Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Т.Процька пра ўказ Лукашэнкі: "Гэта дадатковы акт застрашваньня"


Алесь Дашчынскі, Менск Папраўкі да прэзыдэнцкага Ўказу аб міжнароднай тэхнічнай дапамозе ўспрыняты ў многіх недзяржаўных грамадзкіх арганізацыях Беларусі як чарговы крок да абмежаваньня іхнае дзейнасьці.

Практычна ўсе праекты, у якіх удзельнічаюць грамадзкія арганізацыі, беларускія ўлады спрабуюць заблякаваць. Напрыклад, Беларускі Гэльсынскі камітэт быў гатовы распачаць праект сацыяльнай дапамогі былым вайскоўцам, на які Эўракамісія выдаткоўвала 150 тысяч эўра. Аднак далей ягоны лёс залежаў ад дзяржаўных структураў.

Адмысловая камісія пры Савеце міністраў, якая павінна была зарэгістраваць гэты праект і такім чынам дазволіць рэалізацыю яго на тэрыторыі Беларусі, палічыла, што ён не адпавядае нацыянальным інтарэсам. У выніку — значнай грашовай дапамогі не атрымалі ні былыя вайскоўцы, ні дзяржава. Тлумачыць выканаўчы дырэктар Беларускага Гэльсынскага камітэту Алег Гулак.

(Гулак: ) “Улада папросту паглядзела на падзеі ў суседніх краінах і вельмі баіцца падобнага сцэнару, таму, як агню, баіцца ўсякіх формаў не санкцыянаванай уладай актыўнасьці. І таму яны гатовы адмовіцца ад усякай дапамогі з боку недзяржаўных арганізацый і нават забараняюць скарыстаць замежную дапамогу на статутныя мэты, на аплату офісу, канцылярыю, на аплату тэлефону, якую мы атрымалі ад нашай міжнароднай арганізацыі — Міжнароднай хэльсынскай фэдэрацыі. Гэта забарона на ўсе формы недзяржаўнай, не санкцыянаванай дзяржавай, грамадзкай актыўнасьці”.

Старшыня БХК Тацяна Процька зазначае, што цяперашнія папраўкі да Ўказу фактычна нічога новага не дадаюць да дзейнае практыкі. Акрамя таго, што акцэнтуюць увагу на правядзеньні сэмінараў і іншых адукацыйных мерапрыемстваў.

(Процька: ) “Ужо горш, чым ёсьць, ад гэтага ня будзе. Папросту ўлада баіцца. Гэта дадатковы акт застрашваньня, накіраваны на тое, каб узмацніць пільнасьць чыноўнікаў”.

Паводле лідэра “Партнэрства” Мікалая Астрэйкі, цяперашні Ўказ Аляксандра Лукашэнкі стаў поўнай нечаканасьцю для незалежных назіральнікаў за выбарамі. Спадар Астрэйка ўпэўнены, што Ўказ накіраваны на абмежаваньне незалежнага назіраньня.

(Астрэйка: ) “Мы плянавалі, што на гэтыя выбары прымем дапамогу нашых украінскіх і грузінскіх сяброў, якія зьбіраліся прыехаць сюды й навучаць нашых назіральнікаў — тых людзей, якія будуць працаваць і на выбарчых участках, і ў тэрытарыяльных камісіях. А цяпер мы аказаліся ў такой складанай сытуацыі. Гэта ня нейкая матэрыяльная дапамога — назіральнікам патрэбны досьвед і веды. Такія Ўказы прэзыдэнта парушаюць ня толькі Канстытуцыю, але наўпрост парушаюць шэраг законаў Беларусі”.

Як паказвае практыка, выкарыстаньне эўрапейскай дапамогі забараняецца ўладамі ня толькі на падрыхтоўку назіраньня за выбарамі, але нават на экалягічную працу.

Гаворыць старшыня грамадзкай экалягічнай арганізацыі "Экадом" Ірына Сухій.

(Сухій: ) “Цяпер што-небудзь рэалізоўваць у Беларусі практычна немагчыма. Правілы такія, што прайсьці гэтую працэдуру вельмі складана. Як толькі гаворка заходзіць пра сэмінары, — адразу ўлады іх адхіляюць. Лёс праекту залежыць ад чыноўніка: ён хоча — рэгіструе, а хоча — не рэгіструе. Абскардзіць гэта немагчыма. У нас быў адукацыйны праект па канвэнцыі аб доступе да экалягічнай інфармацыі (гэтую канвэнцыю называюць яшчэ “экалягічнай дэмакратыяй”). Гэта, відаць, і напалохала ўладу. Экалягічным арганізацыям вельмі складана працаваць у нашай краіне й ажыцьцяўляць якія-небудзь праекты”.

Аляксандар Лукашэнка падпісаў Указ аб забароне на атрыманьне й выкарыстаньне міжнароднай тэхнічнай дапамогі ў “антыканстытуцыйных мэтах”. Забараняецца атрымліваць міжнародную тэхнічную дапамогу “для захопу ці скіданьня дзяржаўнай улады, умяшальніцтва ва ўнутраныя справы Беларусі, для распальваньня сацыяльнай, нацыянальнай і рэлігійнай варожасьці”. Дапамога таксама ня можа выкарыстоўвацца для падрыхтоўкі й правядзеньня выбараў, рэфэрэндумаў, масавых акцыяў, вырабу агітацыйных матэрыялаў. Указ адносіць да міжнароднай тэхнічнай дапамогі бясплатную дапамогу ў форме арганізацыі й правядзеньня сэмінараў, канфэрэнцыяў і іншых грамадзкіх мерапрыемстваў. Арганізатары такіх мерапрыемстваў — атрымальнікі міжнароднай тэхнічнай дапамогі — мусяць падаваць інфармацыю пра наладжаньне іх у Камісію па пытаньнях міжнароднага тэхнічнага супрацоўніцтва Савету міністраў, а таксама рэгістраваць у Міністэрстве эканомікі, якое, у сваю чаргу, абавязана падаваць адпаведныя пацьверджаньні ў аблвыканкамы.
XS
SM
MD
LG