Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мадэльныя агенцтвы прыраўнялі да ўстановаў адукацыі


Ігар Карней, Менск Ад 1 верасьня пачынаюць дзейнічаць новыя правілы ліцэнзаваньня мадэльнага бізнэсу, распрацаваныя Міністэрствам адукацыі. Згодна зь імі, усе агенцтвы будуць прыроўненыя да ўстановаў адукацыі, у зьвязку з чым для мадэльных школаў у абавязковым парадку ўводзяцца адмысловыя курсы навучаньня. Як паведамілі ў галіновым Міністэрстве, пакуль што ніводнае з раней існуючых агенцтваў не атрымала адпаведнага дазволу на дзейнасьць.

Каб атрымаць ліцэнзію на дзейнасьць у мадэльным бізнэсе, кожнаму агенцтву неабходна распрацаваць навучальны плян па спэцыяльнасьці “Мадэль. Дэманстратар адзеньня”. У адсутнасьці папярэдняга досьведу, для бальшыні кіраўнікоў мадэльных школаў гэта аказалася занадта складанай справай, і ў сьціслыя тэрміны, відавочна, укладуцца толькі адзінкі. Загадчык упраўленьня ліцэнзаваньня Міністэрства адукацыі Леанід Дубяка кажа, што на сёньняшні дзень дазвол на дзейнасьць не атрымаў ніводзін з прэтэндэнтаў.

(Дубяка: ) “Пакуль што здалі дакумэнты дзьве такія арганізацыі. Але я не хачу сказаць, што адносна іх ужо прынятае нейкае рашэньне – яшчэ будзе весьціся праца адносна ўдакладненьня іх магчымасьцяў, і ўжо тады вырашыцца пытаньня аб выдачы ім ліцэнзій”.

(Карэспандэнт: ) “Паводле статыстыкі, мадэльных агенцтваў блізу двух дзесяткаў…”

(Дубяка: ) “Тут яшчэ не вядома, ці падпадае іх дзейнасьць пад дэкрэт прэзыдэнта, які прадугледжвае выдачу ліцэнзій. На колькі я ведаю, ёсьць арганізацыі, якія займаюцца зусім не такой працай”.

(Карэспандэнт: ) “Але ж нельга казаць, што рынак застанецца зусім без мадэльных агенцтваў?”.

(Дубяка: ) “Ужо адно тое, што амаль кожны дзень тэлефануюць, прыходзяць людзі, гаворыць аб тым, што ліцэнзіі будуць выдадзеныя, і нашая прыгажосьць будзе вядомая ня толькі ў Рэспубліцы Беларусь”.

Сёлета ў сакавіку Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, згодна зь якім усе мадэльныя агенцтвы і канторы ў працаўладкаваньні павінны былі яшчэ да 1 ліпеня атрымаць новыя ліцэнзіі. Аднак укласьціся ў тэрміны ніхто ня здолеў: пачаліся дзяржаўныя праверкі, вынікам якіх сталі крымінальныя справы на кіраўнікоў, якія пад прыкрыцьцём мадэльных агенцтваў нібыта займаліся “вярбоўкай жанчынаў для сэксуальнай эксплюатацыі”. З гэтай прычыны пераліцэнзаваньне было падоўжанае да 1 верасьня. Кіраўнік аднаго з буйнейшых мадэльных агенцтваў Менску Сяргей Нагорны спадзяецца, што 1 верасьня і ягоныя навучэнкі сядуць за парты.

(Нагорны: ) “У подыюм-школах, якія атрымаюць ліцэнзіі, будуць выкладаць чатыры дадатковыя дысцыпліны, якія дагэтуль мы ў школе не чыталі. Яны абавязковыя, калі агенцтва будзе прыроўненае да установы адукацыі: “Гісторыя права”, “Асновы эканомікі”, “Асновы ПВМ” (кампутар) і “Ахова працы”. Выкладчыкі, якія чытаюць прадметы, павінны быць са сфэры адукацыі”.

(Карэспандэнт: ) “А курсу ідэалёгіі не прадбачыцца? З гэтага году ў бальшыні навучальных установаў гэта абавязковая дысцыпліна…”.

(Нагорны: ) “Не, ідэалёгіі няма. Ёсьць дадаткова “Асновы псыхалёгіі”. Але, як я лічу, псыхалёгію мадэль ведаць павінна, і тут нічога такога няма. Мы самі даўно хацелі ўвесьці ў праграму навучаньня курс псыхалёгіі. Але чатыры дысцыпліны – з шэрагу абавязковых”.

Ня гледзячы на тое, што доля мадэльнага бізнэсу ў Беларусі ў валавым унутраным прадукце складае толькі долі працэнту, кіраўніцтва краіны пастаянна зьвяртаецца да гэтай сфэры. А патрабаваньне Аляксандра Лукашэнкі паздымаць “замызганых францужанак” з рэклямных плякатаў цытавалі ўсе інфармацыйныя агенцтвы сьвету. Сяргей Нагорны лічыць, што зараз прысутнасьць мадэльнага бізнэсу на рынку будзе яшчэ больш сьціплай.

(Нагорны: ) “Я ведаю, што з рэгіёнаў толькі берасьцейскае агенцтва “Эліфанта” прэтэндуе на дазвол ад Міністэрства адукацыі ажыцьцяўляць гэтую дзейнасьць. Астатнія нават не падавалі дакумэнты. Спадзяюся, што, прынамсі, мы да 1 верасьня таксама атрымаем ліцэнзію, у нас усё гатова. Наступны крок павінна зрабіць Міністэрства адукацыі – разгледзець нашыя паперы і выдаць ліцэнзію”.

З агульнай колькасьці фірмаў, якія займаюцца працаўладкаваньнем беларусаў за мяжой, адпаведную ліцэнзію атрымаў толькі Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Сярод шлюбных і мадэльных агенцтваў пакуль не пашанцавала нікому.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG