Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнка вяртае "Мотавела" пад дзяржаўны кантроль


Міхал Стэльмак, Менск У Менску сёньня адбыўся сход акцыянэраў прадпрыемства па вырабе матацыклаў і вэлясыпэдаў “Мотавела”. Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка сёлета распарадзіўся вярнуць яго пад кантроль дзяржавы.

Удзел у сходзе акцыянэраў “Мотавела” брала каля трохсот чалавек. Галоўным пытаньнем парадку дня стаў кошт акцыяў прадпрыемства. Было прапанавана зьнізіць яго ў 20 разоў. Распавядаюць удзельнікі сходу:

(Спадар Аляксей: ) “Акцыя каштавала 10 тысяч рублёў, а было прапанавана, каб яна каштавала 500 рублёў”.

(Спадар Іван: ) “Прэзыдэнт выдаў указ, каб кожны з нас вярнуў яму 99 працэнтаў акцыяў”.

(Спадар Аляксандр: ) “Гэта пытаньне прымаецца, калі за яго 75 працэнтаў галасоў і больш. А за было ўсяго толькі 50,8 працэнтаў. Астатнія былі супраць. Значыцца, пытаньне людзьмі не прынятае”.

(Спадар Віктар: ) “Нам шмат разоў выкручвалі рукі. Патрабавалі вярнуць акцыі дзяржаве бясплатна”.

(Спадар Уладзімер: ) “Сам гарвыканкам прыняў рашэньне пра ўвядзеньне “залатой” акцыі. Сход прагаласаваў супраць. Але “залатая” акцыя ўведзеная”.

(Спадар Сяргей: ) “У гэтай “залатой” акцыі няма статусу. “Золата” яно пустое”.

(Спадар Уладзімер: ) “Хто прыдумаў гэтую дурасьць “залатую акцыю”?

(Спадар Леанід: ) “Статутны фонд стаў 43 мільёны рублёў. Роўны аднапакаёвай кватэры”.

(Спадар Васіль: ) “Аўтаматычна зьменшылі кошт акцый у 20 разоў”.

(Спадар Аляксандр: ) “Я сам там браў удзел, але нічога не разумею. Не была падрыхтавана гэтая канфэрэнцыя”.

Паводле ўдзельнікаў сходу, яго можна было і не праводзіць, паколькі ўсе рашэньні былі загадзя прынятыя ўладамі. Выконвалася указаньне Лукашэнкі пра вяртаньне завода ў дзяржаўную ўласнасьць.

Нагадаем, гэтая ініцыятыва, як вынікала зь яго тлумачэньня, была прадыктавана эканамічнымі мэтамі. “Мотавела” знаходзіцца ў заняпадзе і, маўляў, вытворчае ажыўленьне яго магчымае толькі пры нацыяналізацыі заводу. Цяперашняе заводзкае начальства таксама спадзяецца на дзяржаўную дапамогу. Гаворыць прадстаўніца адміністрацыі прадпрыемства Марыя Сарока:

(Сарока: ) “У асноўным настрой у людзей такі. Каб прадпрыемства жыло, каб яно працавала, з тым, каб людзі мелі магчымасьць зарабляць і жыць. А сёньня без дапамогі дзяржавы гэта немагчыма”.

Цяпер на прадпрыемстве вельмі нізкія заробкі. Улады вінавацяць у гэтым акцыянэраў. Між тым, на думку экспэртаў, дзяржава таксама мусіць несьці адказнасьць за крызыснае становішча “Мотавела”. Вось што мяркуе на гэты конт вядомы беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў:

(Злотнікаў: ) "Тут і дзяржава вінавата. Вінавата тая эканамічная палітыка, якую праводзіць каманда Аляксандра Лукашэнкі. Ёсьць шмат прычын, чаму вось завод апынуўся ў такім стане. І мэтады прыватызацыі. І эканамічная палітыка дзяржавы. Адным словам, давялі завод. І гэта не адзіны завод. Зараз “Інтэграл” ляжыць. Пакрысе надыходзіць чарга і “Гарызонту” і “Віцязя”".
XS
SM
MD
LG