Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Увосень мае пачаць вяшчаньне канал MTV на беларускай мове


Ігар Карней, Менск На першыя дні верасьня ў Беларусі заплянаваны пачатак вяшчаньня, бадай, самага вядомага ў сьвеце музычнага каналу MTV. Калі спадзяваньні арганізатараў гэтага праекту спраўдзяцца, Беларусь стане 165-й краінай “рэгіянальнай асыміляцыі” MTV, а беларуская мова — 19-й па ліку працоўнай мовай тэлеканалу.

Абанэнты менскага апэратара кабэльнага тэлебачаньня “Космас-TV” ужо маюць магчымасьць глядзець расейскую версію “MTV-Россия”. Менавіта гэтая праграма напачатку й будзе падмуркам для зарганізаваньня беларускага аналягу MTV.

Як расказаў адзін з кіраўнікоў тэлепраекту “МТV: музычнае тэлебачаньне ў Беларусі” сьпявак Валік Грышко, адразу ж пасьля атрыманьня неабходных дакумэнтаў пачнеццца праца над стварэньнем уласных праграмаў. Пры ўдалым раскладзе — гэта, зь ягонага меркаваньня, пачатак верасьня.

Паводле Грышко, адразу гаворка вядзецца пра 2-3 уласныя праграмы, але ў пэрспэктыве — “толькі па нарастальнай”. Да таго ж, Грышко запэўніў: усе праграмы, зробленыя ў Менску, будуць ісьці толькі на беларускай мове, і ўвогуле беларускае MTV стане ў краіне адзінай тэлепраграмай, дзе вядоўцы будуць размаўляць выключна па-беларуску. Лягічнае пытаньне — хто будзе несьці мову ў масы? І ці азначае гэта, што ў эфіры зьявяцца новыя твары?

(Грышко: ) “Пажадана. Прынамсі, пажадана, каб былі новыя твары. Пакуль думаю набраць літаральна пару чалавек. Мне патрэбен вядоўца ў кадры. Па праўдзе, у мяне ўжо ёсьць на прыкмеце рэдактар, які будзе карэктаваць беларускую мову вядоўцаў…”

(Карэспандэнт: ) “А вы самі па-беларуску вольна размаўляеце?”

(Грышко: ) “Я, шчыра скажу, пакуль што дрэнна размаўляю па-беларуску. Таму для пачатку мне патрэбен рэдактар. Хоць ідэя беларускамоўнасьці — цалкам мая. Таму што я лічу: як перадавы канал — беларускі MTV мусіць быць перадавым ува ўсім, пачынаючы з мовы”.

Валік Грышко сказаў, што будзе папросту абавязаны цягнуцца да беларускай мовы— і, як ён акрэсьлівае, цягам хуткага часу загаворыць па-беларуску вольна. А ці ёсьць ахвотныя дапамагаць у пастаноўцы беларускай мовы вядоўцам, ды-джэям з боку дзяржаўных установаў?

(Грышко: ) “Найперш, у нас ёсьць спэцыялізаваныя ўстановы. Прыкладам, Белдзяржунівэрсытэт, калі канкрэтна, філялягічны факультэт, журфак. Але пра глябальныя задумы казаць яшчэ ранавата. Мяркую шчыльна гэтым заняцца ў верасьні”.

Адно з актуальных пытаньняў – хто з артыстаў патрапіць на экраны беларускага MTV? Не сакрэт, што сытуацыя на беларускім музычным рынку прынцыпова адрозьніваецца ад краінаў-суседзяў. Зь дзясятак беларускіх выканаўцаў і рок-гуртоў фактычна забаронены да ратацыі ня толькі на дзяржаўным тэлебачаньні й радыё, а нават на хвалях камэрцыйных FM-станцый. Адказваючы на пытаньне, якім чынам будзе адбірацца матэрыял, — Валік Грышко быў таксама асьцярожны.

(Грышко: ) “Гэта вельмі сур’ёзнае пытаньне. Таму не хацелася б на яго адказваць, пакуль мы не “запусьціліся”. “Запусьцімся” — там будзе бачна”.

Між тым, паводле Грышко, на канале гаспадарамі будуць лепшыя беларускія музыкі. У тым, што ў гэты шэраг трапляюць і “N.R.M.”, і “Палац”, і “Нэйра-Дзюбэль” ды іншыя, падобна, ніхто не сумняецца.

Хто яшчэ, апроч абанэнтаў “Космас-ТV", будзе мець магчымасьць глядзець беларускую версію MTV? Паводле кіраўнікоў праекту “МТV: музычнае тэлебачаньне ў Беларусі”, як мінімум — карыстальнікі менскіх кабэльных сетак, а гэта да 85% жыхароў сталіцы. Паводле папярэдніх прагнозаў, на пачатку 2006 году адбудзецца ўключэньне MTV у стандартны набор каналаў “Менскіх тэлесетак”. Што да задачы-максымум, — дык плянуецца да 2007 году пакрыць тэлесыгналам усю Беларусь.
XS
SM
MD
LG