Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія камуністы агітуюць жыхароў памежных раёнаў Беларусі за Лукашэнку


Казімер Яноўскі, Менск Апошнім часам у Беларусь, у прыватнасьці на Гомельшыну, пачасьціліся візыты прадстаўнікоў Кампартыі Украіны. Яны ўсхваляюць беларускага кіраўніка і вельмі крытычна выказваюцца пра ўкраінскага прэзыдэнта Віктара Юшчанку.

Самы апошні дэсант з Украіны, у якім налічвалася больш як паўсотні асобаў, прыяжджаў у Лельчыцкі раён. Гэта былі пераважна прадстаўнікі кампартыі Ўкраіны з Жытоміру. Першыя сакратары: абкаму – Мікалай Цімашэнка, гаркаму – Зінаіда Стракіна, шэраг іншых партыйных функцыянэраў. Трапляліся і гаспадарнікі зь яўнай прыналежнасьцю да кампартыі. У Лельчыцкім раёне яны наведалі шчэбневы завод, шпіталь, некаторыя гаспадаркі.

Мясцовыя мэдыі, тэлебачаньне, у прыватнасьці, да гэтага часу падаюць рэпартажы пра прыезд украінскіх камуністаў, трансьлююць іхныя інтэрвію. У адной з газэтаў прыводзіцца цытата лідэра жытомірскіх камуністаў Цімашэнкі (цытую): “Тое, што мы пабачылі ў вас, нас вельмі ўразіла. Нам сорамна і горка прызнаваць, што мы ад беларусаў нашмат адсталі, у нас поўная разруха. Няма ў нас галоўнага – улада ня бачыць чалавека. І пакуль прасьвету на лепшае жыцьцё ў простага чалавека няма. Багатыя, як жылі добра, так і жывуць, і гэтая прорва будзе толькі расьці”. (Канец цытаты)

А цяпер паслухаем рэдактарку жытомірскай газэты “Камуніст Палесься” Тамілу Андзёнаву.

(Андзёнава: ) “Цяпер у нас сала, украінскае сала, пра якое кажуць, што гэта – украінскі вітамін, украінскі сьнікерс, цяпер сала – 22 грыўні за кілаграм. Такога ніколі не было. Мяса ў нас – 28-30 грыўняў. Карацей, людзі ўжо ходзяць у крамы, як у музэі”.

Рэдактарка газэты “Камуніст Палесься” сьцьвярджала, што цяпер “афіцыйная Украіна адыходзіць ад Расеі і Беларусі, вядзецца палітыка разьяднаньня беларусаў і ўкраінцаў. Пазыцыя адна: самы лепшы сябар – ЗША”.

Другі сакратар Каралёўскага райкаму КПУ Жытоміра Мікалай Емельянаў з настальгіяй выказваўся пра савецкія часы, а напрыканцы зрабіў такую выснову:

(Емельянаў: ) “Дзякуйце свайму прэзыдэнту Лукашэнку. І ня дай бог вам нашага Юшчанку”. (Сьмяшок)

Паўстае пытаньне. Візыты ўкраінскіх камуністаў – гэта ня толькі знак падтрымкі добрасуседзкіх дачыненьняў, яны, пэўна, перасьледуюць і нейкія палітычныя мэты? Пра гэта я пацікавіўся ва ўкраінскіх палітолягаў. Ці ня ёсьць гэтыя візыты, выказваньні пачаткам перадвыбарчай агітацыі ўкраінскіх камуністаў на баку беларускага лідэра? Вось што сказаў на гэты конт палітоляг з Кіеву Ўладзімер Палахала.

(Палахала: ) “Няма сумневу, што Украіна ўступае цяпер у актыўную фазу. Зь верасьня пачынаецца новая кампанія выбараў ва ўкраінскі парлямэнт. Выбары адбудуцца ў сакавіку 2006 году. Пазыцыя левых сілаў ва Ўкраіне, у прыватнасьці, Кампартыі, заключаецца ў дэструктыўнай і рэзкай крытыцы новай ўлады, адпаведна, і памаранчавай рэвалюцыі. Яны падтрымліваюць усё, што зьвязана з расейскім інтарэсам. Гаворка ідзе пра двайное грамадзянства, статус расейскай мовы ва Ўкраіне, утварэньне саюзу Украіны, Беларусі і Расеі. Па сутнасьці кампартыя Украіны выказвае цяпер ня столькі нацыянальныя інтарэсы, колькі прыстасоўваецца да прарасейскіх палітычных сілаў, якія не зацікаўленыя ў разьвіцьці дэмакратыі ва Ўкраіне”.

Паводле палітоляга Палахалы, актыўнасьць украінскіх партфункцыянэраў і ў Беларусі, і ў Расеі палягае ў тым, каб утрымаць хаця б невялікую частку электарату ва Ўкраіне, які мае настальгію па Савецкім Саюзе, і не ўспрымаюць новую уладу.

(Палахала: ) “Вобраз Лукашэнкі ў камуністычным друку Ўкраіны, прынамсі, у газэце “Камуніст”, падаецца, як вобраз кіраўніка, які клапоціцца пра сваіх суграмадзянаў, які не зьвязаны з алігархамі, зьяўляецца сапраўдным лідэрам. Кампартыя Украіны шукае і зьнешніх саюзьнікаў, зьнешняй падтрымкі. Хаця наўрад ці гэта прынясе ёй нейкія дэвідэнды. Сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што максымум, на што можа прэтэндаваць Кампартыя Ўкраіны, і наогул левыя сілы, – гэта 10 адсоткаў электарату”, – лічыць палітоляг з Кіеву Уладзімер Палахала.
XS
SM
MD
LG