Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КДБ выклікаюць студэнтаў, якіх падазраюць у стварэньні мультоў


Любоў Лунёва, Менск Супрацоўнікі КГБ Беларусі зрабілі ператрус у кватэрах сяброў грамадзянскай ініцыятывы “Трэці шлях”, у якую ўваходзяць студэнты розных навучальных установаў. Забралі дванаццаць кампутараў, дзясяткі дыскаў і іншых носьбітаў інфармацыі. Студэнтаў падазраюць у тым, што яны стварылі "Мультклюб" і ў інтэрнэце распаўсюджвалі свае кароткія фільмы. Вядуцца допыты. Заведзеная крымінальная справа аб абразе Аляксандра Лукашэнкі.

КГБ стварыў прэцэдэнт. Раней ніколі не было крымінальнага перасьледу аўтараў “мульцяшак”. Год таму студэнты некалькіх ВНУ стварылі грамадзянскую ініцыятыву “Трэці шлях”. На вэбсайце арганізацыі таксама разьмяшчаўся "Мультклюб". На сайце можна было паглядзець кароткія дзьвюххвілінныя гумарыстычныя мультфільмы, героямі якіх былі кіраўнікі дзяржавы, апазыцыйныя палітыкі і простыя грамадзяне краіны. Натуральна, большасьць зь іх мае палітычны зьмест. Сябры клюбу казалі, што ведалі пра тое, што за імі сочаць, чытаюць перапіску, але ператрусы, а потым допыты і крымінальная справа сталі для іх нечаканасьцю. У выніку ператрусу ў хлопцаў яшчэ й забралі ўсе дакумэнты, нават пасьведчаньні аб заканчэньні школаў.

Сярод карыстальнікаў інтэрнэтам мульцікі карыстаюцца вялікім попытам. Павал Марозаў, сябра клюбу, які даваў паказаньні ў КГБ, казаў, што ўлады зрабілі вялікую памылку, бо сьмех – гэта вельмі страшная зброя.

(Марозаў: ) “У інтэрнэце галоўнае – гэта прафэсійны ўзровень прадукту. Калі ён адпавядае нейкім каштоўнасьцям гледачоў, тады ён заўсёды будзе распаўсюджвацца. У гэтай справе самае сьмешнае, што нас спрабуюць абвінаваціць у тым, што мы абражаем прэзыдэнта. Але калі ў людзей выклікаюць сьмех цытаты, то каму тут на што скардзіцца? Калі мультыплікацыйны герой, падобны на Аляксандра Лукашэнку, гаворыць яго цытатамі, паводзіць сябе, як ён, і гэта выклікае сьмех, то чаму тады КГБ не прыходзіць зь ператрусам да супрацоўнікаў Белдзяржтэлерадыёкампаніі? Яны ж больш за нас адлюстроўваюць жыцьцё прэзыдэнта. Усе мы ведаем, што даволі часта і без мульцікаў народ сьмяецца зь яго выказваньняў”.

Я патэлефанавала ўкраінскім стваральнікам мультфільмаў на вядомую студыю “Дзіва прадакшн”. Карыстальнікі інтэрнэту памятаюць сэрыял “Вэсэлі яйца” у часе выбарчай кампаніі. Міхаіл Баркоўскі, адзін з аўтараў малюнкаў і тэкстаў казаў, што ваяваць з мульцяшкамі ўсё роўна, што з ветранымі млынамі.

(Баркоўскі: ) “Ваяваць з гумарам, хай нават з гумарам, які кранае палітычныя тэмы… Ну былі б тэксты даволі зьедзлівыя, але ваяваць з мульцяшкамі – усё роўна, што ваяваць зь ветракамі. Мы глядзелі вашы мультфільмы, бачылі вашы пэрсанажы. Ну, зроблена дастаткова прафэсійна. Яны даволі карэктныя. Гумар у межах. Ніхто нікога не абражае. Таму я вельмі нэгатыўна да гэтага стаўлюся. Шчыра кажучы, пра такое нідзе ня чуў”.

Беларускі калега Міхаіла Баркоўскага, якога падазраюць у аўтарстве фільмаў, знаходзіцца пад падпіскай аб нявыязьдзе. Мастакі не выключаюць, што інцыдэнт зь беларускімі мастакамі можа пацягнуць за сабой акцыю салідарнасьці і карыстальнікі інтэрнэту ўбачаць новыя мультфільмы, якія будуць стварацца ў іншых краінах. Але гэты працэс беларускія ўлады ўзяць пад кантроль ня здолеюць.

Гл. таксама • "Мы не кантралюем сайту "Мультклюбу" – у нас забралі ўсю тэхніку і дадзеныя для доступу"
XS
SM
MD
LG