Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Верабей ня сее, ня жне, а зярняткі дзяўбе


Вячаслаў Дубінка, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Каля Дому ураду, якраз каля помніка найжывейшаму з жывых, мяне запыняе дзіўны стары. Дзьве палатняныя торбы праз плячо. Вясковая сьвітка-самашыйка падпяразана вяроўкай. Палатняныя нагавіцы дзіўна ўтыркануты ў чорныя гамы, зь якіх выглядаюць валёнкі-буркі. Няўжо хадок па праўду з Гарадзішчаў? Па гамах бачу. Мой жа бацька Андрэй – найлепшы гамалёт на Случчыне. У канцы пяцідзесятых да яго па гамы, дужа модныя на тую пару – чорныя з чырвоным кантам – прыяжджалі аж з Украіны.

– Адкуль дзядзька па праўду ў сталіцу, дзе яе даўно няма? – пытаюся ў стомленага хадака.

– З Гарадзішчаў, што пад Слуцкам туляцца, – адказвае і дзівіцца, – маўляў, па-вясковаму гаворыце, на калгаснай мове. Пэўна, вартаўніком хлеб бераце, бо ўсе ж грамацеі даўно па-гарадзкому мянташаць, пад расейшчыну падлабуньваюцца...

– Які ў вас клопат, дзядзька?

– Вой, братачка. Праўды шукаю, а яна, як сабака валачашчы, зьбягае, хаваецца. Хацеў зраньня надыбаць начальніка, які вясковы пэнсійны пракорм дзеліць. Мне ж плацяць столькі, што курам на проса не хапае. Цэлы дзень хаджу, шукаю, а мяне бяруць далікатна пад рукі, вядуць вонкі.

Дзядзька доўга, са смакам апавядаў пра бясконцы шпацыр па доме казённым, дзе баб гладкіх, што курасьлепу ў полі. І кожнай дай на добрыя валёнкі, паддзёўку цёплую – у вясковых гамах яна ня пойдзе. Я спрабую сказаць, што ў гэтым дзяржаўным тлуме я і сам бездапаможны.

Дзядзька зірнуў на вераб’ёў, што ўселіся на кумпал Ільлічу, і весела прагаварыў: – Верабей гэтаксама, як і гладкія цёткі ў казённым доме: ня сее, ня жне, а зярняткі дзяўбе.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал)
XS
SM
MD
LG