Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларускую апазыцыю трэба выслаць на вечнае пасяленьне ў адсталыя калгасы...”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Цягам некалькіх мінулых тыдняў яшчэ двох апазыцыйных лідэраў — Мікола Статкевіч і Павал Севярынец — былі пазбаўлены магчымасьці займацца палітычнай дзейнасьцю. Пра тое, як іх праводзілі й сустрэлі ў месцах адбыцьця пакараньня — на так званай “хіміі”, — мы шмат распавядалі ў сваіх праграмах. На гэта зьвярнулі ўвагу й некаторыя нашы слухачы.

“Слухаў па вашай Свабодзе, як стагнала й плакала апазыцыя, праводзячы на “хімію” Статкевіча й Севярынца, — піша ў лісьце на Свабоду Міхаіл Волкаў зь Берасьця. — Маўляў, “дыктатура”, “рэпрэсіі”, “сталінізм” і гэтак далей. Якая дыктатура? Я памятаю канец саракавых гадоў. Пры Сталіне за антыўрадавы мітынг, падобны на той, які арганізавалі Севярынец і Статкевіч у Менску, іх за 24 гадзіны арыштавалі б, асудзілі б і расстралялі б. А іх усяго толькі выслалі на вольнае пасяленьне. Ды гэта дом адпачынку ў параўнаньні зь якімі-небудзь магаданскімі лягерамі.

Няма ў Беларусі ніякай дыктатуры. А розных севярынцаў даводзіцца прыціскаць, каб іншыя не расьперазаліся. Парадку бяз гэтага не забясьпечыш. Лукашэнка робіць правільна: аднаму гарлапану — 15 сутак, другога — на “хімію”, трэцяму — такі штраф, каб на ўсё жыцьцё запомніў… Парадак трэба наводзіць цьвёрда, але перагібаць палку ня варта. Ня трэба нам расстрэлаў ды катаргі — дысцыпліну можна навесьці й значна больш мяккімі спосабамі. Людзі гэта разумеюць і ўладу падтрымліваюць. Апазыцыю ўвогуле варта было б высылаць на вечнае пасяленьне ў адсталыя калгасы: можа, так хоць сельскую гаспадарку паднялі б”.

Цікавая ідэя, спадар Волкаў. Вось толькі наўрад ці хопіць апазыцыянэраў на ўсе адсталыя беларускія калгасы. А калі сур’ёзна, — палітычны рэжым, які склаўся насёньня ў Беларусі, сапраўды адрозьніваецца ад клясычных дыктатарскіх рэжымаў. Цяжка ўявіць, каб савецкі грамадзянін пры Сталіне мог параўнальна свабодна выяжджаць за мяжу альбо выпісваць апазыцыйную газэту. Гэтак жа немагчымым падаецца існаваньне апазыцыйных партыяў альбо непадкантрольных уладзе грамадзкіх арганізацыяў пры камуністычных дыктатарах на Кубе ці ў Паўночнай Карэі.

Многія палітолягі схіляюцца да іншага вызначэньня цяперашняй сыстэмы ўлады ў Беларусі, называючы гэты рэжым аўтарытарным, у якім грамадзянскія свабоды існуюць, але ў моцна абмежаваным стане, і пры гэтым увесь час парушаюцца.

Палітычныя апанэнты ўлады, дарэчы, караюцца ня толькі так параўнальна мякка, як названыя Вамі, спадар Волкаў, Мікола Статкевіч і Павал Севярынец. Згадайма лёс Міхаіла Марыніча, Сяргея Скрабца, Валерыя Леванеўскага, якія дагэтуль застаюцца ў турме. Раней праз турмы прайшлі й дзясяткі іншых актывістаў палітычнай апазыцыі.

Наш слухач Іван Лявоненка зь вёскі Рудня Лагойскага раёну свой ліст напісаў, пачуўшы па Свабодзе ўраніцу 9-га жніўня інтэрвію з журналістам расейскага тэлеканалу ОРТ Паўлам Шараметам. Спадара Лявоненку абурылі выказваньні журналіста на адрас Зянона Пазьняка.

“Шчыра кажучы, я й сам не ў захапленьні ад Пазьняка як палітыка, — піша Іван Лявоненка. — Але тое, што ён, як ніхто іншы ў наш час, спрыяў адраджэньню беларушчыны, што ён праявіў прынцыповасьць у гэтых пытаньнях, — ад яго ніхто не адбярэ. Росквіт Бацькаўшчыны, станаўленьне беларусаў як паўнавартаснай нацыі — мэта ўсяго ягонага жыцьця. Гэта агульнавядома. І тут Шарамет па Свабодзе заяўляе, што Пазьняк разам з Лукашэнкам, нібыта, раскалоў беларускую нацыю, што абодва яны — ворагі Беларусі. Як кажуць, далей ужо няма куды.

Гэта прагучала ня толькі як абраза Пазьняка, але й як абраза ўсяго беларускага народу, у тым ліку, — і мяне. Я ведаю, ад Шарамета можна чакаць яшчэ й не такога. Але гэты злосны паклёп застаўся бэз вашага камэнтару.

Некалькі словаў наконт запрашэньня ў эфір Свабоды людзей кшталту Шарамета. Звычайна ў такіх выпадках шаноўны Валянцін Жданко тлумачыць, што Радыё Свабода імкнецца дзеля аб’ектыўнасьці падаць розныя погляды. Гэта і правільна, і зразумела. Толькі трэба ўлічваць, што вас слухае вельмі розная аўдыторыя. І ня ўсе, на жаль, здольныя самастойна разабрацца ў складаных нюансах палітыкі, даць адпаведную ацэнку таму ці іншаму выступу. У такіх выпадках камэнтар будзе ня лішні.

Прабачце за такую натацыю, аднак ж Вашы пралікі балючыя ня толькі вам, але й вашым прыхільнікам. І ніяк не спрыяюць нашай роднай Бацькаўшчыне”, — такую выснову напрыканцы лісту робіць Іван Лявоненка.

Прачытаўшы Ваш, спадар Лявоненка, допіс, я яшчэ раз паслухаў інтэрвію, якое Вас так уразіла. Гэта вялікая размова, якая доўжылася больш за пятнаццаць хвілін. Асноўныя яе тэмы — канфлікт вакол Саюзу палякаў, расейская палітыка, беларуска-расейскія дачыненьні… Імя Зянона Пазьняка згадвалася мімаходзь у адным месцы — калі журналіст выказаў думку, што (цытую) “праблема мовы выкарыстоўваецца некаторымі палітыкамі, каб раскалоць нацыю, пазбавіць яе адзінства ў дасягненьні галоўнай мэты — стварэньня ў Беларусі свабоднай дэмакратычнай эўрапейскай дзяржавы”. Пры гэтым Павал Шарамет сапраўды паставіў у адзін шэраг Зянона Пазьняка й Аляксандра Лукашэнку, непрыхільна выказаўшыся на адрас абодвух.

Увогуле, мы ставім за мэту, каб перадачы Свабоды вяліся ў спакойнай і стрыманай манеры; каб яны былі ўзорам цывілізаванай аргумэнтаванай размовы й паказвалі павагу да правоў кожнага чалавека; каб ня ўтрымлівалі выказваньняў, якія маглі б кагосьці зьняважыць; каб адпавядалі агульнапрынятым нормам этыкету й такту.

Важна, аднак, мець на ўвазе, што гэтае інтэрвію гучала ў жывым эфіры (а гэта значыць — яго немагчыма было адрэдагаваць ці імгненна зрабіць камэнтар да нейкіх, магчыма, занадта рызыкоўных і катэгарычных выказваньняў). Да таго ж, зусім не асоба Зянона Пазьняка й ня моўная праблема былі асноўнай яго тэмай.

Заўважу таксама, што й сам Зянон Пазьняк часам вельмі жорстка й не заўсёды карэктна выказваецца на адрас сваіх палітычных апанэнтаў, выклікаючы адпаведную рэакцыю на адказ. Але, зразумела, мы, журналісты, павінны сачыць, каб гэтая дыскусія заставалася ў рэчышчы прыстойнасьці. І тут Вы, спадар Лявоненка, маеце рацыю.

Па-ранейшаму прыкметную частку пошты Свабоды складаюць лісты, аўтары якіх разважаюць пра вартасьці й заганы апазыцыйных палітыкаў, якія маюць намер удзельнічаць у наступных прэзыдэнцкіх выбарах у якасьці кандыдатаў.

У аглядзе пошты 10-га жніўня прагучаў ліст Анатоля Жэрдзева з Гомелю, які выказаўся наконт камуністычнага прэтэндэнта й удзелу камуністаў у дэмакратычнай кааліцыі “Пяцёрка плюс”. Слухача, паміж іншага, бянтэжыць тое, што Партыя камуністаў не прызнае многіх нацыянальных каштоўнасьцяў беларусаў.

На гэтую тэму напісаў свой новы ліст і іншы наш сталы слухач — Ільля Копыл зь Менску. Спадар Копыл нядаўна ўдзельнічаў у раённым сходзе, на якім вылучалі дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў, што мае адбыцца сёлета ўвосень. І вось што ён убачыў на тым сходзе.

“Якімі ж былі мае зьдзіўленьне, расчараваньне й абурэньне, калі, прыйшоўшы ў прызначаны час у сядзібу БНФ, я ўбачыў там зборышча камуністаў. На стале — стос далёкай ад дэмакратыі камуністычнай газэты “Товарищ”. Па-гаспадарску трымаўся кіраўнік ПКБ Сяргей Калякін, які прагне рэстаўрацыі антычалавечага камуністычнага рэжыму.

На сходзе былі й паважаныя мной Анатоль Лябедзька ды Вінцук Вячорка. Якая партыя найбольш дысцыплінаваная — няцяжка здагадацца. Камуністычная. Калі ім патрэбны галасы, яны, узяўшы пад рукі, прывядуць на сход нават нямоглых і хворых. Прынясуць на насілках, каб прасунуць свайго. Так здарылася й на гэтым сходзе: дэлегатам на Кангрэс абралі камуніста.

Ёсьць небясьпека, што ў выніку Кангрэс дэмсілаў будзе чырвона-карычневым, і адзіным кандыдатам абяруць Калякіна. Мне незразумелая пазыцыя Лябедзькі, Вячоркі, іншых дэмакратычных кіраўнікоў. Што іх штурхае зноў наступаць на граблі 17-га году? Чаму яны так узмоцнена “раскручваюць” ПКБ і Калякіна?

Як так можна: спачатку патрабаваць Нюрнбэрскага суду над кампартыяй і ейнай ідэалёгіяй, а праз кароткі тэрмін — пайсьці на хаўрус з гэтай партыяй? Ствараюцца спрыяльныя ўмовы для ўсталяваньня ў Беларусі камуністычнага рэжыму на чарговыя 75 гадоў. Можа, і мае Зянон Пазьняк рацыю, калі заяўляе, што гэтая апазыцыя — падстаўная?”, —

– такімі сумневамі падзяліўся з намі Ільля Копыл.

Ён таксама паведаміў, што многія з гэтых думак на тым сходзе адкрыта выказаў у твар лідэру камуністаў Сяргею Калякіну.

Думаю, спадар Копыл, Вы й сам здагадваецеся, чаму стаў магчымы гэты саюз паміж дэмакратычнымі партыямі й Партыяй камуністаў пад кіраўніцтвам Сяргея Калякіна. На сёньняшні дзень усе яны — у апазыцыі да ўлады, у іх адзін і той жа галоўны палітычны апанэнт, падобныя погляды на патрэбу зьмены ўлады. Відавочна, таму й стаў рэальнасьцю гэты дзіўны хаўрус паміж ідэйна супрацьлеглымі й нават варожымі сіламі. Ён часовы, няўстойлівы, і наўрад ці праіснуе доўга.

Іншая справа, ці быў ён патрэбен дэмакратычнай кааліцыі? Так, яна спадзявалася з дапамогай камуністаў далучыць да сябе значную грамадзкую сілу. Але ці стаіць такая сіла за сёньняшняй Партыяй камуністаў? І ці варта было дзеля гэтага рызыкаваць сваім добрым імем? Гэтыя пытаньні застаюцца.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду й нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG