Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці знойдуць вандалаў, што апаганілі мэмарыял “Яма”?


Севярын Квяткоўскі, Менск Сёньня міліцыя працягвае пошук злачынцаў, якія напярэдадні апаганілі жалобны мэмарыял "Яма", прысвечаны памяці ахвяраў галакосту. Мэмарыял разьмешчаны ў цэнтры Менску непадалёк вуліцы Мельнікайтэ. На помнік кінулі і падпалілі плястыкавыя вянкі, раскідалі мэмарыяльныя каменчыкі, а ў прынесеную гронку арабіны ўваткнулі чорнае крумкачынае пяро – сымбаль перамогі гвалту над жыцьцём.

На пачатку я зьвярнуўся да мінакоў, што праходзілі міма, і нават падыходзілі да мэмарыялу.

(Карэспандэнт: ) "Як вы мяркуеце, гэта хуліганства ці антысэміцкая тэндэнцыя?"

(Спадарыня:) "Я мяркую, гэта падлеткавае хуліганства".

(Спадар: ) "У прынцыпе пяцьдзясят на пяцьдзясят: і тое, і другое".

(Спадарыня: ) "Што ўсё тут выпэцкалі? Гэта хуліганства".

(Спадар: ) "Хутчэй за ўсё хуліганства: дзеці, якія не разумеюць што робяць. Трэба па-просту раз злавіць, самога размаляваць, і на гэтым усё скончыцца".

Але ня ўсе бачаць сытуацыю такой лагоднай:

(Спадар: ) "Гэта адмарозкі, якімі кіруюць зьверху".

Варта нагадаць, што мэмарыял ня толькі быў заліты фарбай. Злачынцы прынесьлі з сабою абгарэлыя вянкі, і нават галінку чырвонай арабіны, у якую было ўторкнутае чорнае пяро, што сымвалізуе перамогу гвалту над жыцьцём.

Наколькі масавая зьява ў беларускім грамадзтве ксэнафобія? Палітоляг Віталь Сіліцкі мяркуе, што пабытовая ксэнафобія ў беларусаў ёсьць, але на невыразным, прыхаваным узроўні:

(Сіліцкі:) “Упрынцыпе, такія настроі ў беларускай сьвядомасьці, у беларускай мэнтальнасьці, яны менш актуалізаваныя, чым нават у нейкіх нашых суседзяў”.

Мінакі на менскіх вуліцах мяркуюць, што ў Беларусі немагчымыя буйныя грамадзкія канфлікты на міжнацыянальнай і міжрэлігійнай глебах:

(Спадар: ) "Не, бо Беларусь вельмі талерантная краіна".

(Хлопец: ) "Беларусы дабразычлівыя, добра да ўсіх ставяцца".

(Спадар: ) "Беларусы дэмакратычны народ".

Прадстаўнік габрэйскай грамадзкасьці Беларусі архітэктар Леанід Левін губляецца ў ацэнках здарэньня ў мэмарыяле "Яма", але не ў ацэнцы злачынцаў:

(Левін: ) "Каму гэта вельмі патрэбна – я ня ведаю. Каб знайшлі, каб далі як сьлед, дык гэта было б добра. Але я ня вельмі спадзяюся, што і цяпер мы знойдзем таго, хто гэта зрабіў".

Наколькі лёгка ці складана знайсьці вандалаў? Вось як ацэньваюць пэрспэктывы пошуку злачынцаў у міліцыі Цэнтральнага раёну Менску, дзе месьціцца мэмарыял "Яма":

(Міліцыянт: ) "Залежыць ад таго, якія сьляды пакінулі злачынцы, альбо калі ёсьць відавочцы, якія могуць дапамагчы выявіць нам гэтых асоб. У дадзены момант казаць пра пэрспэктывы гэтай справы дастаткова цяжка. Будзем займацца, працаваць".

У найноўшай гісторыі краіны ёсьць прыклады, калі менская міліцыя затрымлівала непаўнагадовых вандалаў, якія разбуралі надмагільні на могілках. Што да менавіта антысыміцкіх выпадаў, прэцэдэнтаў судовых справаў няма.
XS
SM
MD
LG