Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Кангрэс дэмакратычных сілаў можа сабрацца на плошчы”


Алесь Дашчынскі, Менск Працягваецца фармаваньне Нацыянальнага кангрэсу дэмакратычных сілаў, які павінен абраць адзінага кандыдата ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 года. Сёньня раённыя сходы па вылучэньні дэлегатаў плянуюцца ў Хоцімску і Зэльве. Пытаньне памяшканьня для правядзеньня кангрэсу ў Беларусі пакуль ня вырашанае.

Запыты на памяшканьне для кангрэсу дэмсілаў былі накіраваныя у 52 установы, а таксама кіраўніку краіны Аляксандру Лукашэнку. Адусюль аргкамітэт атрымаў адмовы, а прэзыдэнцкая адміністрацыя маўчыць. Лідэры шэрагу партый зьвярнуліся таксама за дапамогай да старшыні камісіі ў правах чалавека Палаты прадстаўнікоў Юрыя Кулакоўскага. Адказаў на гэты зварот намесьнік старшыні камісіі Ўладзімер Адашкевіч. У лісьце гаворыцца, што камісія ўважліва разгледзела зварот і цяпер вырашаецца пытаньне аб прадстаўленьні палітычным партыям памяшканьня для правядзеньня палітычных мерапрыемстваў. Для больш хуткага вырашэньня справы камісія просіць прадставіць дадзеныя пра колькасьць удзельнікаў сходу і прыкладную праграму мерапрыемстваў. Паводле старшыні аргкамітэта кангрэсу Аляксандра Бухвостава, у выпадку адмовы ў памяшканьні, кангрэс можа выйсьці на плошчу.

(Бухвостаў: ) “Я думаю, гэта вельмі добрая прапанова. Мы ідзем на плошчу, калі нам не дадуць ніякага памяшканьня. Напрыклад, ёсьць такая заля – Палац рэспублікі. Мы ідзем і гаворым, што маем канстытуцыйнае права правесьці сход, а нам яго не даюць”.

Разглядаюцца варыянты правядзеньня кангрэсу й па-за межамі Беларусі. Каля 800 яго дэлегатаў мусяць абраць адзінага кандыдата на прэзыдэнта, ухваліць палітычную плятформу і патрабаваньні да органаў дзяржаўнай улады. Таксама будуць прыняты атрыбуты аб’яднаных дэмсілаў– назва, дэвіз і эмблема.

На раённых сходах, якія працягваюцца ў Беларусі, плянуецца абраць каля 240 дэлегатаў на кангрэс. Яшчэ каля паўтысячы грамадзянаў атрымаюць статус дэлегатаў: гэта дэпутаты Вярхоўнага Савету 12 і 13 скліканьняў, кандыдаты ў дэпутаты, якія былі зарэгістраваны альбо набралі больш за тысячу подпісаў выбарнікаў пад час мінулагодніх выбараў у Палату прадстаўнікоў, кіраўнікі дэмакратычных мэдыяў, дэпутаты мясцовых Саветаў, якія ўваходзяць у Асамблею дэмакратычных дэпутатаў, а таксама віп-пэрсоны. Яшчэ сваіх дэлегатаў вызначаць грамадзкія арганізацыі, апазыцыйныя партыі і рухі “дзесяткі” і дэмакратычныя прафсаюзы. Арганізатары кангрэсу зацікаўленыя ў шырокім прадстаўніцтве грамадзкасьці.

А як рыхтуюцца да кангрэсу ўжо абраныя дэлегаты? Пытаньне да старшыні АГП Анатоля Лябедзькі.

(Лябедзька: ) “Мы іх настройваем на тое, каб яны ўсё ж сабралі наказы ад людзей, якія жывуць у тым ці іншым рэгіёне. Тады іх слова на кангрэсе будзе больш моцным, калі яны прывязуць некалькі дзесяткаў наказаў ад людзей”.

Нагадаем, усяго адбылося 98 раённых сходаў, у якіх узялі ўдзел больш за 4 тысячы чалавек. Абрана 195 дэлегатаў на кангрэс. Сярод іх беспартыйных – 52, сябраў АГП – 47, БНФ – 42, ПКБ – 28, БСДП(Г) Аляксандра Казуліна – 9, Беларуская партыя працы – 5, Малады фронт – 5, БСДП (НГ) – 4, КХП(БНФ) – 2 і БСДГ – 1.
XS
SM
MD
LG