Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Gazeta Wyborcza”: “Пуціну патрэбны Лукашэнка”


Вячаслаў Ракіцкі , Прага Адначаснае цкаваньне палякаў у Беларусі і напады ў Маскве на польскіх дыпляматаў і журналіста змушае польскіх палітыкаў задацца пытаньнем пра магчымую сувязь паміж гэтымі інцыдэнтамі. На гэтую тэму “Gazeta Wyborcza” надрукавала артыкул “Пуціну патрэбны Лукашэнка”. Былы міністар абароны Польшчы, дэпутата Сэйму Браніслаў Камароўскі аналізуе кантэкст, у якім адбываюцца сур’ёзныя абвастрэньні дачыненьняў Польшчы з Расеяй і Беларусьсю.

Сёньняшняй крамлёўскай камандзе можа падацца прывабнай беларуская мадэль папулісцкай дыктатуры, заснаванай на поўным кантролі над СМІ, разрослых сілавых структурах і паступовай рэнацыяналізацыі стратэгічных галінаў вытворчасьці – лічыць польскі палітык.

На думку Браніслава Камароўскага, ня можа быць ніякіх сумненьняў ў тым, што дзеяньні Менску супраць Саюзу палякаў у Беларусі – гэта чарговы ход дыктатара, які кіруе ізаляванай краінай са струхлелай эканомікай, які, баючыся паўтору ў сябе ўкраінскага сцэнару, імкнецца зьліквідаваць усе праявы некантраляванага палітычнага і грамадзкага жыцьця. Пра гэта сьведчыць эскаляцыя рэпрэсіяў супраць апазыцыйных партыяў, незалежных СМІ і няўрадавых арганізацыяў.

Гэты дыягназ пацьвердзіў і ўдзел Лукашэнкі ў канфэрэнцыі лідэраў дзяржаў цэнтральнай Азіі і Расеі ў Астане, дзе няўрадавыя арганізацыі былі прызнаныя “філіямі замежных выведных службаў”, што імкнуцца “зрынуць дзяржаўны лад”. Неўзабаве пасьля канфэрэнцыі прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін прызначыў Мадэста Колерава на пасаду каардынатара стратэгіі ў недапушчэньні каляровых рэвалюцыяў.

Браніслаў Камароўскі падкрэсьлівае, што такі крок Крамля характэрны для постсавецкай палітычнай культуры ўспрыманьня сьвету ў катэгорыях змовы і перакладаньня віны за эканамічныя няўдачы на зьнешніх і ўнутраных ворагаў.

Пашырэньне Эўрапейскага Зьвязу на Ўсход і сэрыя “каляровых рэвалюцыяў” падарвалі палітычны і фінансавы фундамэнт, на які абапіраліся болей ці меней аўтарытарныя ўлады постсавецкіх дзяржаў. Болей за тое, пашырэньне Эўразьвязу на краіны Цэнтральнай Эўропы, мовы якіх не ўяўляюць сабой бар’еру для жыхароў усходу Эўропы, а культура часта мае роднасны характар, прыблізіла да постсавецкіх краінаў зусім новыя , незвычайна прывабныя цывілізацыйныя, грамадзкія і сыстэмныя ўзоры. Яны больш прывабныя, чым тое, што дагэтуль прапаноўвалі мясцовыя алігархі, уключна з ідэямі Крамля аб інтэграцыі. На думку польскага палітыка, Эўразьвяз -- пры вырашальным унёску Польшчы – сваім аўтарытэтам падтрымаў памкненьні народаў Усходняй Эўропы да свабоды і дэмакратыі і, незалежна ад уласных праблемаў, не адмовіцца ад гэтай падтрымкі.

Будучыя зьмены на польскай палітычнай сцэне дадаткова мабілізавалі праціўнікаў празаходняй арыентацыі Ўсходняй Эўропы як у Менску, гэтак і ў Маскве. Яны яшчэ раней абвінавачвалі Варшаву ў пляценьні змоў з мэтаю падрыву расейскіх інтарэсаў у былым СССР. У Расеі і Беларусі нарастаў страх, што ўсходнюю палітыку Эўразьвязу ў значнай ступені будуць фармаваць новыя краіны-сябры Зьвязу, і найперш Польшча. У такой сытуацыі варта было чакаць, так бы мовіць, прэвэнтыўных дзеяньняў. І яны адбыліся. З гэтага Браніслаў Камароўскі робіць выснову, што новая палітыка Польшчы адносна Беларусі павінна ў яшчэ большай ступені мець на ўвазе расейскі фактар. Таму што гаворка тут ідзе ня толькі пра эксцэсы мясцовага ўзурпатара, а пра адэкватную рэакцыю Польшчы і Эўразьвязу на істотны сэгмэнт расейскай палітыкі – як у эўрапейскім, гэтак і ва ўнутраным вымярэньні.

Польскі палітык піша ў “Газэце Выборчай”, што было б спрашчэньнем разумець польска-беларускія дачыненьні як выключна палітычную і эканамічную залежнасьць рэжыму Лукашэнкі ад Масквы. З гледзішча сучасных крамлёўскіх элітаў Беларусь для Расеі таксама важная. Найперш як шырокі палігон для розных сацыятэхнічных гульняў, якія паводле сваёй прыроды знаходзяцца ў рашучай апазыцыі да ўсяго, што называецца эўрапейскімі каштоўнасьцямі і прынцыпамі дэмакратыі.

Для каманды, якая кіруе сёньня ў Расеі і якая манэўруе, каб застацца разам з Пуціным уплывовай і пасьля выбараў 2008 году, істотнай можа стацца распрацаваная ў Беларусі мадэль папулісцкай дыктатуры. Праўда, у Беларусі гэтая мадэль прывяла да эканамічнай стагнацыі і ізаляцыі дзяржавы на міжнароднай арэне. Аднак, Расея, якая валодае запасамі нафты і газа, што мае вялікае значэньне ва ўмовах крызысу на Блізкім Усходзе і ў Пэрсыдзкай затоцы, ня можа баяцца ні эканамічнага застою, ні нейкіх спробаў яе ізаляцыі. На жаль, зазначае Браніслаў Камароўскі, як паказваюць шматлікія польскія аналізы, абедзьве мадэлі – беларуская і расейская – становяцца ўсё болей падобнымі адна да другой.

На думку палітыка, такія высновы зьяўляюцца заклікам да сур’ёзнай дыскусіі пра форму будучай усходняй палітыкі. Камароўскі лічыць важным, што прэм’ер Бэлька падтрымаў прапанову віцэ-маршала Сэйму Туска правесьці надпартыйную дыскусію пра фармаваньне ўсходняй палітыкі Польшчы. А яе істотным элемэнтам павінен стаць эўрапейскі аспэкт. Польшча павінна імкнуцца да ролі лідэра ў фармаваньні ўсходняй палітыкі Эўразьвязу. Рэзкай мове ў нязгодзе з уціскам польскай мяншыні ў Беларусі павінны спадарожнічаць клопат пра разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці (адсюль польская рашучасьць у падтрымцы незалежнага радыё, а ў будучыні, магчыма, і тэлевізіі), гэтаксама як і намаганьні на карысьць рэальнага збліжэньня палякаў і беларусаў. Тое ж і з Маской: катэгарычнасьці рэакцый на відавочна правакацыйныя паводзіны Крамля павінен спрыяць клопат пра як мага лепшыя гандлёвыя, культурныя і проста міжчалавечыя кантакты. Так лічыць былы міністар абароны, дэпутат Сэйму Польшчы Браніслаў Камароўскі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG