Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шыіты і курды супраць слова “ісламская” ў назьве дзяржавы


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Дэпутаты парлямэнту Іраку дамовіліся працягнуць яшчэ на тыдзень тэрмін, неабходны дзеля абмеркаваньня праекту новай ірацкай канстытуцыі. Розныя падыходы да прынцыповых палажэньняў асноўнага закону краіны пакуль застаюцца непераадольнымі.

Сьпікер ірацкага парлямэнту Хаджым аль-Хасані сказаў, што ўдзельнікі дэбатаў знайшлі агульныя падыходы ў многіх пытаньнях, але канчатковай дамоўленасьці няма.

Кансэнсус дасягнуты адносна працягу тэрміну абмеркаваньня праекту канстытуцыі, але няма згоды паміж трыма асноўнымі этнічнымі грамадамі ў ключавых пытаньнях. А менавіта: якую ролю павінен адыгрываць іслам ў краіне, ці павінна быць уведзенае фэдэратыўнае ўпарадкаваньне дзяржавы і як разьмяркоўваць даходы ад прыродных рэсурсаў?

Шыіты і курды прапануюць увесьці фэдэратыўнае ўпарадкаваньне дзяржавы, прадстаўнікі сунітаў гэтаму катэгарычна пярэчаць. Іхны прадстаўнік Салех аль-Мутлак гаворыць, што гэта тая мяжа, якую яны ня могуць пераступіць, бо, зь іхнага гледзішча, гэта парушыць адзінства Іраку. Ён падкрэсьлівае, што рознагалосьсі вельмі істотныя:

(аль-Мутлак:) “Рознагалосьсі, шчыра кажучы, вельмі вялікія, і запатрабуецца моцнае нацыянальная воля ўсіх бакоў, каб дасягнуць згоды. Палітыкі павінны адмовіцца ці зьменшыць свае патрабаваньні і падумаць, чаго хочуць ірацкія людзі. А іракцы ня хочуць разьдзяленьня, ня хочуць фэдэралізму”.

Са свайго боку, шыіты і курды супраць выкарыстаньня ў назьве дзяржавы слова “ісламская”, і згодныя, каб яна называлася Рэспубліка Ірак.

Спрэчным застаецца таксама пытаньне аб разьмеркаваньні сродкаў ад продажу нафты. Мусульмане-суніты скрайне нэгатыўна ўспрынялі заклік аднаго з вядучых шыіцкіх палітыкаў стварыць аўтаномію на багатым на нафту поўдні краіны. Тым часам, міністар нафты Іраку паабяцаў, што ў новай канстытуцыі будзе забясьпечанае справядлівае разьмеркаваньне нафтавых даходаў.

Мусульмане-шыіты і курды маюць бальшыню месцаў у нацыянальнай асамблеі Іраку і тэарэтычна могуць зацьвердзіць канстытуцыю самастойна, Аднак, такі сцэнар можа прывесьці да выключэньня сунітаў з палітычнага жыцьця краіны і супрацьстаяньню зь імі ў часе рэфэрэндуму. Бо калі тэкст праекту канстытуцыі будзе ўхвалены ў парлямэнце, яго прапануюць на агульнанацыянальны рэфэрэндум у кастрычніку.

Камран аль-Карадагі, сьпікер ірацкага прэзыдэнта Джаляля Талябані, патлумачыў нашаму радыё, чаму парлямэнту дадзены дадаткова толькі адзін тыдзень на наступнае ўзгадненьне тэксту.

(аль-Карадагі:) “Праект павінен быць своечасова падрыхтаваны і надрукаваны, каб людзі прынамсі два месяцы мелі дзеля азнаямленьня зь ім. Важна, каб як мага болей людзей зь ім азнаёміліся. Тэкст будзе надрукаваны ў газэце, затым будуць наладжаныя грамадзкія абмеркаваньні, а 15 кастрычніка адбудзецца рэфэрэндум.”

Тым часам, прэзыдэнт ЗША Джордж Буш зрабіў заяву, у якой назваў працу канстытуцыйнай камісіі Іраку “гераічнымі высілкамі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG