Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чым сутнасьць зьменаў ва ўказе Лукашэнкі пра дапамогу з-за мяжы?


Юлія Шарова, Менск 17 жніўня выйшаў новы варыянт прэзыдэнцкага ўказу пра “Пра міжнародную тэхнічную дапамогу”. На думку прадстаўнікоў беларускага трэцяга сэктару, станоўчых ці адмоўных зьменаў новы ўказ не прынясе: Атрымаць фінансаваньне па лініі міжнародных донарскіх арганізацыяў будзе па-ранейшаму складана.

Міжнародная тэхнічная дапамога – гэта грашовыя сродкі, дастаўка абсталяваньня ды іншай маёмасьці для рэалізацыі пэўных праектаў, а таксама правядзеньне канфэрэнцыяў ці сэмінараў. Такую дапамогу аказваюць донары – замежныя дзяржавы, арганізацыі, фонды. Напрыклад, гэта фонд TACIS ці ААН. Атрымліваць дапамогу маюць права дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь, юрыдычныя асобы і грамадзяне краіны.

Сутнасьць зьменаў ва ўказ прэзыдэнта – цяпер усе праекты, аўтары якіх прэтэндуюць на дапамогу з-за мяжы, павінны падавацца ў Камісію ў пытаньнях міжнароднага тэхнічнага супрацоўніцтва пры Саўміне. Да якіх наступстваў гэта прывядзе?

На думку намесьніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргея Альфэра, для грамадзкіх аб’яднаньняў, якія не падтрымліваюцца дзяржавай, нічога прынцыпова ня зьменіцца. І раней усе NGO павінны былі зьвяртацца ў дэпартамэнт па гуманітарнай дапамозе. Цяпер давядзецца хадзіць у Камісію пры саўміне. Шанцы на атрыманьне дапамогі ад міжнародных донараў не павялічваюцца, кажа спадар Альфэр:

(Альфэр:) "Як ні называй гэта, дэпартамэнт ці камісія, нічога не мяняецца. Гэта бюракратычны орган, які будзе адсочваць надзейнасьць арганізацыі з пункту гледжаньня ляяльнасьці арганізацыі да дзеючай улады і дазваляць ці не дазваляць выкарыстаньне грашовых сродкаў. Мне падаецца, гэты ўказ абсалютна нічога не мяняе ў беларускай сучаснай рэчаіснасьці. Сёлета мне невядомыя выпадкі, калі грамадзкія аб’яднаньні атрымалі б дазвол на выкарыстаньне міжнароднай фінансавай дапамогі. Экалягічныя, сацыяльныя праекты былі заблякаваныя дзяржавай з мэтай недапушчэньня дзейнасьці гэтых арганізацыяў".

Старшыня Нацыянальнай рады моладзевых і дзіцячых арганізацыяў Сьвятлана Каралёва таксама кажа, што праз афіцыйныя каналы атрымаць тэхнічную дапамогу па лініі TACIS ці UNICEF практычна немагчыма.

(Каралёва:) "На сёньняшні дзень у моладзевай палітыцы чаму адмаўляюць шматлікім грамадзкім аб’яднаньням, бо рэчышча пераводзяць у БРСМ. На сёньняшні дзень гэта адзіная арганізацыя, якая мае шансы атрымаць такое фінансаваньне".

Зь ейных словаў, афіцыйныя “грамадзкія” арганізацыі падаюць праекты рознай скіраванасьці ў адпаведныя міністэрствы, а тыя ўжо дастаюць грошы ці іншую дапамогу, бо маюць наўпросты выхад да міжнародных донараў. Уласна NGO да такіх крыніцаў не дапускаюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG