Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наваполацкія сябры БНФ адведалі Паўла Севярынца (фота)


Вінцэсь Мудроў, Полаччына Сёньня дэлегацыя наваполацкіх сяброў БНФ адведала Паўла Севярынца, асуджанага ўладамі на два гады абмежаваньня волі і выпраўленага на “хімію” ў лесапункт, што знаходзіцца на станцыі Алёшча Полацкага раёну. Учора Паўла Севярынца наведала рэдакцыя "Нашай Нівы".

Павал працуе штабялёўшчыкам. Праца на лесапункце не перапыняецца ні на хвіліну, і пагаманіць з “палітхімікам” госьці з Наваполацку змаглі толькі падчас абедзеннага перапынку.



Гаворыць Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “Учора прыяжджала цэлая дэлегацыя з рэдакцыі газэты “Наша Ніва”. Прывезьлі побытавыя рэчы, боты, аптэчку, дыню, сярод усяго іншага, сьвежыя газэты, і, безумоўна, зрабілі ўражаньне на тых, хто працуе ў Алёшчы на лесапункце і ў самой вёсцы. Сёньня вось прыехалі хлопцы з Наваполацку. Гэта, безумоўна, прыемна. Мясцовыя падыходзяць, распытваюць, і ад таго прасякаесься павагай. Кажуць: во як вы, апазыцыя, дружна трымаецеся, так і трэба! Уладкаваўся, дзякуй Богу, нармалёва, завязваю стасункі, працую і вельмі ўдзячны тым людзям, якія прыяжджаюць падтрымаць”.



Выглядае Павал бадзёрым, і адзінае, што яго засмучае, гэта адсутнасьць у навакольлі тэлефоннай сувязі і царквы. Паводле ягоных словаў, для істапраўнага верніка памаліцца ў храме – патрэба душы. Павал таксама паведаміў, што ў яго склаліся добрыя адносіны зь мясцовым начальствам. Начальства просіць толькі аб адным: ня весьці сярод тутэйшага люду палітычнай агітацыі. Зрэшты, людзі самі ахвочыя пагаманіць з Паўлам Севярынцам, і ён ім у гэтым не адмаўляе:

(Севярынец: ) “Людзі тут усё разумеюць, многія, як гэта ні дзіўна, абураныя зьменаю назваў менскіх праспэктаў. Хто з Расоншчыны – той за Машэрава, хто з Полаччыны – той за Скарыну. Ну і шмат хто лічыць, што пара Аляксандру Рыгоравічу мяняць прафэсію”.

Учора наваполацкія народнафронтаўцы ладзілі сход, на якім абмеркавалі пытаньне падтрымкі Паўла Севярынца. Было вырашана, у прыватнасьці, наладзіць рэгулярныя візыты ў Алёшчу ды арганізаваць з гэтай нагоды грамадзкі грашовы фонд.



Гаворыць адзін з актывістаў Беларускага народнага фронту Зьміцер Салаўёў:

(Салаўёў: ) “Сёньня адведалі спадара Севярынца. Трымаецца ён добра, годна. Улады, вядома, пастараліся загнаць яго ў самую глуш, адсекчы ад сродкаў камунікацыі. Але мы, у сваю чаргу, пастараемся яму дапамагчы. Думаю, ён годна вытрымае гэтае выпрабаваньне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG