Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Адной з самых старых жыхарак плянэты – Ганьне Барысевіч – вярнулі зрок


Іна Студзінская, Менск Увесну Радыё Свабода паведаміла пра адну з найстарэйшых жанчынаў плянэты, беларуску Ганну Барысевіч. Як сьцьвярджае жанчына, ёй 117 гадоў. У Ганны Адамаўны былі сур’ёзныя праблемы са зрокам: яна амаль нічога ня бачыла. На нашу перадачу адгукнулася кіраўнік беларускага прадстаўніцтва кампаніі, якая займаецца афтальмалягічнымі прэпаратамі і абсталяваньнем “Алькон” Алена Дзянісава.

Кіраўніца менскага офісу "Алькон" прапанавала дапамагчы бабулі, правесьці дыягнастычнае абсьледаваньне, прызначыць лекі, нейкія працэдуры. А неўзабаве беларускія афтальмолягі адважыліся на ўнікальную апэрацыю і вярнулі зрок Ганьне Барысевіч.

Тут трэба аддаць належнае настойлівасьці Алены Дзянісавай. Ажно з траўня ўгаворвала 117-гадовую бабулю пагадзіцца прайсьці абсьледаваньне, але Ганна Адамаўна была не ў настроі і не пагаджалася. Як потым высьветлілася, яна думала, што за гэта прыйдзецца плаціць, а пэнсія ў яе вельмі малая. У тым, што бабуля пагадзілася на абсьледаваньне, вялікую ролю адыграла менавіта настойлівасьць і асабістая абаяльнасьць Алены Дзянісавай. Яна дамовілася зь лепшымі адмыслоўцамі. Афтальмолягі правялі дыягностыку, паставілі дыягназ “катаракта”. Потым бабулю паглядзелі розныя спэцыялісты, прыяжджалі да яе дамоў браць аналізы.

Распавядае кіраўніца прадстаўніцтва “Алькон” у Беларусі Алена Дзянісава:

(Дзянісава: ) “Калі прынесьлі вынікі аналізаў, мы ўсе вельмі зьдзівіліся: ня ў кожнага 70-гадовага такія аналізы, як у яе ў 117. І мы ўсе вельмі перажывалі: ня дай Бог што здарыцца. Яна і сама ўнутры вагалася: "вытрымаю – ня вытрымаю...." Але як наважылася, дык трымалася вельмі спакойна, і на апэрацыйным стале было нават цяжка выдавіць зь яе, як адчувае. Затое цяпер яна такая давольная, шчасьлівая, усьміхаецца”.

Афтальмолягі прадугледзелі тры віды лінз, адпрацавалі некалькі варыянтаў імплянтацыі штучнага крышталіка. Кандыдат мэдычных навук Ігар Пашкін рызыкнуў правесьці ўнікальную апэрацыю:

(Пашкін: ) “На шчасьце, мы ішлі на апэрацыю добра падрыхтаваныя, добра абсьледавалі з усіх бакоў, і ўбачылі, што яе біялягічны ўзрост ня 117 год, а значна менш. Яна дастаткова здаровы чалавек. Мне першаму ўдалося заглянуць унутр арганізму. Стан унутрывачовых структур таксама быў даволі нармальны. Рызыкнулі. Правялі апэрацыю дастаткова спакойна, усё завяршылася добра”.

І Алена Дзянісава, і Ігар Пашкін ад сваёй пацыенткі ў захапленьні. Да апэрацыі бабуля была вельмі маўклівая, стрыманая, але пасьля таго, як зноўку ўбачыла сьвет – разгаварылася, не хавала пачуцьця ўдзячнасьці.

Ігар Пашкін хоча зрабіць апэрацыю Ганьне Адамаўне яшчэ і на другое вока. Пакуль Ганна Адамаўна прызналася: вагаецца, бо вельмі шчасьлівая, што хоць як стала бачыць. Але маё асабістае адчуваньне – гэты чалавек можа рызыкнуць. Сапраўды, бабуля вельмі цікавая, абаяльная, з цудоўным пачуцьцём гумару, і аптымістка па жыцьці – таму й жыве доўга. Я памятаю, калі год таму цікавілася сакрэтам яе даўгалецьця, Ганна Адамаўна сказала: ня трэба нэрвавацца, ня трэба злавацца, зайздросьціць іншым, і пражывеш доўга. Я размаўляла зь ёй і ўчора.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы сябе адчуваеце пасьля апэрацыі?”

(Барысевіч: ) “Вельмі добра. Усё бачу: дарогу бачу, як іду, што на стале стаіць бачу, ідзе тэлевізар, я бачу”.

(Карэспандэнтка: ) “Страшна было?”

(Барысевіч: ) “Думала, што страшна будзе, балюча. А я нічога не адчувала. А цяпер я ведаю надвор''е, бачу дрэвы, бульба расьце, і яблыкі. Дзякуй вялікі, дзякуй за гэта. І вам дзякуй, здароўя хай Бог дае вам, жыць даўжэй. Столькі пажыць, колькі я. І каб толькі здаровымі быць”.

Апэрацыяй такой пажылой пацыенткі ўжо цікавяцца афтальмолягі ЗША, Канады. І ў беларускіх мэдыкаў ёсьць шанец трапіць у Кнігу рэкордаў Гінэсу.
XS
SM
MD
LG