Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларусь зацыклілася на саюзе з Расеяй...”


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускай прэсы 17 жніўня

“Беларусь зацыклілася на саюзе з Расеяй,” – такія выказваньні можна сустрэць зусім не на апазыцыйным інтэрнэт-форуме, а на афіцыйным прэзыдэнцкім сайце. Карэспандэнты “Комсомольской правды в Белоруссии” пачыталі меркаваньні наведнікаў гэтага інтэрнэт-рэсурса. Напрыклад, у разьдзеле “Вонкавая палітыка” на 16 жніўня было 55 паведамленьняў. Аўтары 14 зь іх раяць Лукашэнку сябраваць і аб’ядноўвацца з Эўропай. Яшчэ 11 наведнікаў выказваюцца супраць аб’яднаньня з Расеяй і турбуюцца пра тое, што з гэтага саюзу атрымаецца. Ці ня страціць Беларусь сувэрэнітэт, ці ня стане рэгіёнам Расеі? Толькі адзін наведнік напісаў, што расейска-беларускі саюз – немінучая рэч. Пра гэта піша сёньняшняя “Камсамолка”.

Незалежнае выданьне “Курьер из Борисова” мае праблемы з распаўсюдам. Газэта вырашыла распавесьці пра іх сваім чытачам. Зусім нядаўна “Белсаюздрук” і “Белпошта” ў аднабаковым парадку скасавалі з выданьнем дамовы: цяпер газэту не прадаюць у шапіках. Больш за 30 крамаў Барысава таксама адмаўляюцца яе прадаваць. Ніхто ня хоча адказваць, чаму гэта адбываецца.

Апрача таго, “Курьер из Борисова” падлавіў мясцовых чыноўнікаў на непавазе да дзяржаўнай сымболікі. У красавіку сёлета на будынку гарвыканкаму вісеў перакулены дзяржаўны сьцяг, зялёнай паласой уверсе. А цяпер перакуленыя сьцягі можна ўбачыць і ў некаторых гарвыканкамаўскіх кабінэтах.

“Газета Слонимская” паведамляе пра здарэньні: у адной з навакольных вёсак два падлеткі згвалтавалі й зьбілі 71-гадовую старую. Аднаго з гвалтаўнікоў раней ужо прыцягвалі да крымінальнай адказнасьці.

Таксама “Газета Слонимская” піша пра наступствы буры, якая здарылася на мінулым тыдні. Сур’ёзных здарэньняў на Слонімшчыне не было, калі не лічыць шматлікіх паваленых дрэваў і адлучэньняў электрычнасьці ў некаторых раёнах гораду ды ў некаторых вёсках. І яшчэ ў газэце можна прачытаць пра хаду жніва: палова пасяўных плошчаў апрацаваная й відавочна ўжо, што ўраджай сёлета будзе ніжэйшым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG