Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вольга Іпатава: “Дыктатура ня ўмее сьмяяцца, яна змрочная і агрэсіўная”


Cяргей Абламейка, Прага Госьць сёньняшняга ранішняга эфіру “Свабоды” – вядомая беларуская пісьменьніца Вольга Іпатава.

(Абламейка: ) “Як вы ставіцеся да крымінальнага перасьледу за сатырычныя мультфільмы?”

(Іпатава: ) “Мне горка, што чарговы раз Беларусь увойдзе ў найноўшую гісторыю Эўропы, бо перасьлед за творчасьць – гэта тое, чым адзначаецца дыктатура. Дыктатура ня ўмее сьмяяцца, яна змрочная і агрэсіўная. Сатыра і гумар – гэта ж “санітары грамадзтва”, каб яно не пераўтваралася ў балота. Але разам тым радасна, што ў нас ёсьць такая моладзь, якая не імшэе ў паслухмянасьці ўладзе, але думае і творыць. Пройдзе час, і гэта абавязкова ўвойдзе ў гісторыю супраціву. Ну а пакуль ім трэба выстаяць, інтэлігенцыя мусіць іх усяляк падтрымаць, рэагаваць куды больш актыўна, чым раней”.

(Абламейка: ) “Над чым вы цяпер працуеце?”

(Іпатава: ) “Апроч гістарычнага раману, дзеяньне якога адбываецца ў Лідзе, (назва ня буду казаць, бо раблюся прымхлівай, як усе пісьменьнікі) раблю зараз сацыялягічную працу для самой сабе. У нас жа ў рэгіёнах ёсьць колькі незалежных публіцыстычна-мастацкіх выданьняў. Сярод іхніх стваральнікаў шмат творчых людзей. У Мастах – Лявон Вашко са сваім “Дзеячасам”, у Вілейцы – “Волат”, дзе ўдзельнічае малады паэт Сяргей Макарэвіч і бард Алесь Наркевіч, у Бешанковічах Валянціна Гракун робіць “Кардон”, у Лунінцы гэта Вадзім Жылко. Дык вось у сваёй працы я хачу пацьвердзіць высновы, што ва ўсе часы асноўны хрыбет нашай нацыянальнай ідэі трымаюць творчыя людзі. Бо іх вядзе самае вялікае пачуцьцё на Зямлі – гэта любоў, любоў да мовы, да культуры, да народу. І я хачу задаць пытаньне нашым апазыцыйным палітыкам – чаму яны так блага ведаюць нацыянальную літаратуру, не зьвяртаюцца да яе па духоўную падтрымку? У рэгіёнах найперш трэба зьвяртацца да тых, хто мае сёньня сьмеласьць і мужнасьць публікаваць выданьні. Мы павінны быць разам.”

(Абламейка: ) “Вы доўгі час працавалі на Беларускім тэлебачаньні галоўным рэдактарам рэдакцыі літаратурна-драматычнага вяшчаньня. Як бы вы ацанілі маральны стан сёньняшняй журналісцкай супольнасьці на БТ?”

(Іпатава: ) “Апошнім часам туды дазволілі вярнуцца некаторым з тых, каго бязьлітасна выганялі некалькі гадоў, калі яны рабілі “новае тэлебачаньне”. Без прафэсіяналаў не абышліся, і гэтыя “аскепкі прафэсіяналізму”, як яны сабе з гумарам называюць, расказваюць пра маральны клімат на БТ. Ведаеце, ня хочацца ўжываць такі слэнг, але часьцей у іх гучыць слова “дурдом”.

Вось, напрыклад, такая дэталь. Эфір трэба запаўняць, для гэтага патрэбны архівы. Але ж там пісьменьнікі, мастакі, а яны сёньня амаль усе ў апазыцыі. Бяруць канцэрты, а там вельмі часта іх вядзе Зінаіда Бандарэнка. І калі столькі “выкрасьленых” прозьвішчаў, то нармальныя людзі, якія там працуюць, увесь час маюць стрэс. Бо трэба выкрэсьліваць, ісьці на вялікі кампраміс з сваім сумленьнем – а гэта заўсёды вельмі балюча. Праўда, кажуць, што тое маладое пакаленьне, якое прыйшло, ня надта абцяжаранае ведамі пра нацыянальную культуру, і таму ім жывецца нашмат лягчэй”.

(Абламейка: ) “Што вы думаеце пра будучыню беларускай мовы і культуры?”

(Іпатава: ) “Мы выстаялі, калі ва ўсёй Беларусі не было ніводнай беларускай школы. А ў літаратуру, тым ня менш, прыйшло пакаленьне з гарадоў. Я сама прыйшла з гарадзкой школы, дзе беларуская літаратура была самым нелюбімым прадметам, і настаўніца была самым палахлівым чалавекам, яна неяк нават тулілася па куточках, калі ішла ў калідорах. Цяпер жа ў нас ёсьць жывыя сымбалі супраціву русыфікацыі – Таварыства беларускай мовы, Гуманітарны ліцэй, урэшце, наш Саюз пісьменьнікаў. Нашу трываласьць выпрабоўваюць дубінкамі, а кніжкі выдаюцца адна за адной, а ў Саюз пісьменьнікаў чарга з маладых пісьменьнікаў. Думаю, мы выстаім”.
XS
SM
MD
LG