Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Паганяйлы: доказы абразы Лукашэнкі будуць шукаць яшчэ адзін месяц


Алег Грузьдзіловіч, Менск. Яшчэ на месяц падоўжана расьсьледаваньне крымінальнай справы супраць вядомага праваабаронцы Гары Паганяйлы. Пра гэта адвакату паведамілі ў пракуратуры Менску. Нагадаем, Гары Паганяйлу абвінавачваюць за паклёп на прэзыдэнта Беларусі, яму пагражае да 4 гадоў зьняволеньня.

Справа цягнецца з кастрычніка мінулага году, калі Паганяйла ў інтэрвію швэдзкаму тэлебачаньню выказаў падазрэньні ў датычнасьці да зьнікненьняў дзеячоў апазыцыі некаторых высокапастаўленых чыноўнікаў, у тым ліку -- Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле Гары Паганяйлы, ў інтэрвію ён агучыў відавочныя рэчы. У пацьвярджэньні сваіх словаў адвакат перадаў сьледзтву стос дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць абгрунтаванасьць падазрэньняў на адрас Аляксандра Лукашэнкі й людзей зь ягонага атачэньня. На падставе гэтых дакумэнтаў справу аб паклепе даўно можна было закрыць, лічыць праваабаронца. Тое, што справа дагэтуль не закрытая праваабаронца тлумачыць палітычнымі прычынамі.

(Паганяйла: ) ” Тактыка пры цяперашніх умовах зразумелая. Відавочна, што ніхто не будзе расьсьледаваць справу ў дачыненьні да таго ж Шэймана. Ці Сівакова. Тым больш ў дачыненьні да спадара Лукашэнкі. Але зразумелы адказ на выказаныя падазрэньні адпаведныя органы, якія вядуць расьсьледаваньне па фактам зьнікненьняў, мусілі б грамадзкасьці прадставіць. Іх маўчаньне толькі ўзмацняе нашы падазрэньні”.

Нагадаем, Гары Паганяйла ёсьць абаронцам інтарэсаў Святланы Завадзкай, чый муж, апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі зьнік у 2000 годзе. Годам раней гэтак жа бясьсьледна зьніклі апазыцыйныя палітыкі Юрый Захаранка, Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі. Адвакат Гары Паганяйла дамагаецца міжнароднага расьсьледаваньня спраў зьніклых палітыкаў Беларусі.
XS
SM
MD
LG