Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Літвы В.Адамкус: Беларусь ізаляваць нельга


Тацяна Поклад, Вільня Сёньня, па вяртаньні з Украіны, прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус заявіў, што супрацоўніцтва Літвы з Польшчай, Грузіяй і Ўкраінай не азначае ізаляцыі Беларусі.

Прэзыдэнт Літвы адрынуў цьверджаньні расейскіх сродкаў масавай інфармацыі, што супрацоўніцтва Літвы, Польшчы, Грузіі і Ўкраіны накіраванае супраць Расеі.

Паводле літоўскага прэзыдэнта Валдаса Адамкуса, сустрэча прэзыдэнтаў чатырох краінаў у Крыме вызначаецца яшчэ і тым, што яна адбылася напярэдадні сустрэчы кіраўнікоў краінаў СНД.

(Адамкус: ) "Адна з асноўных тэмаў гэтай сустрэчы хутчэй за ўсё будзе абвастрэньне канфлікту паміж Польшчай і Беларусьсю. На нашай сустрэчы мы імкнуліся высьветліць пазыцыю і дачыненьні паміж Украінай, Літвой, Грузіяй, Польшчай і Беларусьсю".

Паводле Валдаса Адамкуса, была “прынятая прынцыповая ўстаноўка, што мы ня можам цалкам ізаляваць Беларусь, хаця палітыка, якую яна зьдзяйсьняе "непрымальная з пункту гледжаньня дэмакратычных краінаў".

(Адамкус:) "Трэба імкнуцца знайсьці шляхі для перамоваў, не закрываць дзьверы".

Літоўскі прэзыдэнт заявіў, што пагляды Літвы ў дачыненьні да Беларусі ня зьменяцца, паколькі Літва выказала ўжо ясную пазыцыю, “якой і трымаецца”. В.Адамкус падкрэсьліў, што і надалей будзе выказваць публічна і адкрыта свае меркаваньні, але ў выбары ў іншай краіне, у Беларусі, умешвацца ня будзе. Аднак спосабы дапамагчы беларусам, у якіх парушаюцца часам нават самыя элемэнтарныя правы, будуць шукацца такім чынам, каб не парушыліся дэкляраваныя прынцыпы.
XS
SM
MD
LG