Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці вялікая эфэктыўнасьць праекту вяшчаньня на Беларусь нямецкай радыёстанцыі “Deutsche Welle”?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: галоўны рэдактар газэты “Дзень” Мікола Маркевіч з Горадні й намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі зь Менску.

(Валер Карбалевіч: ) “Пытаньне аб замежным радыё– й телевяшчаньні на Беларусь з-за мяжы ўжо даўно абмяркоўваецца ў асяродзьдзі беларускай дэмакратычнай грамадзкасьці, міжнароднымі арганізацыямі, заходнімі палітыкамі. У ліпені Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю па Беларусі, у якой заклікаў Эўракамісію ажыцьцявіць згаданыя мэдыйныя праекты. І вось нямецкая радыёстанцыя “Deutsche Welle” выйграла тэндэр Эўракамісіі па радыёвяшчаньні на Беларусь. Прычым, перамога гэтай радыёстанцыі палягае на тым, што яна больш за канкурэнтаў выдаткоўвае на памянёны праект сваіх грошай. Як можна ацаніць яго? Наколькі ўвогуле эфэктыўным — з гледзішча пашырэньня інфармаванасьці беларускага насельніцтва — зьяўляецца такое рашэньне пра пашырэньне радыёвяшчаньня на кароткіх хвалях?

(Мікола Маркевіч: ) “У мяне гэтае рашэньне выклікала дваістае пачуцьцё. З аднаго боку — як журналіст, як чалавек, які бачыць выйсьце зь цяперашняй сытуацыі ў пашырэньні інфармаванасьці беларускага насельніцтва, у стварэньні інфармацыйнай альтэрнатывы для беларусаў, — я не магу гэткае падзеі не вітаць. Любы інфармацыйны праект для Беларусі, любыя памкненьні дапамагчы беларусам атрымаць апэратыўную незалежную якасную інфармацыю — гэта добра.

Але, з іншага боку, перадачы, якія падаюцца па-расейску, — гэта нонсэнс. Мала таго, што гэта не рашае кардынальна праблемы, не стварае інфармацыйнай альтэрнатывы, дык гэтая падзея дае недвухсэнсоўны сыгнал пра тое, што Эўропа выбрала такі кулюарны спосаб змаганьня з дыктатарам Лукашэнкам. Гэта вельмі кепскі сыгнал для актыўных беларускіх людзей.

Ёсьць яшчэ адзін чыньнік. Узьнікаюць і чыста тэхнічныя моманты, зьвязаныя з тым, што кароткія хвалі — гэта ўчарашні дзень. І мне дзіўна, што з многіх спосабаў, з дапамогаю якіх можна данесьці да беларусаў інфармацыю, выбраны ня самы аптымальны”.

(Аляксандар Дабравольскі: ) “На жаль, гэта ня проста памылка, а памылка вельмі істотная. Калі гэта будзе адзінае, што зробіць Эўразьвяз дзеля інфармаванасьці беларускага насельніцтва, то можна будзе лічыць: гара нарадзіла мыш. Чаму?

Па першай адукацыі я радыёфізык. Таму ведаю, што такое кароткія хвалі й як яны распаўсюджваюцца. На кароткіх хвалях вельмі цяжка знайсьці патрэбную радыёстанцыю. І яшчэ цяжэй знайсьці, калі яна вяшчае толькі 30 хвілін у дзень. А таму я ўпэўнены, што ніякага ўплыву на інфармаванасьць беларускіх грамадзян гэтая радыёстанцыя не акажа — незалежна ад мовы вяшчаньня. Таму што, з іншых парамэтраў, яна папросту ня зойме свайго месца ў распарадку дня беларускіх людзей.

Хачу сказаць, што нават вяшчаньне Радыё Свабода ня вельмі зручнае. Таму што чатыры разы на дзень мяняюцца частоты, і ёсьць даволі вялікі перапынак. Але ўсё ж Радыё Свабода людзі слухаюць. Таму што прызвычаіліся.

Акрамя таго, я ня ўпэўнены, што для 30 хвілін на “Deutsche Welle” будуць ствараць вялікі аўтарскі калектыў. А калі калектыву ня будзе, то такія будуць і навіны. Гэта будуць перапевы з іншых СМІ. Таму, мне здаецца, сэнсу ў гэтым ніякага няма”.

(Карбалевіч: ) “Існуюць даволі вялікія праекты радыё– й телевяшчаньня на Беларусь з-за мяжы, з суседніх краін. Калі казаць пра радыёвяшчаньне, то гаворка ішла пра трансьляцыю перадач на сярэдніх і FM-хвалях. Ці азначае пачатак вяшчаньня “Deutsche Welle”, што астатнія праекты адкінуты, і Эўракамісія можа лічыць, быццам выканала рэзалюцыю Эўрапарлямэнту? Ці гэта толькі пачатак, як сказаў спадар Вік? Вось прыйшло апошняе паведамленьне, што Польшча вядзе перамовы з Эўразьвязам і ЗША пра адкрыцьцё вяшчаньня на Беларусь з сваёй тэрыторыі. Ці можна чакаць нейкага працягу?”

(Маркевіч: ) “Мне хочацца верыць, што словы спадара Віка маюць пад сабою грунт. Але мушу зазначыць і такі момант: размовы пра стварэньне інфармацыйнай альтэрнатывы ў выглядзе рознага кшталту рэдакцый, перадач, пашырэньня вяшчаньня на Беларусь нацыянальнага радыё суседніх краін вядуцца даўно. Гэта актыўна абмяркоўваецца ўжо 1,5-2 гады. Праведзены дзясяткі сходаў, прыняты дзясяткі рэзалюцый. Распрацаваны добрыя, якасныя праекты, да апошняй кропкі. Але справа ня зрушылася ні на каліва.

Для мяне вельмі кепскім сыгналам ёсьць тое, што гэты праект “Deutsche Welle”, які зьяўляецца ня самым лепшым варыянтам інфармацыйнай альтэрнатывы, за лічаныя тыдні ўвасобіўся ў жыцьцё ад ягонага абвяшчэньня да зацьверджаньня й фінансаваньня. І ў той самы час камісар Эўразьвязу па замежнай палітыцы спадарыня Фэрэра-Вальднэр абвясьціла, што ў Эўракамісіі няма магчымасьці фінансаваць іншыя праекты.

Сёньня такі час, што ўсе людзі, зацікаўленыя, каб у беларусаў была сапраўдная інфармацыйная альтэрнатыва, павінны ўзвысіць свой голас за тое, каб стварэньнем невялічкай перадачы на “Deutsche Welle” не закончылася ўся гэтая вялікая й неабходная праца па стварэньні сапраўднай інфармацыйнай альтэрнатывы для беларусаў”.

(Дабравольскі: ) “Мне вельмі хацелася б самому атрымаць адказ на пастаўленае пытаньне. Я ведаю, што вельмі шмат людзей заклапочаны сытуацыяй у Беларусі. Яны арыентуюцца, што беларускія грамадзяне амаль ня могуць атрымаць праўдзівай інфармацыі.

І ўсё ж я спадзяюся, што людзі, якія ў Эўразьвязе будуць вырашаць гэтае пытаньне, параяцца з прафэсіяналамі. У нас ёсьць людзі, якія ўмеюць рабіць радыё. Павінна быць стабільная частата. Найлепей, калі б вяшчаньне вялося на сярэдніх хвалях — каб яно пакрывала ўсю тэрыторыю Беларусі. Можна выкарыстаць, напрыклад, тую частату, якая цяпер ёсьць і на якой можна вяшчаць зь Вільні: 612 кілагерц. Толькі трэба памяняць перадатчык.

Гледзячы на тое, што цяпер адбываецца, мне здаецца, што людзі, якія займаюцца вырашэньнем беларускіх пытаньняў, вельмі далёкія ад нашых праблем. Не скажу, што абыякавыя, але вельмі далёкія. Яны іх не разумеюць. Гэта бяда. І гэта трэба мяняць”.

(Карбалевіч: ) “Спадар Маркевіч ужо ўзьняў пытаньне наконт мовы. У шырокіх колах дэмакратычнай грамадзкасьці адмоўную рэакцыю выклікала паведамленьне, што “Deutsche Welle” будзе вяшчаць на Беларусь на расейскай мове. Яшчэ калі “Deutsche Welle” распрацоўвала свой уласны праект вяшчаньня на Беларусь, а не праект Эўразьвязу, старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў выступіў з пратэстам супраць расейскай мовы вяшчаньня.

Пытаньне пра мову вяшчаньня старое. Даўно ідуць дыскусіі, размовы пра тое, што калі б, напрыклад, Радыё Свабода вяшчала на Беларусь на расейскай мове, то кола слухачоў было б шырэйшым.

Прыхільнікі беларускай мовы кажуць, што вяшчаньне на ёй будзе спрыяць беларускаму адраджэньню, супрацьстаяць дамінаваньню расейскай мовы ў інфармацыйнай прасторы краіны. Прыхільнікі ж вяшчаньня на расейскай мове цьвердзяць: спачатку трэба заваяваць дэмакратыю, і для гэтага трэба пашырыць кола слухачоў замежных радыёстанцый з дапамогаю расейскай мовы. А потым ужо, маўляў, калі дэмакратыя пераможа, можна ажыцьцяўляць беларускае адраджэньне. Што вы можаце сказаць на гэты конт?

(Маркевіч: ) “Найперш, пытаньне наконт расейскай мовы надуманае, шкоднае. Калі размова ідзе пра інфармацыйную альтэрнатыву, альтэрнатыву Лукашэнку, то тут ёсьць такія пары, супрацьлеглыя паняткі: дыктатура — дэмакратыя, саюз з Расеяй — незалежнасьць. Калі доўжыць гэтыя альтэрнатывы з гледзішча інфармацыі, то тут на адным баку будзе расейская мова, а на другім — беларуская. І мы павінны дакладна паказваць гэтую альтэрнатыву ва ўсіх сфэрах.

Аднак гэта пытаньне ня толькі нацыянальнай годнасьці, але й эфэктыўнасьці ўкладзеных сродкаў. Гэта пытаньне рацыянальнае. Факт, што беларускамоўнае Радыё Свабода мае значна большы рэйтынг, чым усе замежныя радыёстанцыі, якія сёньня вяшчаюць на Беларусь па-расейску. Маю на ўвазе тое ж “Deutsche Welle”, “Бі-Бі-Сі”, “Голас Амэрыкі” й інш.”

(Карбалевіч: ) “Як бы вы адказалі на аргумэнт, што вяшчаньне па-расейску пашырыць кола слухачоў гэтых станцый?”

(Маркевіч: ) “Кола слухачоў гэта не павялічыць, бо мы ведаем расклад сіл у беларускім грамадзтве. Затое людзей, нацыянальна арыентаваных, такое вяшчаньне ад сябе адштурхне”.

(Дабравольскі: ) “Я лічу, што цяпер было б шкодным гаварыць пра эфэктыўнасьць гэтага праекту й самым галоўным аргумэнтам лічыць мову вяшчаньня. Я за беларускую мову. Але ўсё ж, калі казаць пра эфэктыўнасьць, то ўсе прафэсіяналы, якія пачынаюць працу ў галіне СМІ, праводзяць дасьледаваньне патэнцыйнай аўдыторыі. Я ня ведаю, ці было ў выпадку са згаданым праектам нейкае дасьледаваньне, але баюся, што не. Калі ў радыё няма маркетынгавай канцэпцыі, то шмат сродкаў можа быць змарнавана.

Я ўпэўнены: беларуская мова наўрад ці каго напалохае з расейскамоўных людзей, што жывуць на Беларусі. Што да пашырэньня аўдыторыі, то пакуль няма пацьвярджальных фактаў, што расейская мова павялічыць колькасьць слухачоў, — няма пра што й казаць”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, частковае расчараваньне беларускай дэмакратычнай грамадзкасьці гэтым праектам выклікана дзьвюма прычынамі. Па-першае, ствараецца адчуваньне, што сапраўды, як сказаў Дабравольскі, гара нарадзіла мыш: зь вялікіх праектаў зьявілася ўсяго толькі 30-хвілінная перадача на кароткіх хвалях. Па-другое, вяшчаньне на расейскай мове, якая й так дамінуе ў інфармацыйнай прасторы Беларусі, можа замацаваць працэс русыфікацыі, што адбываецца ў краіне.

Але, магчыма, гэтае расчараваньне часовае. Магчыма, гэта пачатак вялікага праекту радыё– й тэлевяшчаньня на Беларусь з-за мяжы”.
XS
SM
MD
LG