Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябры “Трэцяга шляху” ўдзячныя КГБ за піяр


Любоў Лунёва, Менск Cябры грамадзянскай ініцыятывы “Трэці шлях”, на сайце якой былі зьмешчаны аматарскія мультфільмы палітычнага зьместу, заяўляюць, што ўдзячны беларускім уладам за рэкляму.

16 жніўня менская пракуратура распачала крымінальную справу за абразу Аляксандра Лукашэнкі. Створана сьледчая група, у якую ўваходзяць таксама супрацоўнікі КГБ. Яны правялі ператрус у некалькіх сяброў Ініцыятывы й забралі больш за дзясятак кампутараў і ўсе носьбіты інфармацыі. Усіх іх дапыталі ва ўпраўленьні менскага КГБ, з аднаго — узялі падпіску аб нявыезьдзе.

Калі стала вядома, што ўлады пачалі пошук стваральнікаў палітычных мультфільмаў, сайт мультклюбу некалькі гадзін быў заблякаваны — з тае прычыны, што сотні карыстальнікаў намагаліся наведаць яго. Сябры “Трэцяга шляху” не чакалі, што папулярнасьць прыйдзе да іх такім шляхам.

Гаворыць сябра Ініцыятывы Павал Марозаў.

(Марозаў: ) “Мы вельмі ўдзячны беларускім уладам за такі выдатны піяр. Мы нават не маглі й марыць пра такі ўзровень зацікаўленнасьці ў нас. Мы ўпэўнены, што гэта не судовая справа, бо любы чалавек, які мае юрыдычную адукацыю, разумее: гэта — абсурд, і ён ня мае лягічнага працягу. Мы не чакалі, што беларускія ўлады зробяць нам такі цудоўны падарунак. Але ж мы вельмі хвалюемся за нашага віртуальнага сябра — Алега. Мы ведаем, што некаторыя людзі ўжо за абразу Аляксандра Лукашэнкі пацярпелі, і ня раз, таму гэтая сытуацыя нас ня можа не турбаваць”.

Тэлевізійны журналіст Леанід Міндлін лічыць, што супрацьстаяньне сілавых і інтэлектуальных тэхналёгій вырашыцца на карысьць апошніх.

(Міндлін: ) “Даволі такі цікавы сюжэт для мяне — як для сцэнарыста — калі традыцыйныя сілавыя тэхналёгіі супрацьстаяць інтэлектуальным тэхналёгіям. Той, хто даваў загад на правядзеньне “мультапэрацыі”, той папросту павінен быў параіцца са сваімі спэцамі. Калі лезеш у кампутарнае павуціньне, у гэтае ўсясьветнае сеціва, — там і заблытацца можна. Сёньня такі якасны праграмны прадукт, што толькі дылетанты лічаць, быццам для таго, каб рабіць мультфільмы ў інтэрнэт, трэба мець нейкія студыі. Не! Трэба толькі мець добрыя кампутары й добрыя праграмы. І гэта ня значыць, што ўсё гэта трэба рабіць у Менску ці ў Беларусі”.

Сябры ініцыятывы “Трэці шлях” запэўнілі Радыё Свабода — сайт мультклюбу пачне паўнавартасна працаваць у бліжшыя дні, нягледзячы на тое, што ўсе кампутары й носьбіты інфармацыі знаходзяцца ў КГБ.
XS
SM
MD
LG