Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што менчукі думаюць пра будаўніцтва гатэлю “Эўропа” на пляцы Волі?


Іна Студзінская, Менск На скрыжаваньні вуліц Леніна ды Інтэрнацыянальнай стаіць вялізны пад''ёмны кран. Мноства рабочых, грузавікоў з бэтонам, плітамі, цэглай, арматурай... Менскія ўлады вядуць будаўніцтва гатэлю “Эўропа”. Менавіта будаўніцтва, а не аднаўленьне. Стары гатэль “Эўропа” стаяў нашмат далей ад сёньняшняй кансэрваторыі. Тэмпы і маштабы будаўніча-мантажных работ нагадваюць узьвядзеньне будынка Нацыянальнай бібліятэкі.

(Карэспандэнтка: ) “Мы стаім на скрыжаваньні вуліц Леніна і Інтэрнацыянальнай, дзе вялікая будоўля, якая не спыняецца нават позна ўвечары. Ці ведаеце вы, што тут будзе?”

(Спадарыня: ) “Я ведаю, што гэты гатэль, які тут будуецца, будзе называцца “Эўропа”. Але маё адчуваньне, што гэта такая “Эўропа”, якая можа быць толькі на скрыжаваньні Інтэрнацыянальнай і Леніна. Таму што ў Эўропе, калі будуюць у старым горадзе гатэлі, хоць бы вонкава захоўваюць тую абалонку, якой дыхае стары горад. У якой ёсьць памяць стагодзьдзяў, памяць людзей, якія тут жылі. Кажуць, гэтае месца вельмі памятнае. А разбурыць, а потым узьвесьці штосьці сваё і абазваць гэта даўніной, абазваць “Эўропай” – гэта таксама вельмі па-саўковаму”.

(Карэспандэнтка: ) “Вось тут, побач з кансэрваторыяй і будоўляй, заўсёды тусуюцца байкеры, такія сучасныя хлопцы на прыгожых матацыклах. Вы ведаеце, што тут будуецца?

(Спадар: ) “Гатэль. Які – паняцьця ня маю”.

(Хлопец: ) “А я наагул лічу, што трэба будаваць байк-сіці, каб людзі, матацыклісты маглі зьбірацца па інтарэсах".

(Дзяўчына: ) “Ведаю. Гатэль. “Зорка” ці “Зьвязда”, ці што. Ня памятаю дакладна назву. Мяне гэта ня вельмі цікавіць. Тут было вельмі прыемнае кафэ, і што яго зьнеслі – гэта непрыемна, ня толькі для мяне".

(Карэспандэнтка: ) “Але да кафэ тут быў цэнтар старога Менску, які таксама зьнішчаюць...”

(Дзяўчына: ) “А колькі зьнішчылі падчас войнаў у сярэднявеччы, у час Вялікай Айчыннай? У савецкія часы зьнішчылі Сафію ў Полацаку, і яна перабудоўвалася 3 разы. Я лічу, што ад гэтага гатэлю будзе менш карысьці, менш прыгажосьці, чым ад таго кафэ, дзе была жывая музыка”.

(Спадар: ) “Магчыма, гатэль тут ня трэба будаваць, ды яшчэ так хутка. Наколькі я ведаю, цяпер вялікія праблемы з кансэрваторыяй, якая трэскаецца, і з жылым домам. Ня трэба рабіць так хутка, трэба было ўсё пралічыць. Тым больш у цэнтры гораду”.

(Карэспандэнтка: ) "Ведаеце, што тут будуюць?"

(Спадар: ) “Гатэль. Добры, напэўна, калі тут такая грандыёзная будоўля”.

(Карэспандэнтка: ) “А як вы ставіцеся, што ў гістарычным цэнтры новыя будынкі зьяўляюцца?”

(Спадар: ) “А чаму б не? Калі гатэль будзе прыгожы, і дапаўняць гістарычны цэнтар. Архітэктары таксама ж не дурныя людзі, і многія зь іх вывучалі гісторыю, і неабыякавыя да архітэктуры. Калі будзе прыгожа, я толькі “за”.

(Карэспандэнтка: ) "Што тут будуецца, ведаеце?"

(Спадар: ) “Так, гатэль “Эўропа”. Цяпер мне ўсё роўна. Пабачым, што атрымаецца. Можа, гэта будзе і цікава, можа, не. Але на дадзены момант мне ўсё адно”.

Будуць гатэль вельмі інтэнсыўна, будаўнікі працуюць ад сёмай раніцы да адзінацатай начы. Гутару з намесьнікам начальніка будаўнічага упраўленьня №2 Ігарам Шыцько.

(Карэспандэнтка: ) “У якія тэрміны вам трэба ўкласьціся?”

(Шыцько: ) “Тэрмін здачы гатэлю – чацьверты квартал 2006 году".

(Карэспандэнтка: ) “Ці будзе гэты гатэль “Эўропа” падобны на той, які быў тут пры канцы 19 стагодзьдзя, на пачатку 20-га, праект такі самы?”

(Шыцько: ) “Праект, канешне, не такі самы. Але праектоўшчыкі, архітэктары паспрабавалі зрабіць фасады як мага падобнымі, уключылі элемэнты старога будынку, каб ён быў падобны”.

(Карэспандэнтка: ) “Такое ўражаньне, што вельмі-вельмі маленькая пляцоўка. Ці складана тут працаваць?”

(Шыдзько: ) “У гэтым ўся складанасьць, што пляцоўка вельмі абмежаваная, два будынкі зусім побач. Патрэбна ўзмацненьне падмуркаў. У праекце прадугледжана два паверхі падземныя, дно катлавану значна ніжэй падмуркаў суседніх будынкаў. Вось у гэтым складанасьць вялікая. Трэба ўзмацніць грунты пад падмуркамі”.

(Карэспандэнтка: ) “А ёсьць небясьпека для суседніх будынкаў – тут жа і кансэрваторыя, і жылы дом?”

(Шыцько: ) “Сучасныя тэхналёгіі дазваляюць узмацніць падмуркі. Я думаю, у праекце ўсё прадугледжана”.

(Карэспандэнтка: ) “Гэта такі аб’ект, які курыруе і прэзыдэнт, і мэр. Ці ёсьць перабоі з будматэрыяламі, з тэхнікай?”

(Шыцько: ) “Сёньня на будпляцоўцы працуюць лінейныя рабочыя, якія ўсе прайшлі школу бібліятэкі. А ў сувязі з тым, што аб’ект на кантролі, праблем вялікіх з забесьпячэньнем няма”.

Нагадаю, гэта быў намесьнік начальніка будупраўленьня №2 Ігар Шыцько, які будуе гатэль “Эўропа”. Будаўніцтва вядзецца вельмі хуткімі тэмпамі, бо ёсьць указаньне здаць яго нават не пры канцы наступнага году, а да прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году.

Як вы чулі, ніхто з суразмоўцаў не згадаў пра тое, што новабудоўля зьнішчыла падмуркі гарадзкога тэатру, дзе ў 1857 годзе адбылася прэм’ера першай беларускай нацыянальанй опэры “Ідылія” на музыку Станіслава Манюшкі і лібрэта Вінцэнта Дуніна Марцінкевіча. Пакуль гэтыя падмуркі існавалі, была надзея, што і сам тэатр, які разьмяшчаўся ў доме менскага бурмістра Байкова, можа быць адноўлены. Некаторыя з распрацаваных цяпер праектаў рэстаўрацыі Верхняга Гораду прадугледжвалі аднаўленьне тэатру, гатэлю “Эўропа” на гістарычным месцы зь перакрыцьцём вуліцы Леніна і будаўніцтва тунэля пад Верхнім Горадам для транзыту транспарту. Аднак перамаглі іншыя ідэі. Пабудаваная не на свпаім месцы “Эўропа” назаўсёды зьнішчыць магчымасьць аднаўленьня паўднёвага боку плошчы Верхняга Гораду.
XS
SM
MD
LG