Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выклікаць “хуткую дапамогу” змогуць ня ўсе?


Галіна Абакунчык, Менск Міністэрства аховы здароўя рыхтуе пастанову аб правілах аказаньня мэдычнай дапамогі. Сярод іншага пялнуецца абмежаваць вольны выклік “хуткай дапамогі”. Акрамя таго, да 2007 году фэльдчэрска-акушэрскія пункты ў вёсках будуць пераведзены ў амбуляторыі агульнага лекаваньня. Аднак, паводле адмыслоўцаў, гэта ня вырашыць праблемы мэдычнай дапамогі вяскоўцам.

Ужо сёньня ў некаторых раёнах Беларусі мясцовыя ўлады замацавалі практыку выклікаць “хуткую дапамогу” з райцэнтру толькі паводле распараджэньня лекара вясковага ФАПу. Як у новым дакумэнце будзе ўлічаны факт адсутнасьці амбуляторыяў у мностве вёсак, кіраўнік управы Міністэрства Аляксандар Цыбін не паведаміў Але ідэю абмежаваньня свабоднага выкліку “хуткай дапамогі” падтрымлівае.

(Цыбін: ) “Я павінен сказаць, што гэта ўсясьветная практыка. У Швэцыі мэдычную кансультацыю даюць па тэлефоне. Мы цяпер рыхтуем пастанову Міністэрства аховы здароўя, якая рэглямэнтуе, у якіх выпадках патрэбна мэдычная дапамога. Гэта няшчасныя выпадкі, траўмы, роды. Пагадзіцеся: калі здараюцца аўтакатастрофы, а ў гэты час “скорая” паехала некаму тэмпэратуру памерыць, — тое супэрэгаістычна. Гэта дастаткова даліктнае пытаньне, бо адмовіць у дапамозе ніхто ня мае права. Але суаднесьці сытуацыю патрэбна”.

Паводле спадара Цыбіна, цяпер Міністэрства аховы здароўя працуе над забесьпячэньнем лекавымі ўстановамі тэрыторыі аграгарадкоў. Да таго ж, усе вясковыя ФАПы рэфармуюцца ў мэдычныя ўстановы агульнай лекавай практыкі.

Сярод іншых гэты статус мае былы ўчастковы шпіталь у вёсцы Рэчань Любанскага раёну. У амбуляторыю ён быў перапрафіляваны ў выніку мінулагодняй рэформы. Аднак праблем мэдычнай дапамогі вяскоўцам гэтая ўстанова не вырашае — кажа лекар Ала Мікуліч.

(Мікуліч: ) “Населеныя пункты ад нас вельмі далёка знаходзяцца, за 15 кілямэтраў. Старым кепска дабірацца: раней яны заставаліся лекавацца ў стацыянары, а цяпер мусяць штодня прыяжджаць на дзённае лекаваньне, а ўвечары вяртацца. Дык яны нават кажуць, што, маўляў, зрабілі шпіталь для багатых: хто мае машыну, той сваіх бацькоў давязе, а хто не, — няхай дабіраецца, як хоча. Калі б яшчэ бэнзыну было дастаткова, дык мы выяжджалі б да іх дадому. А пакуль гэтак ня часта адбываецца. І калі ўжо едзем, то бяром у гэтыя аддаленыя пасёлкі абсалютна ўсё: і аптэку, і з сацзабесьпячэньня чалавек едзе. Гэтым разам і цырульніка бралі — ну, абсалютна ўсё”.

У выніку так званай рэформы цягам апошніх гадоў у Беларусі зачынены дзясяткі вясковых амбуляторыяў і ўчастковых шпіталяў. Чарговая рэформа мэдычнай галіны ў вёсцы — наступны крок Міністэрства ў гэтым кірунку — канстатуе колішні старшыня прафсаюзу аграпрамысловага комплексу Аляксандар Ярашук.

(Ярашук: ) “Непрыемныя навіны, што зачынены ФАП ці шпіталь зьбіраюцца скасаваць, даводзілася чуць неаднойчы. А на вёсцы цяпер пераважная бальшыня пэнсіянэраў пражывае, якім мэдычная дапамога патрэбна побач і штодня. І, канечне ж, гэтая практыка не вытрымлівае аніякай крытыкі. Я лічу, што гэта ня правільны выбар стратэгіі. Вызначылі паўтары тысячы населеных пунктаў, назвалі іх аграгарадкамі, каб паказаць колькі ў нас “пацёмкінскіх” вёсак адбудавана”.

Як паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя, у беларускіх мэдыкаў неўзабаве зьявіцца новая эмблема: месца чырвонага крыжа й чырвонага паўмесяца зойме абвіты зьмяёй посах. Зьмяніць сымболіку Міністэрства аховы здароўя змушана ў адпаведнасьці зь міжнароднымі Патрабаваньнямі: Чырвоны Крыж і Чырвоны Паўмесяц — зарэгістраваны знак Міжнароднай арганізацыі Чырвонага Крыжа й Чырвонага Паўмесяца. Доўгі час беларускае мэдычнае ведамства адмаўлялася гэта рабіць, але ўрэшце саступіла патрабаваньням міжнародных структураў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG