Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леванеўскі працягвае ў калёніі барацьбу за правы зьняволеных (абноўлены)


Алег Грузьдзіловіч, Менск Лідэр гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі заяўляе, што распачаўся ціск на тых вязьняў Івацэвіцкай калёніі, якія дапамагаюць яму ў змаганьні за свае правы. Пра гэта Радыё Свабода распавёў адвакат палітвязьня Аляксандар Бярылаў, які сустрэўся зь Леванеўскім у калёніі.

Адвакат Аляксандар Бярылаў наведаў Валера Леванеўскага ў Івацэвіцкай калёніі 18 жніўня й меў зь ім гадзінную размову. Вязень працягвае змаганьне за лепшыя умовы ўтрыманьня, піша скаргі на парушэньні сваіх правоў і правоў іншых зьняволеных, дамагаецца адказу на гэтыя скаргі. Адказы прыходзяць рэдка. Прынамсі, паводле зьвестак Леванеўскага, на 15 апошніх скаргаў ён не атрымаў ніводнага адказу. Нявольнік таксама паведаміў адвакату пра ціск на тых, хто яму дапамагае ў гэтай барацьбе .

(Бярылаў: ) “Ён прасіў, каб адзначылі, што ідзе прэсінг з боку апэратыўнага аддзелу адміністрацыі калёніі на вязьняў, якія яму дапамагаюць у падрыхтоўцы скаргаў”.

Якімі захадамі, паводле Валера Леванеўскага, стрымліваюць вязьняў, што пачынаюць змагацца за свае правы? Найперш — гэта накладаньне адміністрацыйных пакараньняў за нязначныя парушэньні. Такія пакараньні маюць наступствам, у тым ліку, і тое, што вязень пазбаўляецца права на амністыю. Гэтак і адбылося з Валерам Леванеўскім. Таксама аказваюць маральны ціск, — прыкладам, затрымліваюць пошту. Але найбольш балючым падаецца распаўсюджаньне адмоўных плётак, быццам такі чалавек насамрэч ёсьць агентам адміністрацыі калёніі, і давяраць яму нельга.

“Леванеўскаму асабіста давялося праз усё гэта прайсьці”, —- паведаміў адвакат Аляксандар Бярылаў.

Ці дае станоўчы вынік барацьба за правы вязьня ў калёніі? Са слоў спадара Бярылава, ягоны падабаронны Валер Леванеўскі перакананы, што станоўчыя вынікі таксама ёсьць. Ён згадаў, што пасьля скаргаў Леванеўскага ў калёніі яму далі працу, цяпер ён своечасова атрымлівае асабістую пошту. Мела станоўчы вынік і барацьба Леванеўскага за адкрыцьцё у калёніі бібліятэкі для вязьняў. Пасьля скаргаў адміністрацыя змушана была вынайсьці для бібліятэкі адмысловае памяшканьне, і пачаўся ўжо збор кніг.

Збольшага, паводле асабістых уражаньняў адваката, абстаноўка ў Івацэвіцкай калёніі што да правоў вязьняў мяняецца ў лепшы бок.

(Бярылаў: ) “Леванеўскі распавёў пра сваю сустрэчу ў калёніі з амбасадарам Вялікабрытаніі ў Беларусі спадаром Бэнэтам і прадстаўніком бюро АБСЭ спадаром Абаджанам, якія наведалі яго 5 жніўня. Мае асабістыя ўражаньні, што такая ўвага ўсё ж адбіваецца — у лепшы бок — на ўмовах утрыманьня ўсіх вязьняў калёніі”.

Адвакат нагадаў, дарэчы, што Валер Леванеўскі дагэтуль не атрымаў адказу на наглядную скаргу на свой прысуд, накіраваную ім у Вярхоўны суд. Скаргу — варта зазаначыць — Леванеўскі падаваў яшчэ ў сакавіку.

Нагадаем: Валера Леванеўскага засудзілі на 2 гады зьняволеньня за паклёп на прэзыдэнта Беларусі. Ува ўлётцы, якую распаўсюдзіў лідэр гарадзенскіх прадпрымальнікаў, было напісана: “Прыйдзі й скажы, што ты супраць таго, каб нехта за твой кошт езьдзіў адпачываць у Аўстрыю, катацца на лыжах, жыць сабе на здавальненьне”. Валер Леванеўскі знаходзіцца ў зьняволеньні з траўня 2004 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG