Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыхтуюцца новыя абмежаваньні для незалежных прафсаюзаў


Вячаслаў Кулік, Менск У Беларусі зьявіўся яшчэ адзін пасярэднік між уладаю і прафсаюзнымі арганізацыямі. Паводле загаду Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, створаны савет для ўдасканальваньня працоўнага заканадаўства.

Аналітыкі канстатуюць, што афіцыйны Менск мае цяпер вострыя праблемы ў стасунках зь Міжнароднай арганізацыяй працы (МАП). Паводле юрыдычнай справы МАП за № 20/90 у краіне парушаецца працоўнае заканадаўства і ігнаруюцца нормы Канвэнцыі МАП, да якіх далучылася Беларусь. Кантраляваць сытуацыю павінен Нацыянальны Савет у працоўных і сацыяльных пытаньнях. Але да яго працы недапушчаныя прадстаўнікі дэмакратычных прафсаюзаў. І калі ў мінулым годзе ў Беларусі працавала спэцыяльная камісія МАП ў дазнаньні, то ўрад Сяргея Сідорскага атрымаў рэкамэндацыю выправіць тую памылку. “Аднак, – гаворыць юрыст Кангрэсу дэмакратычых прафсаюзаў Уладзімер Адынец, – у Беларусі пакуль адбываецца замена паняткаў. “Стварылі дадатковы савет і ў яго склад замест кіраўніка кангрэсу ўвялі мяне”, – кажа спадар Адынец”.

(Адынец: ) “Гэты савет для таго і склікалі, каб паказаць Міжнароднай арганізацыі працы, што нешта робіцца ў справе выкананьня яе рэкамэндацыяў”.

Правазнаўца Ніна Навумовіч – адна з 19 афіцыйных асобаў у складзе гэтага савету. Асаблівых спадзяваньняў на эфэктыўную працу я ад яе не пачуў.

(Навумовіч: ) “Чальцамі савету зьяўлюцца асобы, якія скліканыя з розных галінаў. Нават калі яны заўважаць ці дапамогуць вырашыць хаця б адно ці два пытаньні, то задача будзе выканана”.

(Карэспандэнт: ) “Як далей паведаміла Ніна Навумовіч, на першым паседжаньні савету якраз і вывучаліся канцэптуальныя падыходы ўдасканальваньня заканадаўства па прафсаюзах. Аднак юрыст Уладзімер Адынец лічыць, што прапановы савету накіраваныя на далейшае абмежаваньне незалежных прафсаюзаў”.

(Адынец: ) “Было два праекты. Па адным праекце – для таго каб стварыць рэспубліканскі прафсаюз, патрабавалася 30 тысяч фізычных асобаў. Мы паведамілі пра гэта Міжнароднай арганізацыі працы. Беларускія ўлады “адыгралі” да 7 тысяч, хаця на сёньняшні дзень дзейнічае норма 500 чалавек. І ўжо ідзе размова не пра праект, а аб канцэптуальных падыходах. Гэтую пласьцінку па-новаму закручваюць”.

Ці няма ў кіраўніцтва Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Беларусі намеру байкатаваць працу гэтага савету, калі ён прапаноўвае новыя абмежаваньні для незалежных прафсаюзаў? Наконт гэтага я гутарыў са старшынём кангрэсу Аляксандрам Ярашуком. Вось ягоны камэнтар да сытуацыі.

(Ярашук: ) “Мы ніколі ня здымем пытаньня аб паўнавартасным аднаўленьні нашага статусу як нацыянальнага прафцэнтару у Нацыянальным савеце ў працоўных і сацыяльных пытаньнях. Але нам цяпер прыадчынілі шчыліну. Мы абавязаныя дзеля арганізацыі ў гэтую шчыліну прасочвацца. Не казаць: “Вы нас хочаце падмануць!” Гэта іхнае права. Яны жадаюць падмануць, а мы ня хочам падманвацца. Пазыцыя павінна быць усё ж канструктыўная”.
XS
SM
MD
LG