Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

18 жніўня 1750 году нарадзіўся Антоніё Сальеры


RFE/RL Гэты дзень у гісторыі Беларусі і сьвету

18 жніўня 1227 году пакінуў гэты сьвет Чынгісхан, заснавальнік і вялікі хан Мангольскай імпэрыі, арганізатар паходаў у краіны Азіі і Эўропы.

18 жніўня 1924 году ў Менску чэкісты арыштавалі лідэра антысавецкага падпольля Барыса Савінкава. На запрашэньне Юзафа Пілсудзкага Савінкаў жыў у Польшчы, дзе ўдзельнічаў у падрыхтоўцы аддзелаў Булак-Балаховіча да рэйдаў на тэрыторыю БССР. Для таго, каб завабіць Савінкава ў Менск, чэкісты стварылі фікцыйную антысавецкую арганізацыю пад назвай «Лібэральныя дэмакраты». Схоплены Савінкаў быў асуджаны на 10 гадоў і, паводле афіцыйнай вэрсіі, у турме скончыў жыцьцё самагубствам. Аднак гэтую вэрсію абвяргае Аляксандар Салжаніцын, які даказвае, што Барыс Савінкаў насамрэч быў забіты.

18 жніўня 1941 году ў мястэчку Зэмбін Барысаўскага раёну фашысты расстралялі каля тысячы мясцовых жыхароў-габрэяў. Як заўважае дасьледнік Вольф Рубінчык, пасьля гэтага габрэйскае жыцьцё ў Зэмбіне ўжо не адрадзілася. Між тым, яшчэ да рэвалюцыі гэтае мястэчка было шырока вядомае. Тут ствараліся хаўрусныя банчкі – крэдытныя таварыствы, пра якія пісала віленская “Наша Ніва”.

18 жніўня 1750 году нарадзіўся Антоніё Сальеры, італьянскі кампазытар, якому прыпісваюць забойства Моцарта. Нібыта пасрэдны кампазытар Сальеры ад зайздрасьці да геніяльнага Моцарта падсыпаў яму атруты. Нехта некалі гэта прыдумаў – і пайшла гуляць па сьвеце легенда, а да беднага Сальеры назаўсёды прыляпілася бірка бяздарнага забойцы. Гэта якраз той выпадак, калі кажуць, што гісторыя кепска пажартавала з чалавекам. Бо насамрэч Антоніё Сальеры быў выбітным творцам свайго часу, ягоная музыка увайшла ў клясычныя зборы. І што зусім парадаксальна – забойцам генія абазвалі чалавека, які быў выдатным пэдагогам і якраз выхоўваў геніяў. Вучнямі Сальеры былі Бэтховэн, Шубэрт і Ліст.

18 жніўня ў розныя гады прыйшлі на сьвет францускі пісьменьнік, стваральнік школы “новага раману” Ален Роб-Грые, кінарэжысэр Раман Палянскі і беларускі журналіст і гісторык літаратуры Сымон Букчын.
XS
SM
MD
LG