Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-прэзыдэнты Чэхіі, Германіі, Ірляндыі – за дэмакратыю ў Беларусі


Алена Струвэ, Менск “Эўропа і ЗША мусяць канчаткова дамовіцца пра тое, каб рэпрэсіўная палітыка Лукашэнкі была спыненая” – пра гэта гаворыцца ў адкрытым лісьце экс-прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гавала, экс-прэзыдэнта Ірляндыі Мэры Робінсан, экс-прэзыдэнты Нямеччыны Рыхарда фон Вайцзэкер, экс-прэзыдэнта Паўдзённай Афрыканскай Рэспублікі Фрэдэрыка дэ Клерка ды іншых вядомых у сьвеце палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў, якія падпісалі зварот.

Зварот, у якім аўтары патрабуюць ад Эўразьвязу, ЗША ды іншых дэмакратыяў разьвіцьця сумеснай стратэгіі дзеля дэмакратызацыі Беларусі, надрукаваны ў венскім выданьні "Der Standard" і іншых СМІ.

Паводле колішніх дзяржаўных лідэраў, чые імёны па-ранейшаму карыстаюцца аўтарытэтам ва ўсім дэмакратычным сьвеце, за 11 год аўтарытарнага кіраваньня Беларусьсю Аляксандрам Лукашэнка, у краіне штодня ажыцьцяўляюцца масіўнае парушэньне правоў чалавека, перасьлед і арышты праціўнікаў рэжыму, журналістаў, маніпуляцыя грамадзкай думкі з дапамогай падкантрольных прэзыдэнту СМІ. З дапамогай антыканстытуцыйнага рэфэрэндуму Лукашэнку ўдалося забясьпечыць сабе удзел у прэзыдэнцкіх выбарах у 2006 годзе.

Як гаворыцца ў звароце, інфармацыйная блякада ў Беларусі становіцца ўсё больш істотнай, незалежныя мэдыі, апазыцыйныя і грамадзкія арганізацыі, якія супрацьстаяць рэжыму паступова ліквідуюцца, шанцы маладых людзей атрымліваць адукацыю за мяжой істотна абмежаваныя.

Не ў апошнюю чаргу ўсяго гэтага Лукашэнка дасягае з-за інэртнасьці Захаду, адсутнасьці інтарэсу да лёсу гэтай постсавецкай краіны, перакананыя аўтары адкрытага ліста.

“Мы лічым неабходным выкарыстаць кожную магчымасьць дзеля таго, каб зламаць гэты мур інэртнасьці і істотна аслабіць пазыцыі постсавецкага аўтакрата. Эўразьвяз мусіць падтрымліваць кантакты і каапэрацыю зь незалежнымі ініцыятывамі ў Беларусі... Краіны аб''яднанай Эўропы разам з Украінай мусяць апэратыўна прарэагаваць на прапановы эўрапейскіх парлямэнтароў Анушкевіча і Кліха адносна арганізацыі для Беларусі незалежных радыё– і тэлетрансьляцыяў з суседніх краінаў, з тым каб беларусы мелі доступ да нецэнзураванай інфармацыі”, гаворыцца ў заяве Вацлава Гавала, Мэры Робінсан, Рыхарда фон Вайцзэкера, Фрэдэрыка дэ Клерк ды іншых выбітных палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў сьвету.
XS
SM
MD
LG