Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады зьліквідавалі эвангелічную рэфармацкую царкву


Любоў Лунёва, Менск Менскі гарадзкі суд вынес рашэньне аб ліквідацыі Хрысьціянскай рэлігійнай кангрэгацыі “Беларускі эвангелічны рэфармацкі збор”. Менгарвыканкам падаў на вернікаў пазоў у суд — за тое, што яны не прайшлі перарэгістрацыі. Пастар Леанід Ліпень заявіў у судзе, што справа ліквідацыі царквы цалкам палітычная.

Судзьдзя менскага гарадзкога суду Ала Салаўёва разгледзела справу аб ліквідацыі царквы на працягу адной гадзіны. Яна зачытала дакумэнты аб тым, што хрысьціянская рэлігійная кангрэгацыя “Беларускі эвангелічны рэфармацкі збор” зарэгістравана ў Мін''юсце з 1992 году. У адпаведнасьці з новым заканадаўствам, усе грамадзкія й рэлігійныя арганізацыі мусяць мець юрыдычны адрас у нежылым фондзе. Вернікі-кальвіністы за два гады пасьля зьяўленьня Закону не падалі ў Менгарвыканкам новых дакумэнтаў.

Калі раней у часе ліквідацыі рэлігійных суполак сьвятары галоўнай прычынай называлі тое, што ня маюць грошай на арэнду такіх памяшканьняў, а дзяржава іх не дае, то кальвініст Леанід Ліпень заявіў у судзе, што байкатуе новы закон і патрабуе, каб кальвіністам вярнулі іхныя храмы, якія гістарычна былі замацаваны за гэтай канфэсіяй.

(Ліпень: ) “Мы ня можам прызнаць дыскрымінацыйнага закону. Ён парушае свабоду сумленьня. Нам трэба, каб вярнулі нам свабоду, каб вярнулі нам гістарычныя будынкі (хаця б адзін зь іх) і каб спынілі перасьлед. У нас сканфіскавалі ўсе будынкі. Сканфіскавалі, а цяпер патрабуюць нейкага юрыдычнага адрасу. Я думаю, што яны ўсё ведаюць. Ведаюць пра гісторыю рэфармацыі. Усё гэта зроблена сьвядома”.

Усясьветны альянс рэфармаваных цэркваў даслаў ліст на імя кіраўніка беларускай праваслаўнай царквы з Жэнэвы, у якім прасіў патрыяршага экзарха Філарэта паспрыяць вырашэньню пытаньня аб перадачы храму кальвіністаў у Заслаўі, дзе цяпер спраўляецца праваслаўнае набажэнства. Але — безвынікова.

(Ліпень: ) “Я сумняюся, што такія паводзіны, якія нават у праваслаўных называюцца сьвятатацтвам, могуць даваць падставу называць іх хрысьціянамі. Вы ўяўляеце сабе хрысьціяніна, які адбірае дом у іншага хрысьціяніна? Я не ўяўляю. Мне гэта неўцямна”.

Пастар Ліпень заявіў у судзе, што для яго галоўнае — гэта суд Божы. Ён назваў справу ліквідацыі царквы палітычнай і замоўленай уладамі. Сьвятар упэўнены, што ў хуткім часе будзе адпаведная міжнародная рэакцыя з боку вернікаў-кальвіністаў.

Рэфармаваныя хрысьціяне існуюць у Беларусі з 1553 году. Было збудавана шмат храмаў. У ХVII ст. у часе Контррэфармацыі езуіты зруйнавалі некалькі храмаў. Пазьней, у ХХ стагодзьдзі, бальшавікі зруйнавалі яшчэ некалькі. Захаваўся храм, збудаваны ваяводам Глябовічам у Заслаўі ў сярэдзіне ХVI стагодзьдзя, і яшчэ — у Смаргоні й у Кухцічах. Там былі цэнтры Рэфармацыі, друкаваліся тэалягічныя кнігі. Цяпер будынкі належаць праваслаўным і каталікам.

Гісторыя прысутнасьці ў Беларусі кальвіністаў налічвае некалькі стагодзьдзяў і зьвязана гэта з працэсам Рэфармацыі. Так, яшчэ ў 1617 годзе Януш Радзівіл заснаваў кальвінісцкую царкву ў Новым горадзе, на беразе ракі Случ. У Вялікім княстве Літоўскім кальвінісцкая царква мела назоў Літоўска-эвангелічна-рэфармацкае задзіночаньне.

У 1625 годзе кальвіністы заснавалі ў Вільні гімназію, якая лічыцца найстарэйшай навучальнай установай Беларусі. На працягу 300 гадоў свайго існаваньня Слуцкая гімназія дала Беларусі цэлы шэраг навукоўцаў, дасьледнікаў, грамадзкіх і царкоўных дзеячаў. Сярод іх вынаходнік сучаснага кірылічнага шрыфту Ільля Капіевіч, філёзаф і паэт Ян Белбоцкі, пісьменьнікі Альгерд Абуховіч, Антон Пяткевіч, славяназнаўца Зарыян Даленга-Хадакоўскі, мэдык Антон Красоўскі, астраном Вітольд Цэраскі, палітык і мэцэнат Эдвард Вайніловіч, і іншыя.

Да кальвінісцкай царквы належалі вядомыя асьветнікі 16-га стагодзьдзя Сымон Будны і Васіль Цяпінскі.

Сёньня па ўсім сьвеце кальвінісцкая царква (яна завецца таксама эвангельска-рэфармаванай) налічвае каля 60 мільёнаў вернікаў.

У апошнія гады ў Беларусі былі зачыненыя суполкі канфэсіяў, якія ўлады палічылі “сэктамі”.

Паводле Дзярждэпартаманту ЗША, Беларусь, разам з Кубай, Эгіптам і Нігерыяй уваходзіць у так званы “Watch List“, альбо сьпіс краінаў, за якімі трэба ўважліва назіраць, паколькі права на свабоду веравызнаньня ў іх выконваецца ня поўнасьцю.
XS
SM
MD
LG