Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папа Бэнэдыкт XVI прыляцеў у Кёльн


Кастусь Бандарук, Прага Папа Бэнэдыкт XVI прыбыў сёньня з 4-дзённым візытам на сваю радзіму, у Нямеччыну. Гэта першая замежная паездка Ёзафа Рацынгера, абранага рымскім пантыфікам сёлета 19 красавіка. Асноўная мэта візыту – удзел у XX Усясьветных днях моладзі ў Кёльне, але папа сустрэнецца таксама з афіцыйнымі прадстаўнікамі ФРН, а таксама з ісламскімі і габрэйскімі лідэрамі Нямеччыны.

У аэрапорце імя Конрада Адэнаўэра папу віталі як кіраўніка дзяржавы прэзыдэнт ФРН Горст Колер і канцлер Гэрхард Шрэдэр, а таксама вялікая колькасьць вернікаў.

“Сьвяты Ойча. Вітаем на радзіме, вітаем ў Нямеччыне!” – сказаў Горст Колер. Радаснымі воклічамі віталі папу вернікі.

Папа прамовіў да вернікаў, што прыйшлі на лётнішча:

(Бэнэдыкт XVI: ) “З глыбокай радасьцю прыбываю сёньня ўпершыню пасьля майго абраньня на апостальскі пасад на маю дарагую радзіму, Нямеччыну – сказаў Папа. Дзякую Богу, што Ён дазволіў мне распачаць пастырскія падарожжы паза межамі Італіі з краіны, дзе я нарадзіўся. Прыбываю ў Кёльн з нагоды XX Усясьветных дзён моладзі, якія ўжо даўно мой незабыўны папярэднік Ян Павал Другі заплянаваў і прызначыў. Хай Бог блаславіць усіх тут прысутных, а таксама пілігрымаў і жыхароў краіны. Хай Бог сьцеражэ Нямеччыну”

У Кёльне чакалі прыезду Папы 400 тысяч маладых людзей з амаль 200 краінаў сьвету.

(Бэнэдыкт XVI: ) “Сустрэча такой вялікая колькасьці маладых людзей з пераемнікам Сьвятога Пятра, гэта знак жывучасьці царквы. Я шчасьлівы, што магу быць сярод маладых людзей і, калі Бог дазволіць, падтрымліваць іхную веру і ажыўляць надзею”.

Такія сустрэчы, які адбываюцца кожныя два гады, запачатакаваў у 1980-я гады Ян Павал Другі. Гэтым самым ён хацеў прыцягнуць маладых людзей да царквы.

У пляне візыту Папы ў Нямеччыну: паездка на караблі па Рэйне, прамова да вернікаў сабраных на беразе ракі, наведаньне сярэднявечнага Сабору ў Кёльне, а затым сустрэча з моладзьдзю. Кульмінацыйным момантам пілігрымкі будзе нядзельная імша на прыгарадным лузе Марыенфэльд, у якой, як мяркуецца возьмуць удзел каля 800 тысяч вернікаў.

Аглядальнікі адзначаюць, што Бэнэдыкт XVI зь вялікім хваляваньнем вяртаецца на радзіму і параўноўваюць гэтую пілігрымку да вяртаньня Адысэя ў Ітаку. Ёзаф Рацынгэр пакінуў радзіму 20 гадоў таму, і не надта цесна быў зь ёю зьвязаны, і нават не таму, што пасьля прыезду ён не пацалаваў зямлю.

Публіцыст Кор''ерэ дэ ля Сэра Луіджы Акатолі піша, што прыезд на радзіму бянтэжыць Бэнэдыкта XVI, бо ў яго ня надта цёплыя адносіны да яе, як гэта было ў выпадку Яна Паўла Другога і Польшчы. За гэтыя 20 гадоў – піша ватыканіст Марка Паліці, вельмі зьмянілася сама Нямеччына, і пры тым ў бок сьвецкай дзяржавы. Канстытуцыйны суд ФРН, напрыклад, прыняў рашэньне, што дзіцё можа адмовіцца ад вучобы ў школе, у якой на сьцяне вісіць крыж.

Шмат каго з аглядальнікаў хвалюе пытаньне, ці Бэнэдыкт XVI, чалавек кансэрватыўны, стрыманы і нешматслоўны, знойдзе агульную мову з моладзьдзю, што цудоўна атрымлівалася ў былога актора, эмацыйнага і адкрытага Яна Паўла Другога.

Не вядома, як будзе выглядаць сустрэча Папы з прадстаўнікамі ісламу, паколькі ўсе памятаюць, што Папа быў супраць далучэньня Турцыі да хрысьціянскай Эўропы. І нарэшце – яшчэ не вядома, як самі немцы прымуць свайго вялікага суайчыньніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG