Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы навучальны год – па-беларуску?


Ганна Соусь, Менск У новым навучальным годзе 27 адсоткаў школьнікаў будуць навучацца па-беларуску. Паводле дадзеных Міністэрства адукацыі, сёлета ў Беларусі было закрыта 90 школ. Гэтыя ды іншыя адметнасьці новага навучальнага году абмяркоўваліся на прэс-канфэрэнцыі намесьніка міністра адукацыі.

1 верасьня ў школы й гімназіі Беларусі пойдзе 1 мільён 200 тысяч навучэнцаў — гэта на 18 тысяч чалавек меней, чым летась. Cёлета ў Беларусі было закрыта 90 школ. Як патлумачыў намесьнік міністра адукацыі Казімір Фарыно, гэта зьвязана з дэмаграфічнай сытуацыяй.

За апошнія пяць гадоў колькасьць навучэнцаў у Беларусі зьнізілася на 18 адсоткаў. Закрываюцца, збольшага, вясковыя, гэтак званыя малакамплектныя, школы — пераважна зь беларускай мовай навучаньня. На пытаньне Радыё Свабода пра колькасьць вучняў, якія будуць у гэтым годзе навучацца па-беларуску, намесьнік міністра адукацыі адказаў наступным чынам.

(Фарыно: ) “Навучацца на беларускай мове будуць каля 27 адсоткаў навучэнцаў. Сёньня ў нас існуюць школы зь беларускай мовай навучаньня, з расейскай мовай навучаньня й зь дзьвюма мовамі навучаньня — беларускай і расейскай. Гэтаксама з польскай і зь літоўскай мовай навучаньня… Дзяржаўная падтрымка вывучэньня беларускай мовы ажыцьцяўляецца. Сёньня на вывучэньне беларускай мовы й літаратуры й расейскай мовы й літаратуры даецца роўная колькасьць гадзін. Гэтаксама й тэставаньне праводзілася”.

Аднак намесьнік міністра адукацыі ня здолеў назваць, колькі абітурыентаў здавалі тэсты на беларускай мове. Пра беларускамоўнае навучаньне дадае намесьнік дырэктара Нацыянальнага інстытуту адукацыі ў навукова-мэтадычнай працы Алег Лісейчыкаў.

(Лісейчыкаў: ) “Зь мінулага году беларуская мова вывучаецца ў агульнаадукацыйных школах ад першага году навучаньня. Быў распрацаваны адпаведны вусны курс. Падрыхтавана й выдадзена адпаведнае мэтадычнае забесьпячэньне. Больш за тое: мы ўклалі пэўныя намаганьні, каб падручнікі па беларускай мове, пачынаючы з 9 клясы ў 12-гадовай школе, былі рэкамэндаваны для выкарыстаньня ў навучальным працэсе як у школах з расейскай, так і ў школах зь беларускай мовай навучаньня”.

Заявы прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі пра роўныя ўмовы для беларускамоўнага й расейскамоўнага навучаньня камэнтуе намесьніца старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім.

(Анісім: ) “Мы рады былі б чутае бачыць. Безумоўна, сытуацыя зь беларускамоўным навучаньнем няпростая, і ня скажаш, што ў апошнія гады яна значна палепшылася. З той простай прычыны, што юрыдычнае права атрымаць адукацыю па-беларуску вельмі часта фактычна на месцы не забясьпечана. Бацькі вымушаны пэўным чынам дамагацца права на навучаньне сваіх дзяцей па-беларуску. Мы вельмі частка сутыкаемся з тым, што школы зь беларускай мовай навучаньня папросту не забясьпечаны фактычным вывучаньнем прадметаў на беларускай мове”.

***

У гэтым навучальным годзе рашэньнем міністэрства адукацыі ўведзенае абавязковае вывучэньне замежнай мовы з 2 клясы. Міністэрства адукацыі гэтаксама прыняло рашэньне аб паэтапным увядзеньні адзінай школьнай формы. З наступнага навучальнага году яна будзе ўведзеная ў пачатковай школе, але ўжо сёлета ўсе школьнікі павінны апранацца ў гэтак званым “дзелавым стылі”.
XS
SM
MD
LG