Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка выдзеліў беларускім вучоным... тры месцы на Дошцы гонару


Міхал Стэльмак, Менск Беларуская навука атрымала права прадстаўленьня на Рэспубліканскай дошцы гонару. Указ пра гэта 16 жніўня падпісаў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка вырашыў павялічыць колькасьць месцаў на Рэспубліканскай дошцы гонару з 36 да 39. Тры новых месцы прызначаны для прадстаўнікоў арганізацыяў сфэры навукі. Гаворыць начальнік упраўленьня навукова-арганізацыйнай і інфармацыйна-аналітычнай працы Нацыянальнай акадэміі навук Мікалай Касьцюковіч:

(Касьцюковіч: ) “Указ просты. Там ёсьць спасылкі на палажэньне пра Рэспубліканскую дошку гонару. Зараз і арганізацыі сфэры навукі таксама могуць адзначацца і быць занесеныя на Рэспубліканскую дошку гонару. Яна ж даўно існуе. Каля Выстаўкі дасягненьняў”.

Нагадаю, афіцыйнае адкрыцьцё Дошкі гонару адбылося ў 2000 годзе. Яна месьціцца ў Менску на вуліцы Янкі Купалы. Як лічаць назіральнікі, гэты атрыбут камуністычнай эпохі Лукашэнка вярнуў, кіруючыся палітычнай мэтай.

Права ганараваньня, паводле штогадовых прэзыдэнцкіх указаў, атрымліваюць перадавікі так званага спаборніцтва ў сацыяльна-эканамічнай сфэры. Гэта лічыцца грамадзкім прызнаньнем і маральным заахвочаньнем іх плённай працы.

Чаму да ранейшага сьпісу цяпер вырашана далучыць і навукоўцаў, выказвае меркаваньне вядомы палітык і навуковец прафэсар Юры Хадыка:

(Хадыка: ) “Лукашэнка апошнім часам робіць ліхаманкавыя спробы падняць свой імідж у вачах розных сацыяльных слаёў нашага насельніцтва. У асяродзьдзі навукоўцаў ён карыстаецца невялікаю падтрымкай, таму гэта ёсьць спробай падкупіць нашых навукоўцаў. Але я ня думаю, што яна будзе ўдалай. Таму што навука ў нас перажывае крызыс, цяжкі крызыс, які не зводзіцца толькі да недахопу фінансаваньня, але і да недахопу аўтарытэту тых людзей, што фармальна стаяць на чале навуковых калектываў”.

У сёньняшнім указе Лукашэнка вызначыў, што ганараваць будуць перадавікоў, якія засьведчаць добрыя вынікі ў навуковай, навукова-тэхнічнай і навукова-інавацыйнай дзейнасьці. Між тым, паводле незалежных экспэртаў, гэтых якасьцяў недастаткова, каб патрапіць на Рэспубліканскую дошку гонару. Як і ў савецкі час, так і цяпер ганараваньне мае выразную ідэалягічную афарбоўку. Гаворыць адзін зь лідэраў прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксандр Бухвостаў:

(Бухвостаў: ) “Будуць прадстаўляць на дошку гонару толькі тых, хто падтрымлівае прэзыдэнта. Калі заўтра нехта патрапіць на Дошку гонару і потым высьветліцца, што там ёсьць лідэр апазыцыі альбо чалавек, які мае сваё меркаваньне, можна не сумнявацца, што пасьля гэтага будзе разбурана кар''ера тых, хто прадстаўляў на Дошку гонару”.
XS
SM
MD
LG