Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада БНР: “Вяшчаньня не па-беларуску ня будзе эфэктыўным”


Сяргей Навумчык, Прага Прэзыдыюм Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, разгледзеўшы вынік тэндэру Эўрапейскай Камісіі, паводле якога кантракт на радыёвяшчаньне для Беларусі быў перададзены расейскай службе радыёстанцыі “Нямецкая Хваля”, прыняў Заяву, у якой прызнае “патрэбу міжнароднай дапамогі дзеля стварэньня альтэрнатыўных крыніцаў інфармацыі для жыхароў Беларусі, якія на працягу дзесяцігодзьдзя застаюцца ізаляваныя ад аб''ектыўнай інфармацыі і знаходзяцца пад узьдзеяньнем хлусьлівай прапаганды рэжыму А. Лукашэнкі” і “вітае гатовасьць эўрапейскіх інстытуцыяў дапамагчы беларускаму народу ў гэтай справе”.

Адначасна, Прэзыдыюм Рады БНР “сьцьвярджае, што пашырэньне дэмакратычнай палітычнай культуры на падставах эўрапейскіх стандартаў і вартасьцяў, а таксама ўмацаваньне сьвядомасьці адзінства беларускай нацыі з сям’ёй дэмакратычных нацыяў Эўропы ёсьць падставовым прынцыпам ды задачай дасягненьня свабоды і дэмакратыі ў Беларусі” і падкрэсьлівае, што “пытаньне беларускай мовы ёсьць неабходнай умовай дэмакратызацыі краіны. У сувязі з гэтым пашырэньне ў Беларусі дэмакратычнай палітычнай культуры на грунце эўрапейскіх стандартаў вымагае заахвочаньня ў грамадзкай сьвядомасьці усіх тых аспэктаў нацыянальнай спадчыны, што лучаць Беларусь з Эўропай. Гэта кантрастуе са спадчынай савецкай русыфікацыі ў грамадзкім жыцьці Беларусі, ды з палітыкай сучаснага рэжыму, які, пасьля прыходу да ўлады ў 1994 годзе, дзеля сваіх палітычных мэтаў заахвочвае ды гвалтоўна накідае новую русыфікацыю”.

“Заахвочаньне разуменьня адзінства Беларусі з Эўропай было пасьпяховым выключна на грунце нацыянальнай сьвядомасьці і грамадзкай культуры, якія гістарычна паўсталі ва ўмовах эўрапейскага кантэксту, ды захавалі сьвядомую прыналежнасьць да яго, – гаворыцца ў Заяве Рады БНР, – У супрацьлегласьць гэтаму, нішто з тае грамадзкае спадчыны, якую Беларусь дзеліць з Савецкім Саюзам або Расейскай імпэрыяй, не ўзгадоўвае сьвядомасьці роднасьці з Эўропай. З гэтай прычыны пануючы сёньня ў Беларусі рэжым насаджае ўсе аспэкты савецкай/расейскай спадчыны”.

Прэзыдыюм Рады БНР перакананы, што “факт шырокага ўжываньня расейскай мовы ў Беларусі пад чужынскім панаваньнем ды пад рэжымам Лукашэнкі яшчэ ня робіць гэтую мову найбольш адпаведнай для названых вышэй задачаў. Беларуская мова таксама агульна зразумелая (аб чым сьведчаць зьвесткі афіцыйных перапісаў) і захоўвае статус афіцыйнай мовы ў краіне. Паколькі мовам у Беларусі ўласьціва гістарычна-палітычная матываванасьць, выбар мовы ня можа быць палітычна-нэўтральным”...

Адносна ужываньня расейскай мовы у фінансаваных Эўрапейскай Камісіяй радыёперадачаў для Беларусі, Прэзыдыюм Рады БНР адзначае, “што гэткія падвойныя стандарты адносна роднай мовы нацыі – у параўнаньні з падыходамі, ужыванымі да суседніх краінаў – неапраўданыя і непрымальныя. Напрыклад, “Нямецкая Хваля” мае асобную ўкраінамоўную службу, нягледзячы на параўнальны зь беларускім узровень русыфікацыі ва Ўкраіне. Вышэйузгаданае таксама пярэчыць усяму досьведу пасьпяховай дэмакратызацыі ў суседніх посткамуністычных краінах, якая нязьменна ўключала адахвочаньне савецкай спадчыны ва ўсіх праявах грамадзкага і палітычнага жыцьця, ды замацаваньне новай нацыянальнай эўрапейскай тоеснасьці на грунце гістарычных нацыянальных культураў”.

Рада БНР зьвяртае ўвагу Эўракамісіі, што “названае рашэньне выклікала ў Беларусі рэакцыю пратэсту, асабліва сярод палітычна-актыўнай часткі грамадзтва; гэтае рашэньне шырока разглядаецца як фактар захаваньня спадчыны савецкай русыфікацыі ў Беларусі і, як вынік, працягу цяперашняй палітычнай стагнацыі.”

Прэзыдыюм Рады Беларускай Народнай Рэспублікі перакананы, што “ў цяперашніх умовах праект вяшчаньня на Беларусь не па-беларуску ня будзе эфэктыўны ў дасягненьні сваіх мэтаў, паколькі канкрэтнае палітычнае значэньне, уласьцівае ў рэаліях Беларусі расейскай мове востра супярэчыць сутнасьці яе прызначэньня”.

Прэзыдыюм Рады БНР “выказвае шкадаваньне аб рашэньні Эўрапейскай Камісіі ўхваліць радыёвяшчаньне для Беларусі ў яго сучасных моўных парамэтрах, да настойліва заклікае да тэрміновага перагляду гэтага рашэньня, каб фармат радыёвяшчаньня адпавядаў мэтам дасягненьня дэмакратыі і свабоды ў Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG