Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Transitions Online": варта забараніць выступ беларусаў на міжнароднай арэне


Юры Дракахруст, Прага “Сьцісканьне сьціскацеля” – пад такой назваю інтэрнэт-выданьне "Transitions Online" (www.tol.cz) аналізуе канфлікт вакол Саюзу палякаў Беларусі, стратэгіі афіцыйнага Менску, Варшавы і Эўразьвязу. Са зьместам публікацыі Вас азнаёміць наш карэспандэнт.

Для некаторых Лукашэнка – брутальная, часам нават камічная асоба, якая любіць спартовыя і ваенныя імпрэзы. Аднак апошні інцыдэнт ізноў паказаў, як спрытна беларускі прэзыдэнт можа адным каменем забіць, ці па меншай меры параніць, адразу некалькіх птушак – апазыцыю, Польшчу, Эўразьвяз – піша "Transitions Online".

Распавядаючы дэталі канфлікту, выданьне адзначае, што канфлікт пачаўся пасьля абраньня новага кіраўніцтва Саюзу палякаў гэтай вясной, паводле "Transitions Online" пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі ў 1994 годзе Саюз палякаў стаў паслухмянай арганізацыяй, якая займалася толькі польскай культурай і адукацыяй. (Гэта, дарэчы, не зусім дакладна – у гады старшыняваньня Тадэвуша Гавіна, а ён сышоў з гэтай пасады ў 2000 годзе, Саюз ня быў такім ужо паслухмяным. Нагадаем, таксама, што зараз Тадэвуш Гавін адбывае 30 сутак у турме за "несанкцыяваны" сход і бойку ў камэры, якую ён нібыта ўчыніў.)

У публікацыі адзначаецца, што ўлады ня мелі вялікіх падставаў перасьцерагацца таго, што польская мяншыня стане запалам “аранжавай” рэвалюцыі, бо большая частка беларускіх палякаў – сяляне, далёкія ад палітычных жарсьцяў і ўплыву незалежнага друку і апазыцыі. Але пасьля зьяўленьня на чале Саюзу палякаў групы сьмелых лідэраў, нясхільных да канфармізму лідэраў, улады вырашылі не рызыкаваць.

Як адзначае "Transitions Online" у гэтай кампаніі Лукашэнка ўжывае свой улюбёны прыём – зьнішчаючы нейкіх сваіх апанэнтаў, ён разьдзьмувае антызаходнюю гістэрыю, абвінавачваючы Захад у фінансаваньні беларускай апазыцыі і спробах арганізаваць “аранжавую” рэвалюцыю кшталту тых, што адбыліся ў Грузіі і Ўкраіне.

Ня маючы магчымасьці пайсьці на любы напад на Польшчу – сябра НАТО – Лукашэнка выбраў адзіны з даступных яму варыянтаў – напад на залежных ад яго палякаў, лічыць журналіст "Transitions Online".

Нарэшце, дзеяньні кіраўніка Беларусі прынесьлі яму дадатковыя ачкі ў Маскве, польска-расейскія адносіны апошнім часам таксама вельмі кепскія. Польскія палітыкі правых поглядаў наагул мяркуюць, што канфлікт паміж Беларусьсю і Польшчай інсьпіраваны Расеяй.

Часопіс "WPROST" выказвае меркаваньне, што Беларусь і Расея выкарыстоўваюць цяперашні канфлікт для праверкі рэакцыю Эўразьвязу напярэдадні ціску на балтыйскія краіны, якія Масква абвінавачвае ў дыскрымінацыі. Аднак на думку "Transitions Online" Лукашэнка ўнутры краіны разьлічвае здабыць гэтай кампаніяй значна больш, чым адно падзяку з боку Пуціна.

Далей выданьне аналізуе палітыку Эўразьвязу ў гэтым канфлікце. Калі Лукашэнка адначасна ўмацаваў сваю ўладу, адпомсьціў суседу і заваяваў сымпатыі Расеі, Эўразьвяз, як і раней, прадэманстраваў няздольнасьць узьдзейнічаць на таго, каго называюць апошнім дыктатарам Эўропы.

Першапачаткова брусэльскія чыноўнікі наагул кваліфікавалі канфлікт як двухбаковую справу з этнічнай подбіўкай. Замест гэтага – мяркуе "Transitions Online" – Эўразьвяз адразу павінен быў асудзіць ціск на Саюз палякаў, як атаку на ўвесь Зьвяз.

Эўракамісія нарэшце ўсё ж прыняла заяву, у якой асудзіла “рост палітычных рэпрэсій у Беларусі”. Аднак рэпрэсіі ў Беларусі – адзначае выданьне – павялічваліся ў Беларусі з самага прыходу Лукашэнкі да ўлады і дасягнулі непрымальнага ўзроўню задоўга да інцыдэнту з Саюзам палякаў.

"Transitions Online" адзначае, што Эўразьвяз мае патэнцыйна істотныя рычагі эканамічнага ўзьдзеяньня на Беларусь – на краіны Зьвязу прыпадае больш за траціну беларускага экспарту, але тут паўстае традыцыйная праблема – як ужыць санкцыі такім чынам, каб ад іх не пацярпелі звычайныя беларусы.

На думку выданьня, больш прымальным было б пашырэньне візавых санкцыяў адносна беларускіх урадоўцаў і распаўсюд іх на іх сем''і. Акрамя таго, магла б мець плён забарона на ўдзел беларускіх спартоўцаў у міжнародных спаборніцтвах, што ўдарыла б Лукашэнку па балючым месцы, улічваючы яго любоў да спорту.

Акрамя таго "Transitions Online" лічыць, што Эўразьвязу і Злучаным Штатам варта было паспрабаваць узьдзейнічаць на Менск праз Маскву. Аднак паводле выданьня гэтыя спробы наўрад ці будуць мець плён.
XS
SM
MD
LG