Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ламавічы (фота)


Ягор Маёрчык, Ламавічы Акцябарскі (Рудабельскі) раён, Гомельшчына (эфір 15 жніўня) Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”

Для бабы Галіны пайсьці ў лес па чарніцы — гэта ўсё адно, што вярнуцца ў маладосьць. Перада мною стаіць згорбленая худая кабеціна. Выглядае яна старэйшай за свой век: ніяк ня скажаш, што на пэнсіі толькі 3 гады. Падаецца, што ужо ёй ці не дзявяты дзясятак.

(Старая: ) “Людзі па ягады ходзяць, а я ні разу не была. Сын бы мяне не пусьціў. Ён баіцца, што я ў лесе заблукаю, а я ўсё жыцьцё хадзіла. Чаго я заблукаю? Пайду хоць ягады пабачу. Людзі шмат грошай пабралі! Вось я хачу схадзіць”.

Акцябарскі раён на забруджанай радыянуклідамі Гомельшчыне лічыцца ледзь ня самым чыстым. Лес тут з усіх бакоў. Грыбы ды ягады на ўласны стол — гэта зразумела. Апроч таго, сабраныя кілі лёгка пераўтвараюцца ў хрусткія паперкі грашовых знакаў. Сэзон міне, а дажыць да наступнага дапаможа менавіта заначка.

Ланцужок пасярэднікаў ад лесу да гандлёвых шэрагаў гарадзкога рынку пачынаецца менавіта са скупнікаў. Тут адны вяскоўцы прымаюць ягады ў іншых. У звычайнай хаце пад гэтую справу адводзіцца пакой. Тут і скрыні з ураджаем, і шалі, і каса.

(Спадарыня: ) “Сёлета кошты ў нас пачыналіся ад 1.200, а цяпер ужо 3.200. Сёньня ў мяне сама вялікі кошт — болей за 3 тысячы. За дзень я прымаю прыкладна 100-50 кіляграм”.

(Карэспандэнт: ) “І вам выгодна, калі цана вышэйшая?”

(Спадарыня: ) “Якая б яна ні была, мне ідзе толькі 100 рублёў за прыняты кіляграм”.

(Карэспандэнт: ) “А ніколі ня думалі пачаць уласную справу?”

(Спадарыня: ) “Каб нешта пачаць, патрэбны грошы. У гэты занятак трэба ўлезьці. Калі ты ня зможаш улезьці, — будзеш адзіночкай, цябе выпруць зь бізнэсу”.

Застаўся прыкладна год да таго моманту, калі, як абяцаецца, Ламавічы з шараговага цэнтру сельсавету ператворацца ў аграгарадок. Пакуль гэта толькі ў плянах. Адно што на загад Аляксандра Лукашэнкі збудавалі 5 дамкоў. Паставілі іх у нізіне. Не пасьпелі здаць, як у адным з маёнткаў абвалілася сьцяна. Прарэху адразу ж залапілі.

Вяскоўцы будучым гаспадаром асабліва не зайздросьцяць. Атрымаць дармавое жытло — гэта, канечне, някепска. Але ці будзе ў ім камфортна — яшчэ невядома. Сьцены тонкія, ганак маленькі, а хлеўчык такі, што толькі на курэй і хопіць.

Мікалай нарадзіўся ў Ламавічах, пасьля адседзеў за злачынства, цяпер спрабуе ўладкавацца на працу ў Гомелі. У родную вёску прыяжджае да старой маці.

(Мікалай: ) “Жыцьцё тут вельмі цяжкае. Няма ніякіх умоваў для жыцьця. Паглядзіце, як мы жывом! Што можа быць добрага ў вёсцы? Добрае бывае толькі у горадзе!”

(Карэспандэнт: ) “А ў горадзе кажуць, што добра ў вёсцы, бо там усё сваё й людзі багацей жывуць. Каму верыць?”

(Мікалай: ) “Гэта ня так! Працы тут амаль што няма, заробкаў таксама няма. У калгасе працуеш, укалваеш, а атрымліваеш 150 тысяч, якіх не хапае на паўмесяца. Тут хлеб каштуе даражэй, чым у горадзе! Я ня ведаю, як гэта растлумачыць!”

(Карэспандэнт: ) “А якіх побытавых умоваў тут не хапае?”

(Мікалай: ) “Элемэнтарна: тут няма лазьні! Гэтыя людзі хутка ад бруду паламаюцца. Калі старшыні сельсавету кажуць пра гэта, ён заяўляе: "Рабіце свае й мыйцеся!”

(Карэспандэнт: ) “400 чалавек ня могуць сабрацца, прыйсьці да сельсавету й сказаць: “Нам патрэбна лазьня”?



(Мікалай: ) “Мая маці пайшла да яго выпісаць зерне курам... Яна — чалавек, які 30 год аддаў гэтаму калгасу, у яе рукі ад працы пакручаныя... А старшыня ёй кажа: “Хай твае куры каменьні клююць!” Гэта адказ нашага старшыні. Усе нашы сярэднія й дробныя чыноўнікі — буду казаць наўпрост — зажраліся!”

(Карэспандэнт: ) “Дзяржаўная палітыка адраджэньня вёскі й сельскай гаспадаркі, будаўніцтва аграгарадкоў — ці ёсьць спадзеў, што гэта дапаможа?”

(Мікалай: ) “Аляксандар Рыгоравіч шмат пра гэта кажа, але ў нас гэта далёка разыходзіцца. Тут нічога ня робіцца”.

(Карэспандэнт: ) “А што людзі ў вёсцы думаюць пра палітыку?”

(Мікалай: ) “Гавораць, што Лукашэнка — добры прэзыдэнт, і яны будуць за яго галасаваць, нават нягледзячы на тое, што жывуць пагана”.

Сельсавет сустрэў мяне згрувашчанаю ў калідоры мэбляю: тут ідзе рамонт. Наведнікаў няма. Цішыню парушалі праца радыёкропкі й шамаценьне папер. На сваім працоўным месцы — сакратар Алена Кашаед.

(Карэспандэнт: ) “Кажуць, што ў вас тут аграгарадок будзе... Гэта прынцыпова зьменіць жыцьцё вёскі?”

(Кашаед: ) “Прэзыдэнт абяцае, што зьменіць, што палепшыцца. Плянуецца пабудаваць у нас дзіцячы садок і лазьню, пральню”.

(Карэспандэнт: ) “А калі лазьня будзе?”

(Кашаед: ) “Увосень пачынаюць закладаць падмурак”.

Стрыманая ў адказах Алена Кашаед — поўная супрацьлегласьць іншай супрацоўніцы сельсавету — Надзеі. Зь ёй мы нават не знаёмімся.

Я прысеў на лаўку да беспрацоўнай спадарыні Наталі. Толькі пачалася размова, як з суседняй брамы выйшла гэтая самая Надзея. У дзьвюх кабет завязаўся дыспут на тэму: каму ў Ламавічах добра жывецца? Дыскусія атрымалася такая дынамічная, што слова ўставіць я так і не пасьпеў.



(Надзея: ) “Хто працуе й не выпівоха — той жыве!"

(Наталя: ) “А ў нас тут вёска п''яніц. Усе жанчыны п''юць!”

(Надзея: ) “Але калі ня п''еш, можна жыць”.

(Наталя: ) “А што тут атрымаеш?! 180 тысяч. Што ты людзям дурыш галаву, што мы добра жывём!”

(Надзея: ) “Можна жыць і рогі парасьціць! Зайдзі ў любую хату: мэбля, дываны...”

(Наталя: ) “...бо ня елі й не пілі, схуднелі да 20 кіляграм!"

(Надзея: ) “...і машына ў кожным двары!”

(Наталя: ) “Машына — гэта не раскоша! Яна патрэбна, каб зьезьдзіць у “раён”, у шпіталь. На гэтую машыну я дзень і ноч пахала! А што — не?! Скажы, Надзька, я хлушу?! Я падымуся ў 4 раніцы й дзьве працы раблю.

А цяпер ад 23 чэрвеня я не працую. Я працавала ў калгасе тэхнікам-асэмінатарам і брыгадзірам. Я на розных спаборніцтвах займала першыя месцы. Такое здароўе стала, што я не магу там працаваць. Хацела пайсьці на іншую працу, а старшыня калгасу даў такія рэкамэндацыі, што немагчыма ўладкавацца. І цяпер нідзе не бяруць, бо баяцца старшыні. У нас побач яшчэ адзін калгас ёсьць, але я туды пайсьці не магу. Калі той мяне возьме, будзе вайна”.

Белай варонай на ўсе Ламавічы выглядае Юры Юкоўскі — арандатар з дыплёмамі юрыста й эканаміста. Спэцыялізуецца на вырошчваньні гародніны. Па сутнасьці, ён — фэрмэр, хаця сам гэта й адмаўляе.

(Юкоўскі: ) “Я не сказаў бы, што ў мяне вялікая гаспадарка: у мяне ўсяго 2 гектары зямлі. Гаспадарка мая нідзе не зарэгістравана. Выгадней менавіта так, бо з рэгістрацыяй пасьля трох гадоў трэба сплачваць падаткі”.

(Карэспандэнт: ) “А як такое арандатарства стасуецца з асноўным месцам працы ў сельгасхіміі?”

(Юкоўскі: ) “Прыходзіцца круціцца без выходных. Часам прыходзіцца наймаць працоўную сілу”.



(Карэспандэнт: ) “Вы шукаеце іх сярод аднавяскоўцаў?”

(Юкоўскі: ) “Бывала, што пісаў аб''явы й плаціў болей, чым у калгасе, але людзі да мяне не ішлі. Таму працоўную сілу я наймаю ў мястэчку Акцябарскі. Людзі з гораду больш адказныя, чым аднавяскоўцы.У нашых людзей склаўся такі мэнталітэт: у калгасе можна працаваць і красьці, а калі ісьці працаваць да прыватніка, — у іх прачынаецца пралетарскі гонар. Яны гэтага не разумеюць: “нашто гэта патрэбна? нашто так працаваць?” Асуджальныя такія думкі”.

Жыхары Ламавіч маглі б падзарабляць ў Юрыя Юкоўскага, аднак лічаць за лепшае абмяжоўвацца зборам чарніц, а ў міжсэзоньне перабівацца з калгаснага заробку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG