Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вёска ў дым п’яная, а сонейка яшчэ не закацілася


Вячаслаў Дубінка, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Глухая вёска Бастынь згубілася ў глухамані лунінецкіх лясоў і балот. Дзень дагараў, сонца лена кацілася за небакрай. У старшыні сельсавету – пасядзелкі. Мясцовае начальства па душах шчымлівую гамонку вядзе. А каб душа ня скнарылася на шчырасьць, дапамагае свая мутная чарка, пажоўклая скварка, салёны агурок і салодка-чырвоны бурачок. І прычына грымотная: правадыр у сваім бэтонным логаве чынавенскай хунце чубы зранку чапурыць, патыліцы гультаям чэша. У люду бастынскага ад тэлесэлектару душа цешыцца, а мазольная рука да чаркі сама цягнецца. – Дай ім, гультаям! Жываты наелі! – вяскоўцы ад бачанага-пачутага ў захапленьні.

– Зладзюкоў вунь колькі! Адзін крадзе, другі прадае, трэці здабыткі закопвае, а пяты ў мянтоўню бяжыць, бо мала яму напілілі з крадзенага.

Раптоўна адчыняюцца дзьверы, у праёме – галава ў хустцы. Злосная жонка калгаснага агранома набрала паветра і на ўсю моц: – Расьселіся, п’янтосы! Балбатуна ня бачылі? Сабачага будана за жыцьцё не скляпаў, а таўчэ! З папругай і дурань пабегае! А гэныя ўжо дупу падстаўляюць! А вам прычына пойла глытаць. А вой да чаго дажыліся. Уся вёска даўно ў адрубе!

І колькі разоў кабета паўтарыла ў адчаі: – Вёска ў дым п’яная, а сонейка яшчэ не закацілася.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал)
XS
SM
MD
LG