Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня ўтупаю – на пёрка разбагацею


Вячаслаў Дубінка, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Бандыта зь вялікай дарогі – чорна-чырвонага пеўня з вогненай грывай і дзюбай – прывезла з Украіны цётка са случанскае вёскі Каты. Певень хутка ачуняў ад дарогі і ў першы ж дзень свайго кавалерства пачаў глуміць кур. У літаральным сэнсе. Ускочыць на куру, дзіўна закрычыць і гострымі кіпцюрамі, што сталёвымі грабеньчыкамі, дзярэ па курынай хрыбеціне. – Ах ты, хахляцкі прымак, сабака махноўскі, курку начыста зьнявечыў, – за пеўнем з гострай матыкай улягла гаспадыня нясушкі. Дый хіба толькі яна. – Таптуна прывезьлі, гэць, сабачая парода! Зловім, галаву на бок – і сабакам!

Мужыкі і праўда палявалі на пеўня, але злавіць не ўдавалася. Восем кіло “бандыцкага мяса” быў няўлоўны. Зашыецца ў агародзе, як партызан ў пінскім балоце, чакае. Ага, вунь разяватая нясушка сюды намылілася. Певень робіць разгон і імгненна ператворыць курку ў крывавую незагойную рану. Дапамог уратавацца ад бандыта коршак. Злаўчыўся і каменем на пеўня, дзеўбануў у чырвоны грабеньчык – і той брык з капытоў. На месца баляваньня коршака пацягнуліся абняслаўленыя куркі і кожная за пёрка і прэч. З тае пары ў Катах і показка пайшла:

ня ўтупаю – на пёрка разбагацею.
XS
SM
MD
LG