Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшаў на волю намесьнік старшыні Саюза палякаў Веслаў Кеўляк


Міхал Карневіч, Горадня Сёньня на волю з Кастрычніцкага спэцпрымальніка Горадні выйшаў намесьнік старшыні Саюза палякаў Веслаў Кеўляк. Суд прызнаў яго вінаватым у арганізацыі несанкцыянаванай акцыі побач з Домам польскім у Горадні. У той дзень, 1 жніўня, Саюз палякаў наведаў віцэ-маршалак Сейму Польшчы Дональд Туск. Паколькі Дом польскі быў ачэплены міліцыяй, сустрэча адбылася на вуліцы.

Веслава Кеўляка міліцыянты вывезьлі на службовым аўтамабілі з дворыка спэцпрымальніка -- відавочна, не хацелі, каб яго сустракалі калегі і журналісты. Першыя пяць сутак ён сядзеў ў адной камэры з Тадэвушам Гавіным, першым старшынём Саюза палякаў, асуджаным за тое ж самае.

(Кеўляк): “Каб неяк скаратаць гэты час, мы чыталі кніжку Яна Паўла ІІ, разважалі на іншыя тэмы, маліліся аб тым, каб шчасьліва выйсьці з гэтага арышту”.

Іншыя асуджаныя распавялі Кеўляку, што Гавіна абвінавацілі паўторна і асудзілі яшчэ на 15 сутак. Ён упэўнены, што гэта была правакацыя. З кім сядзіць цяпер Гавін, Кеўляк ня ведае. Веслаў Кеўляк перакананы, што і яго, і іншых сябраў Саюза палякаў перасьледуюць і асудзілі незаконна.

(В.Кеўляк): “За гэтыя 15 сутак я сядзеў з адной думкай, што асуджаны несправядліва. Мяне забралі ад сям’і, ад траіх дзяцей, малодшаму сыну праз пару дзён споўніцца толькі паўгады. Як і несправядліва забралі нашу сядзібу, як і несправядліва я страціў працу. Гэта ўсё - несправядліва”.

Нагадаю, што з сёньняшняга дня для Тадэвуша Гавіна пачаўся адлік другога тэрміну - 15 сутак. Яго абвінавацілі ў тым, быццам ён учыніў бойку з сукамэрнікам.
XS
SM
MD
LG