Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інцэст у беларускай традыцыі


Вячаслаў Ракіцкі, Прага (Эфір: 18 жніўня 2005 г.) Новая перадача сэрыі "Беларуская Атлянтыда". Удзельнічае этнакультуроляг Тацяна Валодзіна.

(Ракіцкі: ) “Лацінскім словам інцэст пазначаюць палавыя сувязі між блізкімі сваякамі, мешаніну крыві. Для сучасьніка зьява гэта збольшага аддаленая, вядомая з кніг, але між тым на дзіва жывая. Тэма, якая, здавалася б, мусіла хваляваць перадусім псыхааналітыкаў, займае ладную частку порнапрапановаў у інтэрнэце. Містыка-інцэстуозныя матывы напаўняюць фільмы жахаў – усемагчымыя ўпыры і пярэваратні знаходзяцца адзін з адным у інцэстуальных сувязях. Сёньня квазі-інцэстуозныя і праміскуітэтныя матывы абумоўліваюць глыбінную прыцягальнасьць гэтак званых “мыльных опэраў” у лацінаамэрыканскім варыянце. Там усе аказваюцца патаемнымі сваякамі адзін аднаму – аўтары ўмела маніпулююць на мяжы інцэсту як такога.№

(Валодзіна: ) “Папулярны матыў інцэсту і ў фальклёры, у тым ліку, у народнай творчасьці беларусаў. Толькі тут не смакаваньне нейкага дзіва, а патрэбы этнасацыяльныя. Фальклёрная сьвядомасьць імкнецца падтрымліваць традыцыйныя нормы і правілы паводзінаў, дзякуючы якім у арганізаваны соцыюм не дапушчаецца хаос. А інцэст і ёсьць праяваю хаосу. Грамадзтва імкнецца выпрацаваць спосабы абароны традыцыйных уяўленьняў пра сьвет і спрагназаваць вынікі іх парушэньня.”

(Ракіцкі: ) “Як падае традыцыя ўзьнікненьне ўласна інстытуту інцэсту? Існаваў ён спрадвеку або гэта чын пазьнейшы?”

(Валодзіна: ) “У славянскай традыцыі фіксуюцца архаічныя легенды пра інцэст як адпачаткова дапушчальную зьяву. У «мiтычным часе» гэта датычыцца шлюбаў першапродкаў, якія былі адзінай парай на зямлі і ня мелі выбару. Прыкладам, брат і сястра Яма і Ямі ў вэдыйскай мiталёгii, альбо калі сытуацыя паўтараецца пасьля сусьветнай катастрофы, тады працяг роду людзкога залежыць ад інцэсту. У легендзе людзі пайшлі ад Адама з Эвай, г.зн. іх першыя нашчадкі былі братамі і сёстрамі. Так людзей стала надта шмат, і Бог у імкненьні абмежаваць такі бурны рост насельніцтва забараніў шлюбы да трэцяга калена. Звычаёвае права забараняла шлюб і між хроснымі бацькамі – кумамі, а таксама між іхнымі дзецьмі.”

“У пачатку сьвету жылі сабе сваякі са сваякамі, родныя сёстры з братамі, дочкі з бацькамі ці маці з сынамі, кумы з кумамі і не зналі, што гэта грэх. Тады Бог пачаў пераўтвараць іх у камяні. Раз ехалі кум з кумою з хросту і захацелі ўчыніць грэх і тут жа сталі камянямі. З таго часу пачалі людзі Бога слухаць і сталі жаніцца з чужакамі.”

У народных «біблейскіх» легендах з грэхам мешаніны крыві зьвязваецца і такая Божая кара як патоп.”

(Ракіцкі: ) “Інцэст у фальклёры – тэма ўнівэрсальная або залежная ад каляндарнага часу?”

(Валодзіна: ) “Тэма інцэсту асабліва характэрная для купальскага цыклу, мяркуецца, што ў час ігрышчаў дапушчаліся і сэксуальныя вольнасьці. Сярод купальскіх балядаў – сюжэт пра сустрэчу брата зь сястрою, разлучаных у дзяцінстве. Між імі ўзьнікае сымпатыя. Розныя варыянты або згадваюць сувязь, або паказваюць на раптоўнае дазнаньне сваяцтва. Высьветлiўшы крэўнасьць, яны не знаходзяць магчымым жыць і ператвараюцца ў кветкi.”

“…Яшчэ мяне Бог сьцярог, Што з сястрою спаць ня лёг. Пойдзем, сястра, у поля, Разьсеемся абоя: З мяне будзе жоўты цьвет, З цябе будзе сіні цьвет. Будуць дзеўкі краскі рваць Й брата з сястрою памінаць: Гэта тая травіца, Што брацейка з сястрыцай.”

“Браткі або Іван ды Мар’я – так завуцца ў народзе мар’яньнік і фіялка трохкаляровая. Гэтыя кветкі маюць незвычайныя колеры: пялёсткі фіялкі розныя, а ў мар’яньніка прыцьветнікі фіялетавыя ў адрозьненьне ад ніжэйшых зялёных лістоў, таму і ўспрымаюцца як кветкі побач з сапраўднымі, жоўтымі. Гэтая прыкмета і сталася прычынаю этыялягічных легендаў. Паколькі інцэст захоўвае падвойную сэмантыку ўрадлівасьці, гэтыя кветкі скарыстоўвалі ў любоўнай магіі або пры лекаваньні “любастрастных” хваробаў. Акрамя таго, што прарастаюць брат з сястрой травою, вядомыя і такія вынікі-матывы, як “брата з сястрой не прымаюць манастыры”, “іх не чапаюць дзікія зьвяры”, “яны ня могуць утапіцца”.

(Ракіцкі: ) “Словам, у выніку інцэсту ад брата зь сястрою адварочваецца ўсё жывое, ня толькі людзі. Як караюць за гэткія сувязі прырода, Бог?”

(Валодзіна: ) “У павер’ях, караю за мешаніну крыві становяцца розныя стыхійныя бедзтвы – град, залівень, засуха. Гэтаксама частыя і паказаньні на тое, што ў выніку інцэсту нараджаюцца ведзьмы, упыры, ваўкалакі. З гэтым зьвязваліся і розныя калецтвы, хваробы. Легенда са Століншчыны апавядае пра брата і сястру, якія былі надта бедныя. За хлопца ніхто не хацеў ісьці замуж, ніхто не сватаў дзяўчыну. Тады яны ажаніліся, нажылі дзяцей. Але ўсе дзеткі – на курыных лапках. Гэтаксама інцэст караецца абарочваньнем у камень. У балядзе браты–разбойнiкi, што забілі швагра і зьняславілі сястру, раскайваюцца, ператвараюцца ў вапнавае каменьне, каб потым людзі, выпальваючы вапну ў печах, агнём здымалі іхныя грахі. У іншай балядзе сястра, ратуючыся ад шлюбу з родным братам, губіць сябе: там, дзе яна ўпала, паўстала цэркаўка.”

(Ракіцкі: ) “Інцэстуальныя матывы ў міце і літаратуры неаднаразова дасьледаваліся, але галоўным чынам на матэрыяле сюжэту пра Эдыпа. Гэта пераважна псыхааналітыкі – Фрэйд, Юнг і іншыя. Іх займаў перадусім так званы эдыпаў комплекс – падсьвядома прыхаваная асаблівая эратычная схільнасьць да маці, якая суправаджаецца нянавісьцю да бацькі і пачуцьцём віны перад ім. Ці ёсьць якія згадкі пра эдыпаў комплекс у нашай традыцыі?”

(Валодзіна: ) “Гэта падаецца троху нечаканым, але ёсьць. На Веткаўшчыне ў канцы мінулага стагодзьдзя была запісаная легенда з абсалютна клясычным сюжэтам. Праўда, зьявіліся хрысьціянізаваныя элемэнты, недзе нават казачнае афармленьне, пакараньне выкладваецца ў чарадзейна-біблейскай афарбоўцы. Адчуваецца ўплыў старажытнарускага апавяданьня пра Андрэя Крыцкага. Але сюжэт – той жа. Пры нараджэньні хлопчыку было прадказана, што ён заб''е бацьку і ажэніцца з маці. Бацька, даведаўшыся прадказаньне, угаворвае жонку кінуць дзіця ў раку. Хлопчыка выратоўвае ўдава, той вырастае, наймаецца служыць да бацькоў, ня ведаючы, што гэта бацькі. Па неабачлівасьці страляе гаспадара-бацьку і начуе з маці, якая пазнае яго па радзімай плямцы на сьпіне.”

(Ракіцкі: ) “Сапраўды, усясьветна вядомы матыў, культурны рэзананс якога даволі значны. Якія наступствы прыпісвае інцэсту між маці і сынам народная традыцыя?”

(Валодзіна: ) “З гэтым зьвязваюць легенды пра паходжаньне мату, брыдкай лаянкі. Як быццам Д’ябал пад’юдзіў чалавека да забойства бацькі і шлюбу з маткай. З таго часу і стаў ён лаяцца, скарыстоўваючы імя маці.”

(Ракіцкі: ) “Якія яшчэ паралелі з іншымі міталёгіямі можна было б прывесьці да такой далікатнай тэмы?”

(Валодзіна: ) “Прыкладам, беларусам вядомая баляда пра ўдаву i ейных сыноў–блiзьнятаў (двайнюкоў, трайнюкоў), якіх яна, уклаўшы ў карабец, сплаўляе па Дунаі. Праз 12 гадоў яны вяртаюцца i робяць спробу ажаніцца з маці i сястрой. Гэты сюжэт амаль дакладна паўтарае хецкi міт пра царыцу Канеса. Хецкая царыца таксама нарадзiла сыноў–блiзьнюкоў (аж 30) i сплавiла іх у судзіне па рацэ, але яны вярнуліся і хацелі пабрацца са сваімі сёстрамі”.

(Ракіцкі: ) “Пакуль гаворка ішла пра пераважна разбуральны, нэгатыўны зьмест мешаніны крыві. Ці мае ён у народнай духоўнай спадчыне хоць якое апраўдальнае вытлумачэньне?”

(Валодзіна: ) “Не. Інцэсту зь няведаньня традыцыя спачувае, але наўмыснае асуджае без ваганьняў. Гэта – адлюстраваньне сацыяльнага хаосу, цуд. Менавіта цуд. А цуду ў традыцыі прыпісваліся апатрапеічныя, абарончыя функцыі. На Палесьсі, прыкладам, калі хадзіў нябожчык, каб адратавацца, раілі расказваць яму пра падрыхтоўку да шлюбу між братам і сястрою. Зьдзіўлены нябожчык папытае: “Дзе гэта бачна, каб брат з сястрою жаніўся?” А яму ў адказ: “А дзе гэта бачна, каб мёртвы да жывое хадзіў? А ўжо шлюб між кумам з кумою зьдзіўляе і русалку.”

“Што ехаў чэловек із работы, а русалка подыйшла да села на воз. Села і едзе, і едзе, і едзе моўчкі. Чэловек спыніў волы на дворэ, она зьлезла да села от у хаці. Як наліваюць обед, она пары нагнеца да ўхопіць да й зноў сядзе моўчкі. Бацюшка яму параіў, што рабіць. Чэловек так глянуў у вокно дай кажэ: вон веселье едзе, брат іс сестрою жэніцца. А вона отвеціла: гусьцейша кроў бvдзе, кажэ, і седзіць. А вун кажэ: ох, да і чvдо-чудо, веселье едзе, кум с кумою, ка, жэніцца. А вона кажэ: о, етэ чvдо пойдv і я побачу. Да забраласа пошла с хаты. Это также расказывалі старые людзі, а буг йо знае, я ж не знаю. Ето й кажуць так, што грешней пожаніца кум с кумой, чым брату с сестрой.”

(Ракіцкі: ) “Многае з гэтых аповядаў успрымаем мы як казку ды дзівуемся, як становяцца вядомымі клясычныя сюжэты ў колішніх непісьменных вёсках. Выходзіць, гэта тэма вечная?”

(Валодзіна: ) “Выходзіць, вечная. Толькі ў фальклёрнай традыцыі інцэст заўсёды караецца. І апраўданьня яму няма.”
XS
SM
MD
LG