Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі памятаюць “гарачае” лета 1995 году


Вячаслаў Кулік, Менск Роўна 10 гадоў таму – 17 жніўня 1995 году – рабочы страйк паралізаваў працу менскага мэтро. Чым быў абумоўлены той усплёск страйкавага руху? Якія патрабаваньні выстаўлялі страйкоўцы да адміністрацыі мэтрапалітэну? Хроніку падзеяў 10-гадовай даўнасьці ўзнаўляе Вячаслаў Кулік.

Раніцай 17 жніўня 1995 году жыхароў сталіцы Беларусі сустрэлі зачыненыя дзьверы станцыяў мэтро. Мала хто ведаў, што праца падземкі паралізаваная. Напярэдадні не было “апошніх папярэджаньняў” праз прэсу, не прызначалася гадзіна “Ч”, якой бы чакалі. Яшчэ меншае кола людзей ведала, што мэтро забаставала ня зь першае спробы. Былы старшыня прафсаюзнага камітэту чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў мэтро Мікалай Канах нагадвае: хваляваньні пачаліся 30 красавіка 1995-га, калі начальнік мэтрапалітэну Ўладзімер Набешка сваім загадам адмяніў артыкулы калектыўнай дамовы і тарыфнага пагадненьня.

(Канах: ) “Прафкам галіновага прафсаюзу і прафкам Свабоднага прафсаюзу згуртаваліся і супольна пачалі змагацца за правы працаўнікоў падземкі. Спачатку напісалі пісьмо ў Фэдэрацыю прафсаюзаў; зьвярнуліся да Ярмошына, які быў тады мэрам Менску; напісалі зварот у транспартную пракуратуру і інспэкцыю працы. Адусюль мы атрымалі адказ, што начальнік мэтрапалітэну парушае заканадаўства аб працы, а таксама калектыўныя дамовы”.

Па словах Мікалая Канаха, спадзяваньні калектыву мэтро на партнэрства і цывілізаваны дыялёг зь дзяржаўнымі структурамі ня спраўдзіліся. “Былі толькі пісьмовыя адказы, ніхто зь іх не ўмяшаўся ў канфлікт”, – кажа спадар Канах.

(Канах: ) “Тады мы зьвярнуліся ў суд. Была створаная прымірэнчая камісія. Але кіраўнік мэтрапалітэну стварыў такія ўмовы, што ў любым выпадку рашэньне заставалася за ім. У нас не было выбару, апрача як склікаць канфэрэнцыю працоўнага калектыву і раіцца, што далей рабіць”.

Дадатковым штуршком для прыняцьця рашэньня аб страйку стаў зварот кіроўцаў тралейбусаў Гомелю і работнікаў аўтапаркаў і тралейбусных дэпо Менску да мэтрапалітэнаўцаў. З 15 жніўня кіроўцы прыходзілі на працу, але за руль не садзіліся, патрабавалі ад адміністрацыі падвысіць заробкі. Вечарам 16 жніўня 1995 году ў мэтрапалітэне адбылася сумесная канфэрэнцыя афіцыйнага і Свабоднага прафсаюзаў. На наступны дзень раніцай у менскім мэтро пачалася забастоўка. Што памятаюць пра гэтую падзею дзесяцігадовай даўніны жыхары сталіцы?

(Спадарыня: ) “Было, ведаю, так. Нешта згадваецца, але падрабязьней нічога сказаць не магу”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што гэта было несур”ёзна. Я сама працавала тады і езьдзіла ў мэтро. Яно мяне ў свой час ратавала, бо жыву ў аддаленым раёне”.

(Спадар: ) “Я быў на іхным баку. Мэтрапалітэнаўцы змагаліся не за грошы. Яны тады добра зараблялі. Але начальніку было напляваць на ўсе дамовы. Гэта і “ўзарвала” людзей”.

Гаварылі ўдзельнікі вулічнага апытаньня. А зараз зьвернемся да хронікі падзеяў.

17 жніўня 1995 году. Па словах былога машыніста Сяргея Пісарэнкі, на пляцы на тэрыторыі электрадэпо “Маскоўскае” сабралася 900 страйкоўцаў. Першым да іх прыехаў Уладзімер Ярмошын, але дамовіцца з мэрам Менску не ўдалося.

(Пісарэнка: ) “Пачалася забастоўка. Да нас прыехалі АМОН і спэцназ. У экіпіроўцы са шчытамі. Выгляд у іх быў пагрозьлівы. Выйшаў палкоўнік і папярэдзіў: “Хлопцы, вы адсюль павінны сысьці, а калі будзе супраціў, то выдалім. І вось вам палкоўнік: ён правядзе на пляц Свабоды, дзе Свабодны прафсаюз”. І нас туды правялі: па Фабрыцыюса, па Нямізе і на пляц Свабоды. Можна сказаць, што там мы знаходзіліся да 21 жніўня”.

18 жніўня. На загад Менгарвыканкаму выплачаны заробак страйкоўцам –шафёрам менскіх аўтапаркаў і тралейбусных дэпо. Узмацняюцца пагрозы і шантаж удзельнікаў страйку ў мэтро. Сьведчыць былы машыніст Аляксандр Кручынін:

(Кручынін: ) “Былі падключаныя работнікі пракуратуры і сьледчыя. Яны выклікалі нас па аднаму і прымушалі адмовіцца ад удзелу ў страйку”.

19 жніўня. Адміністрацыя мэтрапалітэну паведаміла, што звольненыя 16 машыністаў ды іншых работнікаў. У 17.00 пляцоўку перад офісам Свабоднага прафсаюзу ачапілі ўнутраныя войскі і спэцназ. Гаворыць Генадзь Быкаў:

(Быкаў: ) “Нас сабралася чалавек 250 – 300. І тут акружаюць. Відаць, гэта была брыгада Паўлючэнкі. Мажліва, ня быў яшчэ камандзірам, але прысутнічаў. Чаму так кажу? Бачыў, што афіцэры ў чырвоных “шапках” – крапавыя барэты з “адбітай галавой”. Камандаваў Агалец – ачольнік унутраных войскаў. Лукашэнка ўвечары выступіў: “Я даў загад навесьці парадак. Гэты загад ня быў выкананы!” Як высьветлілася, Лукашэнка даў загад зьбіць людзей. А там былі нашыя людзі – ад 30 да 40 гадоў. Калі б пачалася бойка, а пад рукамі цагліны, то крыві там было б нямерана. Я вывеў людзей з гэтай бойкі, зьбіцьця не адбылося”.

20 жніўня. На цягніках мэтро працуюць маскоўскія штрэйкбрэхеры, а таксама чыгуначнікі з дэпо Воршы, Баранавічаў і Менску. Расказвае былы машыніст Павал Мірочнікаў:

(Мірочнікаў: ) “Па сутнасьці, яны не патрэбныя былі на сваей працы. Па прынцыпу: вазьмі божа, што нам ня гожа. З Масквы чартарным рэйсам прывезьлі яшчэ людзей. Але штрэйкбрэхеры надвор”е не зрабілі. Нашыя паехалі! Калі нашыя спалохаліся рабацягі, то ўсё і скончылася”.

21 жніўня. У 8.30 на праспэкце Скарыны АМОНам у масках былі затрыманыя і накіраваныя ў сьледчы ізалятар старшыня прафкаму мэтрапалітэну Мікалай Канах і старшыня Свабоднага прафсаюзу работнікаў Менскага мэтрапалітэну Ўладзімер Макарчук. У той жа дзень арыштаваны старшыня Свабоднага прафсаюзу Беларусі Генадзь Быкаў. Сьведчыць Мікалай Канах:

(Канах: ) “Прыйшлі чарговы раз у офіс Свабоднага прафсаюзу і ўбачылі, што прыяжджаюць вайсковыя машыны і з кузаваў выскокваюць магутныя хлопцы ў камуфляжнай форме. Гэта быў панядзелак, апошні дзень. Многія вярнуліся на працу, а як толькі мы адышлі крокаў на дваццаць, пачулі тупат ног і убачылі, што бягуць людзі ў камуфляжнай форме. Яны закінулі нас у грузавік і завезьлі ў вайсковую частку. Там нас пратрымалі трое сутак. За гэты час вазілі ў гарадзкі суд. Страйк быў прызнаны незаконным і прысудзілі 10 сутак нібыта за несанкцыянаванае шэсьце ад вуліцы Фабрыцыюса да пляцу Незалежнасьці”.

Гэта была хроніка пяці дзён страйку ў менскім мэтро. Далей адміністрацыя звольніла 22 машыністы. А ўсяго ў мэтро страцілі працу 56 машыністаў, сьлесараў, электрамэханікаў. У Гомелі выставілі за вароты 20 страйкоўцаў, на 12 шафёраў тралейбусаў завялі крымінальныя справы. Хадаком па чыноўніцкіх кабінэтах для аднаўленьні справядлівасьці да звольненых і асуджаных быў тады дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня Сяргей Антончык. Ягоная ацэнка мінулага з пазыцыяў сёньняшняга дня:

(Антончык: ) “Лукашэнка баіцца і баяўся арганізаваных рабочых. Жорсткасьць і неадэкватнасьць, якія былі з боку ўлады, сьведчаць пра гэты страх. Другі вынік: пры падрыхтоўцы акцыяў такога ўзроўню трэба ўсё дасканала пралічваць: патрабаваньні, тактыку, прамежкавыя вынікі, якое павінна быць ідэалягічнае забесьпячэньне. Частка грамадзтва ня ведала, што адбываецца. Яны карысталіся толькі афіцыйнымі сродкамі масавай інфармацыі. Не было ўлётак. Яшчэ адзін вынік: людзі ўбачылі, на што здатны рэжым. Былі адчыненыя першыя фільтрацыйныя пункты. І былі спробы крадзяжу людзей, калі яны зьнікалі на некалькі дзён. Гэта такія гістарычныя вынікі і ўрокі, на якіх трэба вучыцца”.
XS
SM
MD
LG