміністрацыі Лукашэнкі”.

Газэта падкрэсьлівае, што новы дэкрэт найперш бярэ пад лупу розныя канфэрэнцыі і сэмінары, асабліва тыя, што тычацца дэмакратыі і правоў чалавека і якія, як правіла, фінансаваліся замежнымі фондамі. Гэтыя мерапрыемствы былі асабліва важнымі для беларусаў, бо на іх яны чулі словы падтрымкі замежных калегаў. “Gazeta Wyborcza” піша, што цяпер Лукашэнка хоча зьнішчыць і гэтыя апошнія аазісы свабоднага слова, дзеля таго, каб ужо ніхто не выказваў пратэсту, калі ў 2006 годзе чарговым разам будзе фальшаваць выбары.

Аглядальнік польскай газэты зьвязвае новы дэкрэт Лукашэнкі і з апошнім нападам на Саюз палякаў у Беларусі. Роспуску яго легальнага кіраўніцтва і падтрымцы ўладамі прарэжымных дзеячаў спадарожнічае шквал публікацыяў у афіцыйнай дзяржаўнай прэсе пра тое, што беларуская апазыцыя, а таксама Саюз палякаў атрымліваюць з Польшчы недазволеную дапамогу і што дзейнічаюць супраць канстытуцыйнага ладу, і нават, што яны хочуць далучыць Гарадзеншчыну да Польшчы.

На завяршэньне артыкулу польская “Gazeta Wyborcza” падае словы лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, што “дзейнасьць апазыцыі і так часткова адбывалася ў падпольлі, а новы дэкрэт Лукашэнкі змушае апазыцыю зысьці яшчэ глыбей.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG