Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтар “Масяні” Алег Куваеў камэнтуе здарэньне з mult.3dway.org


Ігар Карней, Менск Самы пасьпяховы й вядомы за межамі Расеі вэб-аніматар, аўтар мультфільмаў пра Масяню Алег Куваеў наўпрост зьвязвае перасьлед сябраў грамадзянскай ініцыятывы “Трэці шлях” з палітычнай сытуацыяй у Беларусі. На думку Куваева, распачынаючы крымінальную справу супраць стваральнікаў палітычных мультфільмаў, беларускія ўлады імкнуцца падпарадкаваць сабе інтэрнэт — адзіную свабодную зону, якая засталася непадцэнзурнай.

Піцерскі мультыплікатар Алег Куваеў досыць сьціпла ацэньвае мастацкія вартасьці самадзейных мультфільмаў пра Аляксандра Лукашэнку й ягонае атачэньне. Аднак аўтар “Масяні” перакананы: у дадзеным выпадку трэба гаварыць не пра зьмест і форму, а пра сам факт.

(Куваеў: ) “Абсалютна жахлівы сам факт: супраць людзей, якія займаюцца вэб-анімацыяй, учыняюцца нейкія дзеяньні. Ваяваць з мультфільмамі — гэта апошняя справа. Гэта ўсё роўна, што змагацца зь дзецьмі”.

(Карэспандэнт: ) “Нягледзячы на тое, што мультфільмы — пэўнага зьместу?”

(Куваеў: ) “Якая розьніца, якога зьместу? Непрыстойнага зьместу там няма — гэта дакладна. Гэта, дарэчы, адзінае, што я мог бы яшчэ зразумець: калі б захады рабіліся супраць аўтараў мультфільмаў, якія б свае творы непрыстойнага зьместу выкладалі на дзіцячым сайце. А раз нічога нават блізка да непрыстойнага ў гэтых мультфільмах няма, то гэта выключна палітыка. Гэта абсалютна зразумела. І менавіта за палітыку яны, няшчасныя, і пацярпелі. І той факт, што вайна ідзе супраць мультфільмаў, — гэта ўсё роўна, што супраць дзяцей ваяваць. Я інакш сфармуляваць не магу”.

Сябры менскага мультклюбу кажуць, што, раз мультфільмы распаўсюджваліся праз глябальную інфармацыйную сетку, якая не зьяўляецца ўласнасьцю Рэспублікі Беларусь, то й вінаваціць стваральнікаў мультыкаў за парушэньне беларускіх законаў не выпадае. Такі аргумэнт падтрымлівае й Алег Куваеў. Аднак ён ня ўпэўнены, што беларускія ўлады будуць кіравацца такой лёгікай.

(Куваеў: ) “Справа ў тым, што таталітарная ўлада не кіруецца лёгікай. Яна б’е туды, куды злуецца. Таму, мяркуючы з таго, што адбываецца ў Беларусі ўвогуле, я ня зьдзіўлены, што супраць мультфільмаў пайшла такая атака”.

Аўтар “Масяні” прызнаецца: пачуўшы навіну пра перасьлед менскіх аніматараў, адпачатку падумаў пра піяр беларусаў — маўляў, хлопцы захацелі такім чынам праславіцца. Аднак аказалася, што насамрэч справа сур’ёзная.

(Куваеў: ) “Справа ў тым, што дагэтуль ніхто іх ня бачыў і ня ведаў. Шмат хто нават западозрыў пэўны піяр. Нават калі я напісаў пра гэта сваім сябром, то мы амаль усе сышліся ў меркаваньні: ды, пэўна ж, піяр — ніхто ж пра іх дагэтуль нічога ня ведаў. Але потым я паглядзеў: не, сапраўды, на хлопцаў зваліліся жахлівыя непрыемнасьці... А калі наагул казаць: Лукашэнка ж ня супраць мультфільмаў ваюе, а супраць людзей пэўных, супраць таго, што такое адбываецца. І гэта таксама паказчык таго, што беларускія ўлады баяцца інтэрнэту. Бо гэта адзіная цяпер свабодная зона, якая яшчэ засталася. Але нападкі цяпер і ў гэтай сфэры папросту рэгулярна ідуць, рэгулярныя зрухі ў бок прыцісканьня. У дамэнных імёнах — я ведаю — была спроба цэнзуру ўвесьці. Адным словам, чымсьці гэта калі-небудзь скончыцца”.

Разам з тым, Алег Куваеў перакананы, што беларускія ўлады самі сабе саслужылі дрэнную службу. Калі дагэтуль пра існаваньне мультфільмаў пра Лукашэнку ведалі хіба што дзясяткі наведнікаў інтэрнэту, то цяпер колькасьць наведнікаў сайту www.mult.3dway.org павялічыцца шматразова.

38-гадовы мастак-аніматар з Санкт-Пецярбургу Алег Куваеў, дырэктар студыі “Мульт.RU”, атрымаў вядомасьць пасьля стварэньня, як ён сам кажа, “істоты з падтэкстам” — мультпэрсанажу Масяня, якога прыдумаў, намаляваў і агучыў за кадрам. Час ад часу Куваеў разам з Масяняй трапляе ў эпіцэнтар скандалаў. Так, летась ён быў зьвінавачаны за тое, што, быццам, на замову паўнамоцнага прадстаўніка прэзыдэнта Расеі ў гэтай фэдэральнай акрузе ў мультфільме “Экскурсія па Пецярбургу” крытыкаваў гарадзкую адміністрацыю: экскурсавод-Масяня ў катэгарычнай форме расказала пра свой родны горад, які хутка ўтопіцца ў брудзе. Але найбольш праблем Куваеў мае з-за таго, што актыўна супрацьпастаўляе свайго дэмакратычнага Масяню маскоўскай публіцы – “затлусьцелай і беспрынцыпнай”. Аднак ніводнага разу не ўзьнікала пытаньня аб закрыцьці праекту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG