Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Бацька" ў казахаў будзе той самы да 2013 году?


Кастусь Бандарук, Прага Сёньня Канстытуцыйная рада Казахстану абвясьціла, што наступныя прэзыдэнцкія выбары ў краіне адбудуцца 4 сьнежня. Гэтае рашэньне заканчвае працяглыя рознагалосьсі паміж праўрадавымі і апазыцыйнымі палітыкамі ў справе даты выбараў. З другога боку выглядае, што цяперашні прэзыдэнт Нурсултан Назарабаеў мае значныя шанцы на пераабраньне, паколькі ягоныя асноўныя канкурэнты будуць мець замала часу на падрыхтоўку да выбараў.

Аб прызначэньні даты выбараў паведаміў сёньня старшыня Канстытуцыйнай рады Іван Рагоў.

(Рагоў: ) “Згодна з рашэньнем Канстытуцыйнай Рады, чарговыя прэзыдэнцкія выбары ў Казахстане павінны адбыцца ў першую нядзелю сьнежня 2005 году”.

З заклікам прызначыць дату выбараў выступіла ў ліпені ніжэйшая палата парлямэнту– Мажыліс. Гэтым самым Канстытуцыйная рада была вымушаная вырашыць унутраную супярэчнасьць Канстытуцыі краіны. Паводле аднаго зь яе артыкулаў, сямігадовы тэрмін прэзыдэнта Назарбаева, які быў апошні раз пераабраны ў студзені 1999 году, заканчваецца ў студзені 2006 году. Затое паводле іншага артыкулу Канстытуцыі, выбары павінны адбыцца ў першую нядзелю пасьля заканчэньня прэзыдэнцкага тэрміну. Гэта значыць, што Назарабаеў мог-бы заставацца пры ўладзе яшчэ 11 месяцаў. Аднак нават прапрэзыдэнцкія палітыкі з партыі “Бацькаўшчына” палічылі, што такой сытуацыі варта было б пазьбегнуць.

Дату выбараў павінны яшчэ ўхваліць абедзьве палаты парлямэнту, але гэта будзе чыстая фармальнасьць, бо прыхільнікі Назарбаева складаюць большасьць у абедзьвюх палатах.

На думку Жармахана Туякбая, сябра апазыцыйнага руху “За справядлівы Казахстан”, які афіцыйна заявіў аб гатоўнасьці балятавацца на пасаду прэзыдэнта, парлямэнт і Канстытуцыйная рада прызначылі дату выбараў пад Назарбаева.

У кастрычніку 1998 году казахскі парлямэнт скасаваў абмежаваньне колькасьці тэрмінаў знаходжаньня на пасадзе прэзыдэнта. Нурсултан Назарабаеў мае поўнае права балятавацца ў трэці раз, і ён мае ўсе шанцы перамагчы. Ягоны рэйтынг утрымліваецца на даволі высокім ўзроўні, а казахская апазыцыя слабая, падзеленая і дрэнна арганізаваная.

Аналітык Дасым Сатпаеў з Алма-Аты лічыць, што да сьнежня апазыцыя проста не пасьпее мабілізаваць усе свае чалавечыя, фінансавыя ды інфармацыйныя рэсурсы. Акрамя таго, улады ўжо ўчынілі спробы аслабіць і дыскрэдытаваць патэнцыйных канкурэнтаў Назарбаева. Нядаўна была ўзбуджаная крымінальная справа супраць сустаршыні партыі “Сапраўдны шлях” бізнэсоўца Булата Абілава. Ён быў абвінавачаны ў фінансавых махінацыях і ўхіленьня ад выплаты падаткаў.

Міжнародная супольнасьць будзе пільна сачыць за казахскімі выбарамі. Некаторыя замежныя аналітыкі не выключаюць магчымасьць чарговай “каляровай рэвалюцыі”. Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш заклікаў Назарбаева правесьці справядлівыя выбары незалежна ад таго, калі яны адбудуцца. Таксама Эўразьвяз заявіў, што прэзыдэнцкія выбары ў Казахстане будуць важным выпрабаваньнем дэмакратычных рэформаў ў краіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG