Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Са збожжа прафсаюзных складак ня возьмеш


Казімер Яноўскі, Хойніцкі раён Сельгаспрадпрыемствы Хойніцкага раёну адмаўляюцца пералічваць складкі раённай арганізацыі прафсаюзу працаўнікоў АПК. Прычынамі таму — невысокі аўтарытэт афіцыйнага прафсаюзу й адсутнасьць грошай у сельгаспрадпрыемстваў.

Агулам калгасы, саўгасы ды іншыя сельгаспрадпрыемствы завінаваціліся афіцыйнаму прафсаюзу працаўнікоў аграпрамысловага комплексу звыш за 42 мільёны рублёў. Як паведаміла старшыня раённай арганізацыі прафсаюзу АПК Вера Харошка, гадамі не пералічваюць складак экспэрымэнтальная база “Стралічава”, сельгаспрадпрыемства “Хойніцкае”, “Хойніцкі Аграсэрвіс” ды іншыя.

Гаворыць галоўны бугальтар прадпрыемства “Хойніцкі Аграсэрвіс”, якое завінавацілася прафсаюзу амаль 10 мільёнаў рублёў складак, Дзьмітры Аніскавец.

(Аніскавец: ) “У нас праблема з грашыма. Не хапае грошай нават на выплату заробкаў”.

Старшыня прафкаму сельгаспрадпрыемства “Хойніцкае” Зінаіда Атрошчанка распавяла, што прафсаюзныя складкі завісаюць у паветры, бо ў гаспадарцы людзі не атрымалі заробку яшчэ за красавік.

(Атрошчанка: ) “Яшчэ заробак у нас ня выплачаны за красавік месяц. Якое ў нас збожжа?! Таннае зусім! За пазыкі забралі яго — і зноў сядзімо на бабах. За травень заробак будзем аддаваць поўнасьцю збожжам. І за чэрвень — таксама збожжам”.

Паводле спадарыні Атрошчанкі, у гаспадарку жывыя грошы трапляюць у абмежаванай колькасьці нават цяпер, калі вёска вядзе жніво. Большасьць налічаных саўгасу грошай ідзе на пагашэньне пазык ды на падаткі.

(Атрошчанка: ) “Далі ўчора нам 30 мільёнаў рублёў. На падаткі 15 мільёнаў забралі. Нам пакінулі толькі 6 мільёнаў. Шэсьць мільёнаў з трыццаці — на заробкі. Ну, і што тыя 6 мільёнаў?! Каму іх аддаваць? Мацярком на дзяцей грашовую дапамогу трэба аддаць. Ну, і мільёнаў пяць, напэўна, застанецца на заробак”.
XS
SM
MD
LG