Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"20 даляраў дапамогі па беспрацоўі — гэта не сацыяльная палітыка..."


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускай незалежнай прэсы за 18 жніўня

Францускі палітоляг Жан-Шарль Ляльман на старонках сёньняшняй “Нашай нівы” разважае пра беларускую сацыяльную палітыку. Спадар Ляльман прыехаў у Беларусь, каб яшчэ раз на свае вочы пабачыць аб’ект, які ён ужо дзесяць гадоў дасьледуе. Ён піша кнігу пра Беларусь і Лукашэнку. Сацыяльная палітыка, якую нібыта праводзіць урад Лукашэнкі, — фікцыя. Адсутнасьць сыстэмы мэдыцынскага страхаваньня, 20 даляраў дапамогі па беспрацоўі — гэта не сацыяльная палітыка. Такія заявы францускі навуковец робіць у інтэрвію газэце. Таксама ён разважае пра шляхі дэмакратызацыі нашай краіны. Ў Эўропе, кажа ён, даўно зразумелі, што праз Маскву вырашаць беларускія праблемы ня трэба. Ну а тыя палітыкі ды інтэлектуалы, хто зарыентаваны на Расею, пра Беларусь увогуле ня думае, кажа Жан-Шарль Ляльман “Нашай ніве”.

“Брестский курьер” зьмяшчае ў сваім сьвежым нумары эксклюзіўнае інтэрвію з Аляксандрам Вайтовічам, адным з патэнцыйных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта на будучых выбарах. Спадар Вайтовіч заяўляе тут пра неабходнасьць аб’яднаць беларускія дэмакратычныя сілы. Таксама газэта паведамляе пра клопаты пінскага выданьня “Мясцовы час”. Гэтай газэце забаранілі зладзіць у Пінску канцэрт, прымеркаваны да выхаду сотага нумара. А яшчэ “Мясцовы час”, як іншыя незалежныя выданьні, мае праблемы з распаўсюдам.

Сьветлагорская газэта “Ранак плюс” піша пра тое, што прафілякторый вытворчага аб’яднаньня “Хімвалакно” могуць пераўтварыць у дом адпачынку. Выйшла ўрадавая пастанова, згодна зь якой санаторыяў-прафілякторыяў павінна стаць удвая меней. Ці пазбавяць супрацоўнікаў “Хімвалакна” магчымасьці бясплатна адпачываць у сваім прафілякторыі?

У часе буры на мінулым тыдні вецер паваліў і паламаў тысячы дрэваў. Сотні зь іх упалі на машыны. І пакуль камунальныя службы прыбіраюць дрэвы, уладальнікі разьбітых аўто думаюць пад пытаньнем: няўжо іхныя страты ніхто не кампэнсуе? Пра тое, што рабіць у такой сытуацыі, піша сёньняшняя “Камсамолка”.
XS
SM
MD
LG