Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На аб''яўленых чыстымі землях расьце радыяактыўнае збожжа


Казімер Яноўскі, Гомель Паводле адмысловай пастановы ўраду сёлета 48 паселішчаў Гомельскай вобласьці аб''яўленыя чыстымі ад радыяцыі. Яшчэ 102 населеныя пункты пераведзены ў меней заражаныя зоны. Гэта, аднак, не зрабіла больш чыстым збожжа новага ўраджаю, вырашчанае на нібыта чыстых ад радыяцыі землях. Сытуацыю высьвятляў наш гомельскі карэспандэнт.

Жыхары вёскі Казялужжа Хойніцкага раёну сёлета страцілі права на адсяленьне ды іншыя сацыяльныя льготы. Паводле пастановы ўраду, у Казялужжы нібыта стала меней радыяцыі, вёска пераведзена ў зону пэрыядычнага радыяцыйнага кантролю. Гэтага аднак не паўплывала на чысьціню вырашчанага тут збожжа. Распавядае Зінаіда Атрошчанка, старшыня прафкаму сельгаспрадпрыемства “Хойніцкае”, да якога належыць вёска Казялужжа:

(Атрошчанка: ) “Наша Казялужжа зрабілі чыстай зонай. А ў нас ячмень заражаны стронцыем у тры разы болей дапушчальнага ўзроўню. Уся прадукцыя заражаная. Стронцыю ў збожжы, мне сказалі, ажно ў тры разы болей нарматыву”.

Шмат вёсак аб''яўлены больш чыстымі і ў Буда-Кашалёўскім раёне, у прыватнасьці, у сельгаспрадпрыемствах “Юбілейны”, “Дубавіцкі”, “Івольск”.

Праверку тамтэйшага збожжа на радыяцыю вядзе лябараторыя досьледнай станцыі хімізацыі. Намесьнік дырэктара гэтай станцыі Іван Храмкоўскі паведаміў нашаму радыё:

(Храмкоўскі: ) “Зьвесткі, канечне, не ўяўляюць сакрэтнасьці. У сельгаспрадпрыемстве “Юбілейны” выяўлена заражаная яравая пшаніца. Узровень забруджваньня яе стронцыем склаў 17 бэкерэляў на кіляграм пры нарматыўным максымальным узроўні 11 бэкерэляў. Перавышалі гэты ўзровень пшаніца зь сельгаспрадпрыемства “Івольск”, авёс – з саўгасу “Дубавіцкі”, жыта і авёс – з саўгасу “Камінтэрн”. Не адпавядаў нарматыву і авёс у фэрмэра Раманенкі зь вёскі Дуравічы. Паводле замераў, узровень забруджваньня склаў звыш 14 бэкерэляў, а дапускаецца – 11. Гэта што да стронцыю, а цэзій мы не правяраем”.

Галоўны аграном сельгаспрабпрыемства “Юбілейны” Уладзімер Маслаў падчас гутаркі спрабаваў абвергнуць зьвесткі пра заражанасьць яравой пшаніцы стронцыем. Маўляў, адбылася блытаніна. На дасьледаваньне памылкова адпраўлена насенная пшаніца, прывезеная з Хойнікаў. Іншыя адмыслоўцы зьвесткі пра заражанасьць збожжа стронцыем не абвяргалі.
XS
SM
MD
LG