Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Курапатах шмат паваленых дрэваў, але крыжы амаль некранутыя (фота)


Ганна Соусь, Менск Ува ўрочышчы Курапаты — месцы загубы ахвяраў сталінскіх рэпрэсій дагэтуль не зьліквідаваны наступствы ўрагану 9 жніўня: ляжыць каля паўсотні паваленых дрэваў, паламаны некалькі крыжоў.

Першае, на што зьвяртаеш увагу, прыйшоўшы ў Курапаты, — намаляваная чорнай фарбай на сьцяне падземнага пераходу фашысцкая свастыка.

Потым кідаюцца ў вочы моцна абваленыя дарожныя адкосы. Але найбольш уражвае ў Курапатах незьлічоная колькасьць паваленых дрэваў. Разам з дачкой растралянага ў Курапатах паэта Тодара Кляшторнага Маяй Кляшторнай толькі блізу пагорку мы налічылі каля трыццаці зламаных дрэваў.

Многія дрэвы паваліліся літаральна ў некалькіх сантымэтрах ад крыжоў. Але самі крыжы амаль усе засталіся не кранутымі. Прынамсі, мы ўдзьвюх заўважылі толькі два паламаныя крыжы.

(Кляшторная: ) “Цікава, што павалены тыя дрэвы, якім тут і ня месца. Гэта бярэзіны. Звычайна там, дзе растуць бярэзіны, хвоі не растуць — яны не сябруюць з хвоямі. А тут сосны — сьведкі адбываных некалі злачынстваў. Дзіўна, што якраз вялізныя бярэзіны, зь якімі змагацца ўжо было папросту немагчыма, павалены… Але самае дзівоснае, што амаль не закрануты крыжы. Дрэвы падалі так, што крыжы заставаліся стаяць”.



І сапраўды, каля дзесяці паваленых бяроз ляжаць паміж крыжамі. Зважаю на гэтак званы “польскі” крыж , усталяваны на памін забітых у Курапатах палякаў — ён ледзь ня ўвесь у бярозавым гольлі, ды не чапаны стыхіяй. Кіруемся да групы будаўнікоў — работнікаў Менскай лесапаркавай гаспадаркі, якія прыбіраюць паваленыя дрэвы. Мае суразмоўцы — будаўнікі Ўладзімер і Валеры.

(Уладзімер: ) “У параўнаньні з астатнімі месцамі, гэтае не на шмат, але болей пацярпела”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы ж ведаеце, што гэта за месца?”

(Валеры: ) “Канечне, ведаем. Але ж даводзіцца тут прыбіраць. Што зробіш… Адзін зьбіла крыж. Астатнія, нібыта, стаяць”.

(Карэспандэнтка: ) “А паваленыя дрэвы будзе вывозіць тэхніка?”

(Валеры: ) “Так, вядома, даўгія дрэвы будзе тэхніка вывозіць, а тыя, што можна падняць, будзем сваімі рукамі выносіць”.

Навуковая кіраўніца Курапацкага мэмарыялу Мая Кляшторная праз Радыё Свабода зьвяртаецца да людзей, не абыякавых да лёсу мэмарыялу, з заклікам прыйсьці й дапамагчы прабраць заваленае дрэвамі ўрочышча.

(Кляшторная: ) “Людзі, якім Курапаты баляць, далучайцеся, прыходзьце сюды, штосуботы прыходзьце”.

Ужо некалькі гадоў запар штосуботы сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ ладзяць талокі ў Курапатах, прыбіраюць і парадкуюць тэрыторыю гэтай пакутнай мясьціны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG