Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У.Парфяновіч: "Па-сяброўску наша ўлада ня можа жыць ні з кім"


Алесь Дашчынскі, Менск Аргкамітэт Беларускага антыядзернага фронту выступіў з заявай адносна мэтанакіраванай прапагандысцкай кампаніі афіцыйнага Менску супраць плянаў Літвы пабудаваць сховішча радыяактыўных адкідаў ля мяжы зь Беларусьсю. Стварэньне антыядзернага фронту ініцыяваў на пачатку гэтага году былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Парфяновіч супраць плянаў беларускіх уладаў збудаваць атамную электрастанцыю на тэрыторыі Беларусі.

Паводле старшыні аргкамітэту, алімпійскага чэмпіёна Уладзімера Парфяновіча, прапагандысцкая кампанія ў афіцыйных беларускіх мэдыях санкцыянаваная ўладамі. Зь яе дапамогай распальваецца нянавісьць да суседняй краіны.

(Парфяновіч: ) "Па-сяброўску наша ўлада ня можа жыць ні з кім: кругом адны ворагі. Уладзе патрэбныя ворагі, каб гэта выкарыстоўваць для барацьбы з апазыцыяй. Калі ёсьць ворагі, лягчэй ваяваць з апазыцыяй, з тымі, хто мае інакшае меркаваньне".

Паводле спадара Парфяновіча, аргкамітэт антыядзернага фронту выступае супраць рашэньня літоўскіх уладаў збудаваць ненадзейны ў радыяцыйным пляне аб''ект. Аднак яго зьдзіўляе лямант афіцыйнага Менску, які выношвае пляны будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Больш за тое, як гаворыцца ў заяве аргкамітэту, па-за ўвагай дзяржаўных мэдыяў застаецца ўведзенае ў дзеяньне ядзернае сховішча пад Берасьцем, якое па магутнасьці ў некалькі разоў перавышае плянуемае літоўскае.

(Парфяновіч: ) "Што выкажа ў гэтай сувязі Польшча? Любое сховішча неабходна будаваць на кілямэтраў 200 ад любой мяжы. Каб мы нікому, ні суседзям сваім не перашкаджалі. І літоўскі бок, і беларускі бок павінны будаваць такія сховішчы на добрым аддаленьні".

У заяве антыядзернага фронту адзначаецца, што грэблівае стаўленьне суседзяў да інтарэсаў Беларусі зьвязанае з тым, што афіцыйнаму Менску ўдалося зрабіць з суседніх краінаў ворагаў, а Беларусь выкінутая зь вялікай колькасьці міжнародных праектаў і інтэграцыйных сувязяў.

У заяве гаворыцца, што палітыка беларускіх уладаў прывяла да таго, што зь Беларусьсю ніхто не лічыцца і пад яе памежным "плотам" можна рабіць любыя звалкі – ядзерныя, хімічныя, бактэрыялягічныя. Гэта вынік міжнароднага дрэйфу Беларусі "без ветразяў і вёслаў".

Нагадаем, літоўскі бок заяўляе, што ўся інфармацыя пра меркаванае будаўніцтва ядзернага сховішча перадаецца беларускаму боку. Што тычыцца месца сховішча, то яно пакуль яшчэ не вызначанае і толькі пачаліся праектныя работы. Аднак беларускі бок, паводле літоўскага, выкарыстоўвае інфармацыю ў прапагандысцкіх мэтах.
XS
SM
MD
LG