Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Марынічу па амністыі скарацілі пакараньне на адзін год


Алег Грузьдзіловіч, Менск Да Міхаіла Марыніча ўжытая амністыя. Былому міністру й амбасадару скарацілі тэрмін зьняволеньня на адзін год. Адвакат кажа пра магчымае ўмоўна-датэрміновае вызваленьне, але не бярэцца прадказаць, калі гэта адбудзецца.

Пра тое, што пакараньне Міхаілу Марынічу, паводле амністыі, зьменшана на адзін год, Радыё Свабода паведаміла адвакат апазыцыянэра Валянціна Шаханцова. У дэпартамэнце выкананьня пакараньняў Міністэрства ўнутраных спраў пацьвердзілі гэтыя зьвесткі. Там паведамілі, што рашэньне пра амністыю было прынятае ў аўторак, 16 жніўня.

Такім чынам, цяпер пакараньне былому міністру й амбасадару складае 2,5 гады зьняволеньня, зь якіх Міхаіл Марыніч адбыў ужо 1 год і амаль 4 месяцы. Адвакат Марыніча Валянціна Шаханцова кажа, што гэта больш за палову новага тэрміну, і такім чынам зьявіліся шанцы на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне. Гэтыя шанцы адвакат разглядае як вялікія.

(Шаханцова: ) “Гэта рэальна, бо парушэньняў турэмнага рэжыму ў яго няма. У калёніі мусіць прайсьці паседжаньне камісіі, якая можа вырашыць, што яго трэба вызваліць умоўна-датэрмінова, — раз ён ня мае парушэньняў”.

Калі адбудзецца паседжаньне гэтай камісіі, адвакат ня ведае й прадказаць не бярэцца. Валянціна Шаханцова нагадала, што апошні раз у менскай калёніі, дзе знаходзіцца Міхаіл Марыніч, камісія па ўмоўна-датэрміновым вызваленьні зьбіралася 26 ліпеня. Справа Міхаіла Марыніча тады не разглядалася, бо да яго яшчэ не была ўжыта амністыя.

Адвакат паведаміла: стан здароўя Міхаіла Марыніча здавальняльны.

Нагадаем: за час знаходжаньня ў няволі былы міністар і амбасадар Міхаіл Марыніч перанёс інсульт і рэзкае абвастрэньне хваробы зроку. У 2004 годзе Міхаіл Марыніч быў засуджаны за крадзеж маёмасьці няўрадавай арганізацыі, якую ўзначальваў. Вінаватым ён сябе не прызнаў і патлумачыў матывацыю перасьледу як помсту за пераход у апазыцыю й намер вылучацца на прэзыдэнта ў 2006 годзе. Арганізацыя “Міжнародная амністыя” абвесьціла Міхаіла Марыніча вязьнем сумленьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG